Знаходка зроблена падчас маладзёжнай пошукавай экспедыцыі «Бярэзіна-2026», якая праходзіла ў Бабруйскім і Кіраўскім раёнах з 23 па 30 чэрвеня.
— Абломкі самалёта і астанкі двух лётчыкаў былі знойдзены ў лесе каля вёскі Калініна Бабруйскага раёна, — паведаміў кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Астанкі падняты сумесна з 52-м асобным пошукавым спецыялізаваным батальёнам Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і перададзены ў Сычкаўскі сельсавет для наступнага ўрачыстага перапахавання. Ужо вядзецца работа па ўстанаўленні па нумарных дэталях самалёта імён членаў экіпажа.
Удзел у экспедыцыі прымалі групы клуба «Віккру» з Магілёва і Бабруйска — «Абеліск», «Крылы Перамогі», «За Радзіму!», «Перамога», удзельнікі міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы». Разам з вайскоўцамі 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна яны працавалі на месцах баёў 1941-1944 гадоў. Тут дагэтуль застаюцца ляжаць чырвонаармейцы і камандзіры 47-га стралковага корпуса генерал-маёра Сцяпана Паветкіна, а таксама курсанты Бабруйскага ваенна-трактарнага вучылішча, якія загінулі на Бярэзіне пры абароне Бабруйска ў канцы чэрвеня 1941 года.
Падчас экспедыцыі былі таксама знойдзены на глыбіні паўметра астанкі двух байцоў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў 1944 годзе. Найбольш паспяхова працавалі пошукавікі бабруйскай групы «Абеліск» на чале з камандзірам Сяргеем Поразавым і магілёўскай — «Крылы Перамогі», камандзірам якой з’яўляецца Аляксандр Клемін.
Праведзены таксама рэзультатыўныя разведкі ў Слаўгарадскім, Дрыбінскім і Круглянскім раёнах, у тым ліку на месцах генацыду.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»