Top.Mail.Ru

Пра любоў, прыгажосць і мудрасць: «Тысяча і адна ноч» — на сцэне Вялікага

Фестываль «Балетнае лета» прайшоў у Вялікім тэатры Беларусі. 11-ы раз арганізатары знайшлі, чым прывабіць публіку, і парадавалі гледачоў адметнымі прэм’ерамі і любімай класікай. Так, у рамках фэсту паказалі «Папялушку» Сяргея Пракоф’ева і «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага, а таксама запрасілі на вечар аднаактовых балетаў «Танцы» (пастаноўка балетмайстра Ігара Колба, дырыжора Арцёма Макарава і мастака Вольгі Мельнік-Малахавай). Аднак асаблівай чароўнасцю запомнілася гледачу адкрыццё фестывалю... 


Сёлета «Балетнае лета» ў Вялікім адкрыла Прыморская сцэна Марыінскага тэатра, якая прывезла балет «Тысяча і адна ноч». Спектакль стаў візітнай карткай тэатра — геаграфія паказаў сапраўды ўражвае: напрыклад, зусім нядаўна яго прадставілі ў Амане. 

Пастаноўка створана паводле арабскіх казак на музыку Фікрэта Амірава. Лібрэта напісалі браты Ібрагімбекавы — Рустам, суаўтар фільмаў Мікіты Міхалкова, і Максуд, пісьменнік, сцэнарыст і рэжысёр. Мастацкі кіраўнік балетнай трупы Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра, народны артыст Расіі Эльдар Аліеў, які ў свой час ставіў гэты балет у Амерыцы і Еўропе, а для трупы Прыморскай сцэны падрыхтаваў новую рэдакцыю, падкрэсліў: 

— Напісаць лібрэта да такога балета азначала адразу прапанаваць яго дакладнае тэатральнае рашэнне. Аўтары выканалі задачу даволі дасціпна і выбралі тры казкі, якія дэманструюць галоўныя жаночыя якасці — каханне, прыгажосць і мудрасць. Між тым выбар спектакля «Тысяча і адна ноч» для паказу ў Беларусі не выпадковы — пастаноўка ўвайшла ў лік 100 найлепшых у Расіі. Балет нарадзіўся на Прыморскай сцэне — гэта наш эксклюзіў і самы запатрабаваны спектакль, які найбольш часта гастралюе. 

14_22 (2).jpg

Эльдар Аліеў

Дарэчы, выступленне Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра суправаджалася візітам у Мінск губернатара Прыморскага края Алега Кажамякі, які завітаў на спектакль. Менавіта па яго ініцыятыве і былі арганізаваны гастролі. 

Тым часам генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава адзначыла, што ўсе білеты на паказы, якія адбыліся 4 і 5 чэрвеня, былі прададзены. 

— «Тысяча і адна ноч» — спектакль вялікі і маляўнічы. Да нас прыехалі больш за 200 чалавек трупы балета, аркестр, хор. Перамясціць артыстаў на больш чым 9000 кіламетраў — значная падзея для ўсіх нас, — адзначыла Кацярына Мікалаеўна. — Супрацоўніцтва з гэтым тэатрам павінна працягвацца. Пытанне візіту ў адказ абмяркоўваецца. 

Дарэчы, трупа з Уладзівастока выступіла на беларускай сцэне ўпершыню. Разам з ёй прыехалі хор і аркестр Марыінскага тэатра з Санкт-Пецярбурга. Дырыжыраваў галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, заслужаны артыст Азербайджана Эйюб Куліеў. Ён не ўпершыню выступаў у Вялікім: 

— Для мяне гэты тэатр родны. Маю тут шмат сяброў. Супрацоўніцтва пачалося з «Травіяты» Джузэпэ Вердзі, таксама дырыжыраваў «Іалантай» Пятра Чайкоўскага, сольным канцэртам опернай спявачкі Кацярыны Семянчук. Як дырыжор-пастаноўшчык удзельнічаў у стварэнні балета «Каханне і смерць» нашага знакамітага спевака і кампазітара, народнага артыста Азербайджана Палада Бюльбюль аглы... 

14_22.jpg

Сёлета білеты на спектаклі «Балетнага лета» набылі гледачы з 30 краін. Значыць, плён працы стваральнікаў ацэнены не толькі беларускай публікай, значыць, супрацоўніцтва паспяховае, і працяг будзе, і значыць, гледачоў чакаюць чарговыя адкрыцці... 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота прадастаўлены Вялікім тэатрам Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю