З абласных «Дажынак» у Шклове сям'я Саўкіных вярталася дамоў у родную вёску Галынец з папаўненнем. Ад гаспадаркі «Усход» і Раманавіцкай птушкафабрыкі ім уручылі парася і куранятак. Карэспандэнт «Звязды» наведаў Саўкіных па месцы жыхарства і дае справаздачу: кураняты і парсючок прыжыліся і ахінутыя клопатам.
Як і астатняя немалая гаспадарка гэтай дружнай шматдзетнай сям'і. Можна толькі здзіўляцца, адкуль на ўсё сілы бяруцца?
«У вялікай сям’і карова павінна быць абавязкова»
— У мяне тады выхадны быў, вырашылі паехаць на «Дажынкі» — мы такія святы вельмі любім, — усміхаецца маці чатырох дзяцей Алеся Саўкіна. — А тут яшчэ з Магілёўскага райвыканкама патэлефанавалі і заінтрыгавалі: прыязджайце, сюрпрыз будзе. Гэта яны на ўвазе мелі парася і куранят. Мы ж тады нават і не здагадваліся, які нас чакае падарунак.
На падворку сям’і Саўкіных каго толькі няма — і карова, і свінні, і куры. Плюс пяць сабак і не менш катоў. Некаторыя дзеці спецыяльна прыходзяць паглядзець на гэты «заапарк». Нават сабакі прывыклі, не брэшуць на іх. Хаця пароды вельмі сур’ёзныя — маскоўская старажавая, некалькі паляўнічых, з якімі гаспадар ходзіць на качак, два дварнякі. Ну а мурлыкі — гэта самы лепшы антыстрэс, плюс — упрыгожванне двара.
Асаблівы гонар гаспадыні — птушнік, якіх толькі там курэй няма. Самыя незвычайныя з чорнымі лапамі — прадстаўнікі пароды ухейілюй, нясуць яйкі блакітна-зялёнага колеру. А для некаторых прадстаўнікоў моладзі і карова ўжо экзотыка. Алеся ж лічыць, што ў вялікай сям’і кароўка павінна быць абавязкова. Успамінае, што гадоў пяць таму яны з мужам купілі ў суседняй вёсцы белую прыгажуню. На жаль, яна захварэла і яе не змаглі захаваць. Але яна паспела пакінуць пасля сябе такую ж бялюткую цялушку — Белку. Сёння каля Белкі падрастае і яе маленькая дачка. У Саўкіных жывуць яшчэ і два лычыкі з казачнымі мянушкамі — Ніф-Ніф і Нуф-Наф. Нуф-Наф той самы сюрпрыз з «Дажынак».

Любоў да вясковай працы ў сужэнцаў спадчынная — спачатку бацькі займаліся, потым перадалі эстафету дзецям.
— Я самая старэйшая ў сям’і, нас, дзяцей, наогул пяцёра, — кажа Алеся. — Абзавесціся гаспадаркай вырашылі з мужам, калі я ўжо сына нарадзіла і за дачкой схадзіла. Пачалі з куранят, а потым дараслі і да кароўкі. Вельмі хацелася, каб у дзяцей было свойскае малако.
Разам і працуем, і адпачываем
У бацькоў Алесі ў Галынцы вялікі хлеў, і для жыўнасці хапае месца. Сем’і якраз жывуць па суседстве, гаспадарчыя пабудовы наогул агульныя. Муж Сяргей глядзіць за тым, каб гэтая важная нерухомасць спраўна функцыянавала, рамантуе, калі трэба. «Без працавітых мужчынскіх рук у вёсцы не пражыць», — з павагай кажа пра сужэнца Алеся. Сяргей добра разбіраецца і ў тэхніцы, працуе ў прыватнай фірме па рамонце трактароў. І ўласны трактар ёсць, з дапамогай якога апрацоўваецца добры кавалак зямлі. На ўчастку і бульба расце, і збожжа — на корм жывёле.
— У нас нават свой млын ёсць — электрычны, праўда, муку на ім мелем, — удакладняе Алеся. — А муж яшчэ памятае, як у дзяцінстве ў бабулі малоў ураджай жорнамі.
Вядома, гаспадарка патрабуе ўвагі. Летам шматдзетная маці пачынае шчыраваць з пяці раніцы. Трэба да работы жывёлу накарміць, сямейнікам сняданак прыгатаваць. Алеся працуе загадчыцай клуба, і дзеці любяць потым прыбягаць да яе на работу. Зручна атрымліваецца, увесь час побач. Да таго ж да народнай спадчыны прылучаюцца. Старэйшыя Сафія і Ульяна могуць і спяваць, і танцаваць.
— Дзеці ў мяне на вачах, разам шмат часу праводзім, — прызнаецца суразмоўніца. — Бульбу саджаем, сена варочаем, праполваем градкі. А ў вольны час на рыбалку ў Чэчавічы ездзім. Рыбачым і купаемся.
Мае дзеці — маё багацце
Старэйшы сын Мікалай таксама працуе ў сферы сельскай гаспадаркі — ён ужо скончыў Магілёўскі агралесатэхнічны каледж у Буйнічах і па размеркаванні выкладае ў Жыліцкім сельскагаспадарчым каледжы, вучыць моладзь працаваць на трактары. Ужо і сям’ю паспеў стварыць.
— Распісаліся месяц таму, — расказвае Алеся. — Дзяўчына добрая, таксама са шматдзетнай сям’і, бацькі ў вёсцы нашай жывуць. Дзеці сябравалі, а потым нечакана запрасілі нас у ЗАГС. Не захацелі вялікага вяселля. Сказалі, што зараз так нямодна. Новыя павевы.
Нявесце можна пазайздросціць. Раней Мікалай быў правай рукой маці — і кашы варыў, і сясцёр карміў, і карову, калі маці затрымлівалася, даіў.

