Top.Mail.Ru

Пра падлеткавую самаацэнку і пра тое, што рабіць бацькам, каб не нашкодзіць

«Мне не падабаецца, як я выглядаю!»


Знешнасць для падлетка не проста «прыгожа» або «непрыгожа», а яго «пропуск у свет». У гэтым узросце прыналежнасць да групы, адабрэнне аднагодкаў становіцца жыццёва важным. І калі падлетку здаецца, што ён «не такі», гэта ўспрымаецца ім як пагроза: «Мяне не прымуць. Я буду адзін. Я нікому не патрэбен». Сама па сабе незадаволенасць знешнасцю — гэта нармальна. Амаль усе падлеткі праходзяць праз такі этап. Але калі яна заходзіць занадта далёка, наступствы могуць быць сур’ёзнымі.

Чаго рабіць нельга

Некаторыя рэакцыі бацькоў толькі пагаршаюць сітуацыю.

Памылка № 1. Абясцэньванне. «Ды што ты выдумляеш», «У цябе ўсё нармальна», «Гэта глупства, вось у мяне ў тваім узросце...» Падлетак чуе: «Твае пачуцці не важныя. Ты не маеш права пакутаваць». Ён застаецца сам-насам са сваім болем.

Памылка № 2. Крытыка. «Ты бы спортам занялася», «Менш еш», «Паспрабуй нармальна апрануцца». Гэта пацвярджае яго страхі: «Я сапраўды не такі, як трэба». Крытыка раніць, а не матывуе. Нават калі вы гаворыце гэта з найлепшых памкненняў, падлетак чуе толькі асуджэнне.

Памылка № 3. Параўнанне. «Паглядзі на Лену, яна заўсёды дагледжаная», «Вось у Сашы няма вугроў, таму што ён сочыць за сабой». Параўнанне выклікае толькі злосць, зайздрасць і пачуццё непаўнавартаснасці. Яно не натхняе, а разбурае.

Памылка № 4. Ігнараванне. «Адстань, мне няма калі», «Хопіць ныць». Падлетак успрымае гэта як «мяне не любяць, я нікому не патрэбен». І замыкаецца яшчэ мацней.

Памылка № 5. Хлусня дзеля выратавання. «Ты самая прыгожая», «У цябе ўсё ідэальна». Падлетак не верыць. Ён бачыць сваё адлюстраванне і разумее, што гэта няпраўда. І тады ён перастае верыць вам увогуле. Лепш гаварыць не «ты ідэальная», а «ты мне падабаешся», «я цябе люблю любую».

Памылка № 6. Размовы пры іншых. Абмяркоўваць знешнасць падлетка пры сваяках, сябрах, настаўніках — значыць, зневажаць яго публічна. Нават калі вы гаворыце з любоўю, ён адчувае сорам і злосць.

Чым небяспечная няўпэўненасць у сваёй знешнасці

Сацыяльная ізаляцыя. Падлетак перастае выходзіць з дому, адмаўляецца ад сустрэч, прагульвае школу. Ён хаваецца ад свету, таму што баіцца, што яго ўбачаць і асудзяць. І пачынае пазбягаць люстэркаў, фатаграфій, любых сітуацый, дзе трэба выглядаць «нармальна». Паступова кола зносін звужаецца да мінімуму, а потым знікае зусім.

Парушэнні харчовых паводзін. Дыеты, адмова ад ежы, выкліканне рвоты, пераяданне на нервовай глебе. Гэта можа перарасці ў анарэксію або булімію — небяспечныя захворванні, якія патрабуюць лячэння ва ўрача. Анарэксія — адно з самых смяротных псіхічных расстройстваў. І пачынаецца яна часта з бяскрыўднага «я проста хачу крыху пахудзець».

Дэпрэсія і трывожнасць. Пастаянная незадаволенасць сабой, пачуццё сораму, адчуванне бязвыхаднасці: падлетак страчвае цікавасць да жыцця, замыкаецца, перастае радавацца. Ён не верыць, што нешта можа змяніцца, і гэты стан можа цягнуцца гадамі.

Самапашкоджанні. У крайніх выпадках падлетак можа прычыняць сабе боль, каб «пакараць» цела, якое яго «падводзіць». І гэта вельмі трывожны сігнал.

Суіцыдальныя думкі. Калі боль становіцца нясцерпным, а падтрымкі няма, падлетак можа думаць аб тым, каб пайсці з жыцця. Гэта крайні пункт, але ён рэальны. І лепш перастрахавацца, чым не заўважыць.

Праблемы ў будучыні. Падлетак, які вырас з непрыманнем сябе, часта становіцца дарослым, які не ўмее прымаць кампліменты, баіцца блізкіх адносін, выбірае партнёраў, якія яго зневажаюць, паколькі лічыць, што не заслугоўвае найлепшага. Карані шматлікіх дарослых праблем — у падлеткавай самаацэнцы.

Таму важна не адмахвацца ад скаргаў вашага дзіцяці на знешнасць. Гэта не «капрызы» і не «дур». Гэта крык аб дапамозе.

Калі патрэбна прафесійная дапамога

Часам бацькоўскай падтрымкі недастаткова. Ёсць сігналы, пры якіх трэба неадкладна звярнуцца да спецыяліста:

  1. Падлетак адмаўляецца ад ежы, рэзка худзее, увесь час лічыць калорыі.
  2. Ён выклікае рвоту пасля ежы або прымае слабіцельныя.
  3. Ён увесь час плача, не выходзіць з пакоя, страціў цікавасць да ўсяго.
  4. Ён гаворыць пра смерць, пра тое, што «не хоча больш жыць».
  5. Ён прычыняе сабе боль, носіць адзенне, якое закрывае рукі.
  6. Ён не можа выйсці з дому без макіяжу або капюшона, панікуе пры выглядзе камеры.
  7. Ён пазбягае люстэркаў і любых адлюстраванняў.

Памятайце: ваша задача — не зрабіць яго «прыгожым» па стандартах свету. Ваша задача — дапамагчы яму адчуць сябе каштоўным і любімым. Знешнасць мяняецца. А любоў і падтрымка застаюцца. І калі падлетак ведае, што ён важны для вас, нават калі сам сябе не прымае, гэта ўжо вялікая апора. З гэтай апорай ён справіцца з усімі сумненнямі. І аднойчы паглядзіць у люстэрка і скажа: 

«А я, аказваецца, нармальны. І нават класны!»

«Ты мне падабаешся. Я цябе люблю любога/любую».

«Я разумею, што табе цяжка. Я побач».

«Ты не абавязаны быць ідэальным. Ты маеш права быць сабой».

«Твая знешнасць — гэта толькі частка цябе. І яна не вызначае тваю каштоўнасць».

«Калі ты хочаш штосьці змяніць, я дапамагу. Аднак ты ўжо дастаткова прыгожы».

«Тое, што ты бачыш у люстэрку, — не ўся праўда. Ты бачыш недахопы, а я бачу чалавека, якога люблю».

«Ты не адзін. Я з табой. Мы справімся разам».

Сямейны псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю