Пік актыўнасці добраахвотнікаў ад БРСМ выпадае на выхадныя. Зранку моладзь спяшаецца на восеньскія кірмашы, каб дапамагчы старым і нямоглым данесці цяжкія сумкі да дому. Ёсць і іншыя адрасы, па якіх патрэбна прыбрацца на тэрыторыі каля дамоў, накалоць дроў, памыць вокны. Чакаюць жаданых гасцей таксама ў хоспісах і пансіянатах. Такія цёплыя моманты на доўгі час застаюцца ў памяці тых, хто скарыстаўся дапамогай, грэюць ім душу.
«Не разавая акцыя, а прамы абавязак»
У Дрыбіне ў мінулую суботу валанцёры БРСМ прыйшлі па заяўцы да пенсіянеркі Людмілы ЛУКАШЭНКА. Жанчына прызналася, што не чакала такога аператыўнага рэагавання.
— Чула па тэлебачанні, што праводзіцца такая акцыя, а цяпер і асабіста ведаю, як гэта працуе. Вельмі патрэбная і высакародная справа. У мяне, дзякуй богу, ёсць два сыны, адзін жыве ў Мінску, другі — у Магілёве. Пра мяне яны не забываюцца, дапамагаюць.
А што казаць пра зусім адзінокіх людзей? Для іх такі клопат на вагу золата.
Валанцёры прыбралі тэрыторыю каля дома Людмілы Іванаўны, добраўпарадкавалі клумбу.
— Усё, аб чым папрасіла жанчына, мы зрабілі, і яна была нам вельмі ўдзячная, — гаворыць валанцёр руху «Добрае Сэрца», вучань 11 класа Дзмітрый ЧАРНАМАЗ. — Для нас акцыя «Дабро старэйшым» — гэта не нешта там разавае, гэта традыцыя, наш прамы абавязак. Тое, што цяжка зрабіць старому, для маладога чалавека зусім не праблема.
— Па сутнасці, заказаў паступае не шмат, і яны вельмі падобныя, — удакладняе першы сакратар райкама БРСМ Наталля САРОКІНА. — У асноўным гэта восеньскія клопаты. Праполвалі траву, наводзілі парадак на кветніках, прыбіралі пажоўклае лісце. Ну і, вядома, заўсёды гатовыя паднесці з рынку цяжкія сумкі з садавіной-агароднінай.
Крэатыўны падыход
Хоцімскія валанцёры руху «Добрае Сэрца» наогул падышлі да справы крэатыўна. Прайшліся па вуліцах Камсамольская і Садовая гарадскога пасёлка і паглядзелі, каму патрэбная іх дапамога.
— Наш Хоцімск невялікі, практычна ўсе адно аднаго ведаюць, — кажа педагог-арганізатар СШ № 2 Вольга МАЛУНОВА. — Да некаторых ужо знаёмых нам пенсіянераў заходзілі наўпрост, а ў тых, каго сустракалі на вуліцы, пыталіся, чым можам дапамагчы. Атрад наш мабільны — 12 чалавек з вучняў 8–11 класаў. Усе яны неабыякавыя, рабіць дабро — гэта іх стыль жыцця.
Для добрых спраў няма розніцы, якая пара года. Валанцёры ўжо рыхтуюць канцэрт для выхаванцаў Хоцімскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў аграгарадку Бяседавічы. Там яны ўжо як свае. А хутка пачнецца збор канцтавараў і іншых падарункаў у рамках акцыі «Цуды на Каляды». Жыхары райцэнтра ахвотна ўдзельнічаюць у гэтым дабрачынным праекце. Частку падарункаў валанцёры раздаюць хоцімскім шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям, а астатняе перадаюць далей праз райкам БРСМ.
Ланцужок добрых спраў
У Клімавіцкім раёне пры БРСМ створаны 12 валанцёрскіх атрадаў, у якіх налічваецца звыш 120 прадстаўнікоў устаноў адукацыі — школ і аграрнага каледжа. Яны не толькі выконваюць розныя работы, але і знаходзяць час для душэўных размоў.
Як адзначыла старшыня Клімавіцкага райкама БРСМ Наталля СУДЗІЛОЎСКАЯ, дапамога старэйшаму пакаленню — адзін з ключавых кірункаў дзейнасці валанцёрскага руху.
