Top.Mail.Ru

Пацікавіліся, як маладыя спецыялісты адчуваюць сябе на першым працоўным месцы

«Працаваць у вёсцы — прэстыжна»

Усе мае суразмоўнікі — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Яны вучыліся на розных факультэтах і трапілі ў асобныя гаспадаркі. Але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да вёскі і працы на роднай зямлі. Кожны з іх з задавальненнем падзяліўся сваімі першымі ўражаннямі аб працоўнай дзейнасці. Знаёмцеся...

«На работу іду з задавальненнем»

Па спецыяльнасці Анжаліка ЛЕТКІМАН — зоаінжынер, скончыла факультэт біятэхналогій і аквакультуры. На адпрацоўку адправілася ў Магілёўскую дзяржплемгаспадарку.

А родам яна з Брэстчыны — са знакамітай па этнаграфічным музеі і цэнтры драўлянай скульптуры вёскі Цераблічы Столінскага раёна.

— Я з дзяцінства цягнулася да жывёл, — кажа дзяўчына. — У бацькоў быў конік, козы, мне было цікава праводзіць з імі час. Заўсёды хацела гэтым займацца. Працую меней за месяц, але на работу іду з задавальненнем. Прыходжу і заўсёды радуюся, што яна ў мяне такая класная!


За два месяцы да размеркавання студэнтаў у акадэмію прыехалі прадстаўнікі Магілёўскай дзяржплемгаспадаркі, і Анжаліка вырашыла пачынаць свой працоўны шлях менавіта ў ёй. Прызнаецца, што калектыў ужо ведала, бо была там на пераддыпломнай практыцы. Працы яна не баіцца. У бацькоў былі вялікі агарод, жывёла, дзяўчына прывыкла дапамагаць ім.

Да выканання сваіх абавязкаў Анжаліка прыступіла за тыдзень да неабходнага тэрміну — вельмі хацелася паспрабаваць сябе ў справе.

— Калектыў добры, — адзначае яна. — Калі нешта не ведаю, дапамагаюць. Падказваюць, як зрабіць лепш.

Работы хапае, на абслугоўванні ў заатэхніка — болей за 1200 коз, але дзяўчына загадзя пра гэта ведала, і маштабы яе не спужалі. У першы дзень азнаёмілася з базай, дзе ёсць падрабязная інфармацыя пра кожную жывёлу.

Племгаспадарка паклапацілася, каб маладая спецыялістка атрымала ўсе неабходныя выплаты, і кампенсуе плату за здымнае жыллё ў памеры 15 базавых велічынь.

Па законе Анжаліка павінна адпрацаваць у гэтай гаспадарцы два гады, але ёй падабаецца такая работа, і ў перспектыве кудысьці сыходзіць яна пакуль не плануе:

— Козачкі ўсе чысценькія, ручныя, за тры тыдні паспелі прывыкнуць да майго голасу, бягуць насустрач.

У вольны час дзяўчына наведвае конна-спартыўную школу, бо любоў да коней — у яе ў крыві. Дарэчы, у Магілёўскі раён яна размеркавалася разам са сваім маладым чалавекам, які таксама скончыў БДСГА. Ён — інжынер-механік, і яго рукі спатрэбіліся ў Задняпроўскім міжрайаграсэрвісе, дзе рэанімуюць сельгастэхніку.

«З дзяцінства марыў аб гэтым»

ААТ «Магілёўскі лянок», куды размеркаваўся выпускнік эканамічнага факультэта БДСГА Станіслаў КУРАСЕВІЧ, — адна з моцных гаспадарак Магілёўскага раёна. Малады спецыяліст прыехаў на адпрацоўку па мэтавым дагаворы і прызнаецца, што з дзяцінства марыў працаваць там, дзе і яго бацькі. Родам ён з вёскі Грыбаны, тут жа знаходзіцца адміністрацыйны будынак гаспадаркі. Сюды хлопец і прыйшоў працаваць эканамістам:

— Гэта вёска, дзе прайшло маё дзяцінства, гаспадарка, дзе я яшчэ падчас школьных канікулаў падпрацоўваў і на таку, і памочнікам камбайнера. Эканамічную спецыяльнасць таксама асэнсавана выбраў, бо мне падабаецца працаваць з лічбамі — з матэматыкай праблем ніколі не было.


Гаспадарка прываблівае маладых спецыялістаў, яны ахвотна ідуць сюды працаваць. Акрамя Станіслава ў яе размеркавалася яшчэ некалькі выпускнікоў сельгасакадэміі, у тым ліку дзяўчына з гэтай жа мясцовасці.

— Мы яшчэ ў школе разам вучыліся ў профільным класе, — удакладняе ён. — Нас яшчэ тады вазілі ў акадэмію на экскурсію.

Гаспадарка клапоціцца пра маладых спецыялістаў. На рабоце ў Станіслава ёсць настаўнік у асобе галоўнага эканаміста. Ён жа быў яго кіраўніком па практыцы. У эканамічным аддзеле працуюць чатыры чалавекі, маладому спецыялісту даверылі адну з адказных місій — займацца налічэннем зарплаты. І на сваю ён не скардзіцца. Прызнаецца, што толькі даплата, якую атрымлівае, складае каля 300 рублёў. А хутка выплацяць пад’ёмныя ў памеры акладу.

А яшчэ Станіслаў — уладальнік ключоў ад новай арэнднай аднапакаёўкі ў аграгарадку Палыкавічы. Таксама ад гаспадаркі. Дарэчы, яна ж узяла на сябе выдаткі за арэнду. Ад Палыкавіч да працоўнага месца арганізаваны падвоз, але Станіслаў дабіраецца на сваёй машыне. На яе ён зарабіў яшчэ падчас вучобы ў акадэміі — падпрацоўваў па вечарах у начной краме.

— Беларусь — сельскагаспадарчая краіна, таму працаваць у гэтай галіне прэстыжна, — сцвярджае малады чалавек. — Тым больш як цяпер тут усё менш ручной працы, многія працэсы аўтаматызуюцца. І, што самае галоўнае, зарплаты растуць.

«Адчуваю сябе на сваёй хвалі»

Выпускнік мехфака Андрэй ІСАЧАНКА з 5 жніўня працуе ў клічаўскім УКСП «Саўгас «Дабраволец» інжынерам-механікам. Вопыт яго работы невялікі, але хлопец паспеў адчуць імклівы рытм, якім сёння жыве гаспадарка. Жніво ў разгары — трэба сачыць, каб тэхніка не падводзіла, своечасова і аператыўна ліквідаваць паломкі. І Андрэй адчувае сябе на сваёй хвалі, бо не прывык сядзець склаўшы рукі, а машыны — гэта наогул яго стыхія.

Прызнаецца, што выбраў сельскую спецыяльнасць таму, што сам з вёскі, яго малая радзіма — Падсолтава Мсціслаўскага раёна. А ў Клічаўскі раён трапіў не выпадкова.


— Параіў дэкан факультэта Уладзімір Гусараў, і я задаволены гэтым выбарам, — гаворыць ён.

Андрэй зрабіў сабе імя яшчэ падчас вучобы ў акадэміі. З тэхнікай ён на «ты», таму яго адпраўлялі на прэстыжныя спаборніцтвы па профілі, і ён заўсёды займаў прызавыя месцы. Летась на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Лепшы араты» заняў трэцяе месца, а на злёце ў Краснаярску — другое сярод такіх, як ён, спецыялістаў з Беларусі і Расіі.

— Трэба было рэгуляваць плугі, умець працаваць з тэхнікай, — тлумачыць ён спецыфіку спаборніцтваў.

Андрэй цалкам уцягнуты ў работу — рамантуе транспарт, дастаўляе запчасткі, па камп’ютары назірае за навігацыяй тых жа камбайнаў і МАЗаў, каб дыстанцыйна бачыць, ці не патрэбная ім дапамога.

Малады спецыяліст задаволены, што яму так пашчасціла з работай:

— Калектыў добры, з усімі адразу знайшоў агульную мову. Далі кватэру, выплацілі пад’ёмныя. Ёсць транспарт для інжынернай службы: калі ў полі нехта зламаўся, саджуся за руль і імчуся на дапамогу.

Цікаўлюся, наколькі цяжкая ў яго работа? Андрэй прызнаецца, што калі ёсць жаданне працаваць, то ніякія цяжкасці не здольныя напужаць.

— У горад нават не хочацца, — дадае ён. — Тут добра, спакойна, прыгожа — усё задавальняе. Ёсць вялікае возера, дзе ў вольны час можна і парыбачыць. Чаго яшчэ можна жадаць?!.

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю