На ўдзел у гэтым найбуйнейшым сельскагаспадарчым форуме падалі заяўкі больш за 570 экспанентаў з 12 краін свету. Цікавасць да аграпрамысловага сектара Беларусі расце з кожным годам, і аб гэтым кажа той факт, што летась удзел у тыдні бралі 545 кампаній. Істотна выраслі і яе фізічныя маштабы. Агульная экспазіцыйная плошча выстаўкі сёння — 42,6 тысячы квадратных метраў, на 4 тысячы квадратных метраў больш, чым у 2025-м.
Несумненна, цікавасць для ўдзельнікаў і наведвальнікаў форуму прадстаўляюць як закрытая, так і адкрытая пляцоўкі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі расказалі, што пад дахам харчовую прадукцыю і навінкі вытворчасці прадэманструюць вядучыя перапрацоўчыя прадпрыемствы з усіх рэгіёнаў краіны. На адкрытых плошчах прэзентуюць патэнцыял сельскагаспадарчай галіны, уключаючы буйное машынабудаванне і цяплічную гаспадарку. Шырока прадстаўлена тэхніка для ўнясення ўгнаенняў і абароны раслін, уборкі збожжавых і нарыхтоўкі кармоў, машыны для меліярацыйных работ, вырошчвання і ўборкі бульбы, цукровых буракоў і іншай агародніны.
Аднак спецыялісты АПК і наведвальнікі выстаўкі змогуць ацаніць тэхніку беларускіх вытворцаў не толькі ў статычным стане, але і ў дынаміцы: на спецыяльна выдзеленым полі яна прадэманструе свае магчымасці па працы ў розных кліматычных, рэльефных і геаграфічных умовах.
Насычаная праграма чакаецца і ў галіне дзелавых адносін. У рамках аграпрамысловага тыдня пройдзе Міжнародны форум «АграШАС. Стратэгія росту». Упершыню, сёння і заўтра, пройдзе прафесійны форум для спецыялістаў рознічнага гандлю «Дні рытэйлу ў Мінску».
Выстаўка «Белагра-2026» будзе цікавая не толькі спецыялістам, але і звычайным наведвальнікам. Напрыклад, падчас спецыялізаванай экспазіцыі «Белферма» можна будзе пазнаёміцца з выстаўкай племянных жывёл. Надаваць настрой людзям будуць выступленні вядучых творчых калектываў Беларусі, якія працягнуцца падчас усіх дзён правядзення форуму.
Афіцыйна Беларускі аграпрамысловы тыдзень адкрыецца сёння ў 12.00. Ва ўрачыстым мерапрыемстве возьмуць удзел высокія госці, якія пасля азнаёмяцца з экспазіцыяй «Белагра». Для наведвальнікаў выстаўка расчыніць свае дзверы ў гэты ж дзень, у 15.00.
Алена ВІНАГРАДАВА