Працоўныя госці
З часоў Вялікіх геаграфічных адкрыццяў у канцы XV стагоддзя планета перманентна становіцца ўсё больш цеснай. І глабалізацыя — вынаходка не нашай эпохі. Неаднаразова адбываліся ўсплёскі ўсепланетнага супрацоўніцтва, пасля чаго надыходзіла ахаладжэнне. У канцы ХІХ стагоддзя людзі перамяшчаліся паміж
краінамі і кантынентамі масава і актыўна. У першай палове мінулага стагоддзя надышоў перыяд кансервацыі рэгіёнаў. Пасля Другой сусветнай вайны межы паступова «адтайвалі». Карацей, мы ўжо даўно жывём у глабальным свеце, які ніколі не вернецца за Геркулесавы слупы. Сучаснае палітычнае ахаладжэнне і эканамічная рэгіяналізацыя, фактычна, з’яўляюцца дыялектычным развіццём глабалізацыі. Яна працягваецца толькі ў новых формах і фарматах. Геапалітычнае абвастрэнне зніжае абмен таварамі і паслугамі, узводзіць дадатковыя бар’еры для трансферту тэхналогій, абцяжарвае культурнае і навуковае супрацоўніцтва. Але працэс дыфузіі працягваецца, узаемнае пранікненне народаў і цывілізацый ідзе. З некаторымі непаразуменнямі і нават канфліктамі, але трэк незваротны па сваёй сутнасці. Рух працоўных рэсурсаў ужо з’яўляецца той данасцю, якую немагчыма ігнараваць з пункту гледжання ўстойлівасці эканамічнага развіцця. І сёння пытанне стаіць не ў самім факце працоўнай міграцыі, а ў нацыянальнай палітыцы ў гэтай галіне.
Ці не кожны апазіцыйны еўрапейскі палітык і эксперт смакуючы ўспамінае ў той ці іншай меры работу Освальда Шпэнглера «Заняпад Еўропы». Міграцыйны крызіс стаў на Захадзе магутным інструментам папулізму ў барацьбе за ўладу. Але ў рэальнасці праблема заключаецца не ў наяўнасці замежнікаў у Еўропе, а ў правале міграцыйнай палітыкі. Прычым у большай ступені з пункту гледжання палітычнага, сацыяльна-культурнага, чым эканамічнага.
У кожнай дзяржавы ЕС свая няпростая гісторыя ўзаемаадносін з іншаземцамі. Прычым праблема больш характэрная для захаду Еўропы. І справа не толькі ў іх больш высокім матэрыяльным дабрабыце, да якога імкнуцца людзі з усяго свету. Карані крызісу глыбейшыя. Скажам, рост колькасці мусульманскага насельніцтва ў Францыі бярэ свае карані ў імперыялістычным перыядзе, які канчаткова скончыўся толькі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. На піку магутнасці ў Французскую імперыю ўваходзіла тры дзясяткі калоній, насельніцтва якіх перавышала колькасць карэнных жыхароў метраполіі. Да паняццяў свабода, роўнасць і братэрства ў заморскіх тэрыторыях ставіліся дастаткова вольна. Але ў багатых і пісьменных жыхароў быў шанц атрымаць французскае грамадзянства. А пасля паражэння ад Германіі ў 1940 годзе, акупацыі Парыжа Шарль дэ Голь перамясціў цэнтр супраціўлення ў калоніі. Ад яго ідэй барацьбы за далёкую метраполію на падпарадкаваных тэрыторыях не заўсёды былі ў захапленні. І, каб перавабіць на свой бок тубыльцаў, французскі генерал у студзені 1944-га на канферэнцыі ў Бразавілі (сёння — Рэспубліка Конга) наступіў на горла імперыі — дараваў усім жыхарам калоніі французскае грамадзянства. Акрамя таго, у парламенце засядалі дэпутаты заморскіх тэрыторый. Поўнага раўнапраўя не атрымалася. Хоць да яго ніхто і не імкнуўся. Актуальнасць падлашчвання да перыферыі адпала пасля заканчэння вайны. Ды і рух за незалежнасць абвастрыў узаемаадносіны з цэнтрам.
Тым не менш французы з Азіі і Афрыкі актыўна перамяшчаліся непасрэдна ў Францыю. Міграцыйныя хвалі апошняга дзесяцігоддзя з’яўляюцца не самымі магутнымі. Безумоўна, пазаправавая міграцыя ўносіць нервовасць у жыццё краіны. Але калі прааналізаваць канфлікты на нацыянальна-рэлігійнай глебе, то адбываюцца яны не з прыезджымі, а з французамі. Алжырскага, мараканскага ці іншага паходжання, але яны з’яўляюцца грамадзянамі Пятай рэспублікі ў другім, трэцім і нават больш пакаленні. І калі радыкальна настроеныя палітыкі пачынаюць спекуляваць на аднаўленні гала-франкскай самаідэнтыфікацыі, нечакана ўзнікае дылема: а як, уласна кажучы, гэта ажыццявіць? Дзяліць на «правільных» і «непажаданых» французскіх грамадзян па генетыцы, веравызнанні ці іншых прыкметах?! Таму, калі і гаварыць пра міграцыйны крызіс, то ўзнік ён у Францыі гадоў гэтак 80 таму. А ў прынцыпе — яшчэ раней. Пачытайце класікаў, як яны апісваюць Парыж канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя — гэткі Вавілон нашага часу, у якім сабраліся розныя народы з усяго свету.
У Германіі — іншая гісторыя. Уступіўшы ў каланіяльную гонку досыць позна, імперыя Гагенцолернаў не паспела паглыбіцца ў вір асваення заморскіх тэрыторый. Але адчуваючы глыбокі дэмаграфічны крызіс, ФРГ узяла курс на шырокае прыцягненне замежнай працоўнай сілы. І з Усходняй Еўропы, і з больш далёкіх рэгіёнаў. Акрамя таго, вобраз зямлі запаветнай, якая забяспечвае сытае і камфортнае жыццё пры мінімальных намаганнях, з падачы Берліна стаў адным з фактараў геапалітычнай канкурэнцыі Еўрасаюза ў час яго бурнага пашырэння. І паток замежнікаў хлынуў некантраляванай ракой. Настолькі паўнаводнай, што ў краіне не аказалася ні адміністрацыйна-бюракратычных, ні сацыяльна-культурных рэсурсаў, каб упарадкаваць яго. Цяпер прынята крытыкаваць на ўсе лады Ангелу Меркель у міграцыйным крызісе. Але першапачаткова яе праграма была цалкам разумная. Яна меркавала, што бізнес будзе навучаць прыезджых, а немцы — дапамагаць іх сацыялізацыі ў новых умовах. Але прадпрымальнікі не вельмі і жадалі займацца развіццём мігрантаў, не разгледзеўшы ў гэтым выгаднага кірунку для інвесціравання. Карэнныя жыхары таксама не імкнуліся да блізкага суседства з гасцямі, выцясняючы іх са свайго сацыяльнага асяроддзя. Карацей, канцэпцыя была нават вельмі разумнай, а вось рэалізацыя аказалася жахлівай. Ці вінаватыя ў тым выхадцы з іншых краін?
Хутчэй, гэта праблема нямецкай адміністрацыі.
Перамяшчэнне працоўных рэсурсаў непазбежнае. І праблема не ў самой з’яве, а ў яе арганізацыі ў кожнай канкрэтнай дзяржаве. Прагматычная, узважаная і рэалістычная міграцыйная палітыка здольная даць якасны вынік. І не толькі эканамічны, але і цывілізацыйны. Абмен ідэямі, культурамі, светапоглядамі — нязменны фактар развіцця любога грамадства. У замкнёнай прасторы соцыуму пагражае дэградацыя. Іншае пытанне, што да ўзаемадзеяння павінны быць гатовыя і мясцовыя жыхары, і тыя, хто прыехаў з іншых дзяржаў. І для гэтага неабходна фарміраваць тонкія сацыяльныя настройкі. Пытанне вельмі далікатнае. Таму, з аднаго боку, Беларусь становіцца больш адкрытай для міграцыі. У тым ліку і для грамадзян краін так званай далёкай дугі. З іншага, гэты рух адбываецца ў акуратным, кантраляваным рэжыме. У любым выпадку, міграцыя — той элемент сучаснага свету, які неабходна не адпрэчваць, а вывучаць. І рэалізоўваць навукова-абгрунтаваныя і ўзважаныя канцэпцыі.
Інтэлект Штучны