Размеркаванне — справа звычайная: некаму шчасціць, некаму...
Валера, мой швагер, пасля заканчэння БДУ трапіў працаваць у глыбінку.
Ну трапіў дык трапіў. Засмуціцца не паспеў, бо дырэктарам школы аказаўся яго добра знаёмы: студэнт таго ж «універа», толькі выпушчаны двума гадамі раней. Ім было што ўспомніць, аб чым пагаварыць! І не толькі днём, на рабоце, але і вечарам, пасля…
Неяк раз удвух яны доўга сядзелі: за чаркай і добрай закускай згадвалі свае студэнцкія будні, выкладчыкаў, сябровак і сяброў…
За размовамі нават не заўважылі, як вечар праляцеў, а за ім і палова ночы.
Дырэктар спахапіўся першым — хуценька сабраўся дадому. Валера прыбраў са стала, перамыў посуд, трохі паспаў... Але ж раніцай па будзільніку ўстаў, прывёў сябе ў парадак, пайшоў у школу. А калі пераступіў парог настаўніцкай, сакратарка «знайшла»: папрасіла зайсці да дырэктара. «Ну ці мала што? — падумаў настаўнік. — Праца ёсць праца»…
Ён спакойна пастукаў, адчыніў дзверы кабінета, як нічога ніякага хацеў памкнуцца да стала, каб парукацца і…
— Валерый Іванавіч! — ледзь не адразу ж спыніў дырэктар. — А пакажыце мне вашы рабочыя планы.
Тонам, які не пацерпіць пярэчанняў, «прасіў» аб гэтым зусім не сябар па альма-матар, не ўчарашні такі шчыры суразмоўца... Над старым абадраным сталом узвышалася постаць — афіцыйная, непрыступная — два ў адным, як сказалі б цяпер.
...Нямую сцэну ў кабінеце апісваць не буду (хіба патлумачу, што настаўніку ў тыя часы магло даравацца многае, толькі не адсутнасць планаў. Без іх адміністрацыя мела права (ці нават абавязак!) не дапусціць чалавека да работы).
Як тады было ў Валеры, ён успамінаць не любіў. Згадваў хіба некага з вялікіх, які настойліва раіў ніколі не казаць, што ведаеш чалавека, пакуль ён не пабудзе тваім начальнікам.
Мікалай КАМАРОЎСКІ
г. Орша