Крыжы ў лесе
У нашай камандзе спрэс вопытныя пошукавікі — Мікалай Барысенка, Сяргей Тагаеў, Аляксандр Клёмін, Андрэй Швайкоў, Аляксей Міроненка, Віталь Дракін. Пакуль ехалі, кіраўнік клуба «Віккру» Мікалай БАРЫСЕНКА ўвёў у курс справы:
— 20 кастрычніка 1942 года атрад нямецкай ахоўнай дывізіі, які праводзіў зачыстку мясцовасці ад партызан, акружыў у лесе вялікую групу сялян з вёскі Гоенка. Ёсць пратакол допыту ад 26 снежня 1944 года Аляксандра Ціханавіча Дасевіча, сям’я якога была цалкам знішчана пры гэтай аблаве. З дакумента вядома, што падчас вобыску сялян пры іх было знойдзена некалькі вінтовак Мосіна. Гэтымі ж вінтоўкамі немцы да смерці забілі мужчын, а потым расстралялі ўсіх астатніх. Пасля родныя ўпотай пахавалі іх на месцы расстрэлу.
Тое, што магілы існуюць, сумневу не было. Трое пошукавікаў з нашай групы ўжо пабывалі на іх вясной. Трэба было спачатку пераканацца, а потым ужо ісці сюды з неабходным інвентаром. Знайсці месца дапамог ляснік Эсьмонскага лясніцтва. Ён жа пакінуў меткі на дрэвах, каб потым лягчэй было сюды вярнуцца. Думалі, што хутка справімся, але памыліліся. Месца доўга не падпускала да сябе. Адшукаць яго з дапамогай GPS і каардынат не атрымлівалася — адсутнічала мабільная сувязь. Заставалася разлічваць толькі на досвед і інтуіцыю пошукавікаў. У нейкі момант мне нават падалося, што месца зачараванае. Успомнілася капішча ў Эсьмонскім лесе, праз якое мы праходзілі. Ну не жадаюць злыя духі раскрываць загадкі гэтых мясцін!..
Пакуль блукалі, пачалася навальніца. І тут, калі лівень стаў паціху сціхаць, нехта ўбачыў дрэва з той самай меткай, якую мы шукалі. Намаляваная чырвонай фарбай стрэлка загадвала павярнуць налева. Калі нарэшце дайшлі да магіл, навальніца скончылася, праз лясны гушчар на іх пралілося сонечнае святло. Быццам нам нехта ўзрадаваўся.

Па словах пошукавікаў, з’явіліся магілы дзякуючы ацалеламу ў той бойні Якаву Ціханавічу Дасевічу, якому тады было ўсяго 14 гадоў. У той жахлівы восеньскі дзень 1942-га загінулі яго бацькі і адразу некалькі дзясяткаў самых блізкіх сваякоў. Падлетку цудам пашчасціла выжыць. Немец прыняў яго за забітага і дастрэльваць не стаў — толькі з усёй моцы пхнуў ботам у галаву. Тая адмеціна засталася ў хлопца на ўсё жыццё. Якаў змог дабрацца да партызан, а потым яшчэ вяртаўся з таварышамі, каб пахаваць знявечаныя целы.
Пасля вайны Якаў Дасевіч жыў і працаваў у Мінску. Дзякуючы яму на магіле ў лесе з’явілася металічная тумба з памятнай таблічкай, якая захавалася дагэтуль. Родныя іншых забітых паставілі крыжы і агароджы, але ўсе яны абязлічаныя. Толькі таблічка на тумбе сведчыць: «Тут знаходзіцца прах сям’і Ціхана Дзямідавіча Дасевіча. Зверскі забіты нямецкімі фашыстамі 20 кастрычніка 1942 года».
Некалькі гадоў таму помнік з прозвішчамі забітых з’явіўся на ўскрайку вёскі Гоенка — у некалькіх кіламетрах адсюль. Але іх астанкі дагэтуль ляжаць у балоце.
У чаканні раскопак
Пры дапамозе шчупаў і металашукальніка пад адным з крыжоў на глыбіні 70-80 сантыметраў пошукавікі знайшлі астанкі як мінімум аднаго з расстраляных. Таму ўсе падставы для таго, каб налета вярнуцца сюды з 52-м батальёнам Узброеных Сіл і падняць астанкі загінулых, ёсць.
— Інфармацыя аб нашай знаходцы будзе перададзена ў пракуратуру Магілёўскай вобласці і аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Круглянскага райвыканкама для прыняцця рашэння, — удакладніў Мікалай Барысенка.
Не выключна, што памяць аб ахвярах вёскі Гоенка будзе ўвекавечана і ў будучай дакументальнай кнізе жыхаркі Кругляншчыны Ніны Антонавай. У мінулым яна бібліятэкар, сабрала багатую інфармацыю па вёсках Цяцерынскага сельсавета. Частка матэрыялу датычыцца менавіта генацыду. І там шмат фактаў, якія сведчаць аб жахлівых дзеяннях фашыстаў і іх памагатых. Па яе словах, падчас расправы з жыхарамі Гоенкі нелюдзі не шкадавалі нават зусім маленькіх дзяцей, хапалі іх за ногі і забівалі аб дрэвы. Уся зямля там была палітая крывёю мірных грамадзян.
Замест пасляслоўя
Пошукавікі — людзі з абвостраным пачуццём гонару. Усе свае сілы і вольны час яны прысвячаюць пошуку загінулых у гады вайны. Без пошукавікаў мы шмат чаго ніколі б не даведаліся. Яны робяць сваю справу выключна на энтузіязме, адпраўляючыся ў цяжкія экспедыцыі, купляюць за свой кошт неабходную амуніцыю і правіянт. Я ўжо не кажу пра бензін і асабісты транспарт, які яны мужна выпрабоўваюць на зусім непраходных лясных і палявых дарогах. Іх работа не вымяраецца грашыма, але яна каласальная.
І сёння пошукавікі працягваюць працаваць адначасова па некалькіх напрамках. Шмат сіл аддаецца такім вось разведкам, як гэта. Без абгрунтавання весці раскопкі і падымаць астанкі нельга. А яшчэ, як удакладняе Мікалай Барысенка, наперадзе іх чакае маштабная пошукавая вахта ў Слаўгарадскім раёне. Акрамя гэтага, актыўна ідзе работа над чарговым выпускам «Пошукавага весніка» і новай кнігай «Каты і ахвяры» пра генацыд у Магілёўскай вобласці. Там, дарэчы, будзе інфармацыя і пра Гоенку, а таксама пра Боркі, Асіповічы, Брынцаловічы, Студзёнку Быхаўскага раёна і іншыя месцы генацыду... Колькі вёсак было спалена падчас карніцкіх аперацый, колькі людзей забіта! І мы пра гэта не павінны забываць.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара