Гісторыя, ордэны, зброя: у перадвыбарнай барацьбе ўсе сродкі добрыя
Здаецца, Украіна стала стабільным раздражняльнікам для Польшчы. Жаданне палякаў дапамагаць украінцам у вайне супраць Расіі і прымаць бежанцаў у сябе дома становіцца ўсё меншым і меншым не толькі ў звычайных грамадзян, але і ў палітычнай эліты Трэцяй Рэчы Паспалітай. Апошнія месяцы адзначыліся цэлай серыяй гучных скандалаў вакол польска-ўкраінскіх узаемаадносін, якія вынеслі на паверхню існуючыя супярэчнасці не толькі паміж Варшавай і Кіевам, але і паміж польскім прэзідэнтам і прэм’ерам (а калі дакладней, то паміж польскімі нацыяналістамі і еўрацэнтрыстамі).
Цяперашняя хваля ўзаемнай незадаволенасці ўсіх усімі ўспыхнула на глебе гістарычнай памяці і розніцы ў трактоўцы ролі і значэння некаторых гістарычных персанажаў.
25 мая ў Кіеўскай вобласці на Нацыянальных ваенна-мемарыяльных могілках адбылася афіцыйная цырымонія перапахавання рэпатрыяванага праху Андрэя Мельніка і яго жонкі. У мерапрыемстве асабіста прыняў удзел цяперашні кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі. Аднак ушанаванне ў якасці нацыянальнага героя аднаго з галоўных кіраўнікоў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), які стаў на шлях актыўнага супрацоўніцтва з нацыстамі яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны (напрыклад, яшчэ ў жніўні 1939 года нямецкі Абвер абяцаў зрабіць Мельніка «правадыром» украінскага народа пад пратэктаратам Гітлера), прывяло да выбуху незадаволенасці ў Польшчы. Літаральна ўслед за гэтым, 26 мая, Зяленскі прысвоіў ганаровае найменне «імя Герояў УПА» Асобнаму цэнтру спецыяльных аперацый «Поўнач» Сіл спецыяльных аперацый УСУ. Як было сказана ва ўказе, зроблена гэта было за ўзорнае выкананне баявых задач і для «аднаўлення гістарычных традыцый нацыянальнай арміі».
І тут Польшчу літаральна «разарвала». Таму што ўспаміны аб «гістарычных традыцыях» Украінскай паўстанцкай арміі ярка нагадалі палякам падзеі вясны-лета 1943 года, што крывавымі незагойнымі ранамі ўрэзаліся ў гістарычную памяць польскага народа і ўвайшлі ў падручнікі пад назвай «Валынская разня». Падчас масавых забойстваў, учыненых байцамі той самай «гераічнай» УПА, на тэрыторыі Валыні і Галіцыі загінула, паводле розных ацэнак, ад 30-40 да 100-120 тысяч палякаў. Забойствы насілі татальны характар: знішчаліся цэлыя вёскі, у тым ліку з жанчынамі, дзецьмі і старымі. Метады былі вельмі жорсткімі: людзей спальвалі жыўцом у цэрквах і адрынах, секлі сякерамі, заколвалі віламі, забівалі рыдлёўкамі. Нават на фоне тэрору, што разгарнулі германскія акупанты, жорсткасць украінскіх нацыяналістаў шакіравала.

У 2013 годзе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы даў афіцыйную ацэнку злачынствам УПА супраць палякаў, абвясціўшы іх генацыдам. Рашэннем польскага Сейма 11 ліпеня быў аб’яўлены Днём памяці ахвяр генацыду, учыненага ўкраінскімі нацыяналістамі супраць грамадзян Другой Рэчы Паспалітай. З гэтай нагоды ў грамадскай думцы сучаснай Польшчы існуе абсалютны кансэнсус, і любыя спробы гераізацыі УПА тут расцэньваюцца як абраза памяці ахвяр і дзяржаўная здрада.
Зразумела, такі смачны плявок ад украінцаў, якім Польшча аказвае ўсялякую дапамогу і падтрымку ў барацьбе з Расіяй, стрываць было немагчыма. Абражаны за ўсю нацыю, прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ў чэрвені прыняў рашэнне пазбавіць Уладзіміра Зяленскага вышэйшай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Белага арла. Чакалася, што ўкраінскі кіраўнік у выніку ўсвядоміць ўсю бездань няўдзячнасці, якую праявіла яго краіна да бліжэйшага саюзніка і суседа, упадзе на калені, заліваючыся слязьмі, абсыпле сябе попелам і вырве са сваёй барады прыстойны клок валасоў, каючыся і просячы прабачэння за неабдуманае палітычнае рашэнне. І, зразумела, публічна пракляне УПА і асудзіць іх як забойцаў і бандытаў. Але куды там! Усё аказалася зусім наадварот і прывяло да новага вітка скандалу, які атрымаў назву «вайны ордэнаў».