— Наша моладзь не проста наведвае адзінокіх пажылых людзей па святах і падчас розных акцый, а бярэ над імі пастаяннае шэфства. Дапамагае вырашаць бытавыя пытанні, з якімі пенсіянерам цяжка справіцца самастойна. Сёння асабліва запатрабавана такая падтрымка. Валанцёры дапамагаюць скласці дровы, даставіць садавіну і агародніну з кірмашоў, купіць лекі, сабраць уласны ўраджай. Займаемся таксама добраўпарадкаваннем тэрыторый каля дамоў перад зімой. Спраў дастаткова.
Так, напярэдадні ў райкам БРСМ звярнулася жыхарка аграгарадка Лобжа Тамара ГЕРШАНАВА. Яна прасіла дапамагчы перанесці дровы. Да яе прыехалі валанцёры — навучэнцы Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Яны хутка справіліся з гэтай задачай.
— У кастрычніку рабяты дапамагалі многім пенсіянерам сабраць яблыкі ў садзе. Мы стараемся аператыўна аказваць дапамогу. Радуе, што моладзь нашага раёна з вялікім жаданнем памнажае ланцужок добрых спраў — старшакласнікі перадаюць эстафету малодшым, і гэта добры паказчык таго, што пажылым людзям будзе на каго абаперціся, — лічыць Наталля Судзілоўская.
Трэцякурснік Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Максім КАВАЛЁЎ з задавальненнем працягнуў ланцужок добрых спраў сваіх аднагодкаў. Ён не першы год займаецца валанцёрствам, з энтузіязмам прыходзіць на дапамогу пажылым людзям, удзельнічае ў розных добраахвотных акцыях. Максім атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-механіка і прызнаецца, што валанцёрская дзейнасць не перашкаджае вучобе, а наадварот, стала для яго спосабам жыцця, які вучыць адказнасці, уменню спачуваць, быць добрым.
— Для мяне гонар быць часткай каманды аднадумцаў-валанцёраў, вучыцца ў людзей з рознымі гісторыямі. Цяжкай працы не баюся. Рабіць умею ўсё. Вось, нядаўна складвалі дровы з сябрамі. Мне прыемна дапамагчы, убачыць, як радуюцца пенсіянеры, калі справа зроблена. А яшчэ я заўважыў, што пажылым людзям часта патрэбна не толькі фізічная дапамога, але і проста ўвага. Яны з задавальненнем і паразмаўляюць з намі, і параду дадуць. Пасля такіх сустрэч вяртаешся ўзнёслым, бо калі бачыш удзячнасць у вачах, разумееш: усё было недарма. І хочацца дапамагаць зноў і зноў.
У тэму
У пашыраным фармаце
Акцыя «Дабро старэйшым», якая цяпер праводзіцца ў рамках марафону «ДАБРО.БЕЛ», аб’яднала больш за 300 валанцёраў з усёй Магілёўскай вобласці.
— Яна пашырыла фармат дапамогі, — гаворыць першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Алег БОЙКА. — Валанцёры арганізуюць для пажылых грамадзян творчыя майстар-класы, канцэрты і святочныя сустрэчы, дастаўляюць прадукты і лекі тым, хто не можа выйсці з дому. Нашы актывісты падтрымліваюць тых, хто сёння знаходзіцца ў хоспісах і дамах састарэлых. Яны атуляюць іх клопатам, дораць паштоўкі, сувеніры. Добраахвотнікі руху «Добрае Сэрца» аказваюць адрасную падтрымку адзінокім грамадзянам: колюць дровы, наводзяць парадак у кватэрах, расчышчаюць тэрыторыі каля дамоў. А падчас сельскагаспадарчых кірмашоў дапамагаюць пажылым людзям, ветэранам і інвалідам данесці цяжкія сумкі з агароднінай да прыпынку, загрузіць іх у машыны.
Нагадваем, заяўкі на дапамогу прымаюцца на адзіную гарачую лінію па тэлефоне 8 (017) 311-89-89 па буднях з 14.00 да 18.00. Тэлефануйце — і да вас абавязкова прыйдуць!
Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна ПАДЛІПСКАЯ
Фота з архіваў суразмоўнікаў