А ў бацькоўскай хаце цяпер за памочніц дзве дачкі засталіся — Сафія і Ульяна. Уладзіслава яшчэ маленькая, ёй усяго 2,5 гадкі, нядаўна ў садок пайшла. Прызнаецца, што падабаецца, і выхавальніца яе лепшая сяброўка.
Ульяна — пяцікласніца, займаецца танцамі, спявае, выступае на мерапрыемствах у складзе дзіцячага калектыву. Дзяўчынка вельмі таленавітая, мае шмат узнагарод. «У лагер „Каласок“ як паедзе, прывозіць цэлы стос дыпломаў», — кажа маці.
Старшая Сафія ходзіць у 9 клас, паралельна наведвае секцыю ў ДТСААФ, дзе вучыцца кіраваць дронамі. А яшчэ яна член ваенна-патрыятычнага клуба «Абаронца».
Уклад у «Дажынкі»
Пры сельскім клубе працуе аматарскі калектыў «Сяброўкі», дзе спяваюць жанчыны ад 50 да 80 гадоў. Пад кіраўніцтвам сястры Алесі Саўкінай — Веранікі Дзмітрыевай, пявунні падчас пасяўной і ўборачнай хлебаробам настрой падымаюць. Такі вось сямейны ўнёсак у каравай Магілёўскага раёна.
— На зажынкі муж выводзіць з гаража свой трактар, і мы весела абрад праводзім, натхняем нашых працаўнікоў, — усміхаецца суразмоўніца.
За неабыякавасць, за адданасць працы на зямлі Саўкіных і заахвоціў родны раён жывымі падарункамі на «Дажынках». Дывідэнды ад дзяржавы як шматдзетным таксама ёсць — кватэра ў аграгарадку Усход за нараджэнне трох дзяцей. Для шматдзетнай сям’і гэта вялікая дапамога.
Некаторыя лічаць, што, каб выхоўваць некалькі дзяцей, павінна быць шмат грошай. А вось сужэнцы лічаць, што дзеці і ёсць багацце. «Не ведаю, як я б жыла без кагосьці з іх, ад усіх сваіх крывіначак я ў захапленні, — кажа Алеся. — Гэта адно цэлае, адно вялікае сэрца. Не маю ўяўлення, што рабіла б, калі было б адно дзіця. Эгаістам, напэўна, вырасла б. Калі дзяцей шмат, яны вучацца клапаціцца пра іншых».
Сельскае жыццё прывучае любіць сваю зямлю. Алеся 15 гадоў працавала ў горадзе бухгалтарам, а затым разам з мужам і першынцам пераехала на радзіму бацькоў і звязала сваю работу з творчасцю — вывучылася на рэжысёра народных свят. Ёй вельмі падабаецца тое, чым яна займаецца, бо гэта звязана з традыцыямі продкаў, вясковай працай, радавымі каранямі.

— Нават калі жылі ў горадзе, увесь час ездзілі ў вёску, — усміхаецца Алеся. — Спачатку пабудавалі альтанку, а затым дом плошчай 80 квадратаў. Сказалі сабе: хопіць па здымных хатах качаваць.
Бацькам падабаецца і тое, што іх дзеці наведваюць нядзельную школу пры тутэйшым храме.
— Там вучаць паважаць тату і маці, расказваюць, як іх любіць, як звяртацца, — кажа суразмоўніца. — Гэта асновы маральнага выхавання, пра якія зараз многія забыліся. Мы, дарослыя, нават не заўсёды ведаем, як сябе ў храме паводзіць, куды свечку паставіць. А дочкі мне падказваюць.
Наперадзе шмат навагодніх свят, плюс дзень народзінаў Ульяны, якая з’явілася на свет якраз на праваслаўныя Каляды.
— Новы год, Каляды, Вялікдзень — нашы любімыя святы, — прызнаецца Алеся. — Сем’ямі збіраемся ў бацькоўскай хаце, самай блізкай радні ў нас чалавек 25 — усе свае, родныя.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва сям’і Саўкіных