За польскую ўзнагароду Зяленскі трымацца не стаў, а наадварот, вярнуў яе тым, хто даваў, самым абразлівым чынам — па пошце! А ўслед за ім з салідарнасці (ну, ці па загадзе кіраўніцтва) тое ж самае зрабілі са сваімі польскімі ордэнамі некаторыя высокапастаўленыя ўкраінскія чыноўнікі: міністр замежных спраў Сібіга, кіраўнік офіса прэзідэнта Буданаў, пасол Украіны ў Польшчы Боднар. Да флэшмобу «вярні пану ўзнагароду» далучыліся і некаторыя былыя прэзідэнты Украіны: Л. Кучма, В. Юшчанка, П. Парашэнка. Пры гэтым Леанід Кучма, другі прэзідэнт краіны, ганарліва заявіў: «Не для таго Украіна супрацьстаіць Расіі, якая апраўдвала сваё ўварванне гістарычнымі прэтэнзіямі, каб цяпер іншыя краіны дыктавалі нам нашу гісторыю і вырашалі, каго мы павінны шанаваць». Як бачна, гераізацыю АУН, УПА і ўсялякіх бандэраўцаў сучасная Украіна адмяняць не збіраецца.

На дзеянні ўкраінскага боку Польшча пакрыўдзілася. Прэзідэнт Караль Наўроцкі заявіў, што «так не будуюцца адносіны паміж народамі», і намякнуў, што ў гордага польскага народа ёсць свой болевы парог, які быў відавочна перавышаны ўкраінскім «саюзнікам». А былы польскі прэм’ер-міністр Лешак Мілер пайшоў яшчэ далей, прапанаваўшы ўкраінцам вярнуць не толькі ўзнагароды: «Раз ужо ўсе так імкнуцца вярнуць атрыманае, няхай вернуць МіГі, танкі і зброю. Гэта быў бы жэст добрай волі, ці не так?».
Ідэю актыўна падхапілі прыхільнікі правакансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць» (PiS). Дэпутат Сейма Дарыюш Мацецкі з парламенцкай трыбуны заявіў, што Польшча не абавязана дапамагаць дзяржаве, якая праслаўляе вінаватых у генацыдзе польскіх мірных жыхароў. А лідар PiS Яраслаў Качыньскі ўвогуле заклікаў сваіх аднапартыйцаў блакіраваць уступленне Украіны ў Еўрасаюз, калі Кіеў не адмовіцца ад абранага курсу ў сферы гістарычнай памяці. Пад націскам кансерватыўна-нацыяналістычнай грамадскасці Польшча нават была вымушана разарваць з Украінай здзелку аб перадачы апошняй старых самалётаў МіГ і заявіла, што лятальныя апараты будуць проста ўтылізаваны.
Пры гэтым польска-ўкраінскія разборкі неўпрыкмет перайшлі са знешнепалітычнай сферы ва ўнутранае супрацьстаянне кансерватараў з «Права і справядлівасці» і прэзідэнта Караля Наўроцкага з аднаго боку і «Грамадзянскай платформы» і прэм’ера Дональда Туска — з другога. Рашэнне польскага прэзідэнта пазбавіць вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Зяленскага многія аналітыкі расцанілі як удар па пазіцыях прэм’ер-міністра, які сёння з’яўляецца адным з галоўных прыхільнікаў падтрымкі Украіны, але электарат якога расколаты. Узгадніўшы гэтае рашэнне, Туск пазбавіўся б падтрымкі сваіх ліберальных і праеўрапейскіх выбаршчыкаў, якія выступаюць за цесны саюз з Кіевам любой цаной, а выступіўшы супраць — заслужыў бы ярлык «здрадніка нацыянальных інтарэсаў» і страціў бы галасы патрыётаў. Зяленскі, хутка і самастойна адправіўшы ордэн назад у Польшчу, фактычна пазбавіў польскага прэм’ера неабходнасці рабіць публічны выбар.
Аднак далей Туска пільнавала новая бяда. Правыя запатрабавалі правесці поўны аўдыт дапамогі і ўзбраення, перададзеных Украіне. Нагодай сталі заявы дэпутата-нацыяналіста, намесніка старшыні Сейма Кшыштафа Басака аб тым, што ўрад краіны нібыта ўпотай ад парламента і прэзідэнта перадаў гэтай вясной Украіне дарагія і цяжкадаступныя ракеты для сістэм ЗРК Patriot, пакінуўшы саму Польшчу безабароннай перад тварам «вераломнай Расіі». А кіраўнік офіса прэзідэнта па міжнароднай палітыцы Марчын Пшыдач дадаў, што кабінет Дональда Туска нават адмовіўся на карысць Украіны ад сваёй чаргі на гэтыя ракеты на амерыканскіх заводах!
Цяпер дэпутаты патрабуюць заканадаўча забараніць адпраўку любога польскага ўзбраення за мяжу без ухвалення Сейма. Пры гэтым кіраўнік Мінабароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш абяцае рассакрэціць даныя аб ваеннай дапамозе Украіне за папярэдні перыяд, абвінавачваючы ў крывадушнасці і лжывасці палітыкаў з PiS і намякаючы, што менавіта пры іх праўленні Кіеву было перададзена «ўсё, што толькі можна было». Ну, а польская контрразведка спрабуе высветліць, хто ж той шпіён, які «зліў» у публічную плоскасць важную дзяржаўную таямніцу.
А каб зразумець, для чаго Польшча зладзіла ўвесь гэты цырк, варта ўзгадаць, што да выбараў у Сейм засталося крыху больш за год. І ўсе гэтыя разборкі наконт гістарычнай памяці і гераічнай падтрымкі Украіны — не больш, чым пачатак электаральнай кампаніі. А ў ёй усе сродкі добрыя!
Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг