За вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне і духоўнае асветніцтва прэмія Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» сёлета прысуджана настаяцелю прыхода храма Узвіжанне Крыжа Гасподняга ў Мінску протаіерэю Алегу Кунцэвічу. Высокай узнагародай адзначаны заслугі свяшчэннаслужыцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы ў стварэнні пры прыходзе музея, прысвечанага вязням Шталага 352 і рабоце, якая праводзіцца як у самім музеі, так і ў цэлым у прыходзе. Карэспандэнты «Звязды» наведалі музей і пагутарылі з лаўрэатам пра месца, побач з якім узнік храм, і пра тое, навошта сюды неабходна прыйсці кожнаму.
Асаблівае месца
— Айцец Алег, раскажыце, з чаго ўсё пачалося асабіста для вас?
— З размовы ў епархіі з мітрапалітам Філарэтам. Калі я скончыў Духоўную акадэмію, уладыка запрасіў мяне і сказаў, што жыхары паўночнага захаду Мінска звярнуліся з просьбай пабудаваць храм каля мемарыяльнага комплексу «Масюкоўшчына», што побач з перакрыжаваннем вуліц Нарачанская і Ціміразева. Спытаў, ці буду настаяцелем. Я адказаў: «Як благаславіце». «Благаслаўляю!» Вось так і пачалося.
— Тут ніколі не было храма?
— Ніколі. Але гэта ахоўная зона, бо тэрыторыя аднаго з найбуйнейшых пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны. Таму і дазвол на будаўніцтва тут патрабаваў асаблівага ўзгаднення на ўсіх узроўнях. Толькі на афармленне дакументаў спатрэбілася больш чым пяць гадоў. А пабудавалі, як потым падлічылі, прыкладна за столькі часу, колькі доўжылася Вялікая Айчынная вайна. Для будаўніцтва храма гэта тэрмін невялікі. Знайшліся людзі, якія дапамаглі ў фінансаванні, у тым ліку жыхары Масюкоўшчыны.
— Хто вашы прыхаджане?
— Розныя людзі, у тым ліку тыя, хто ведае мяне па служэнні ў іншых прыходах: у Свята-Духавым кафедральным саборы, калі толькі рукапалажыўся; у храме Опцінскіх старцаў у мікрараёне Малінаўка, дзе служыў пяць гадоў... Потым мяне перавялі бліжэй да будоўлі, бо храмавае будаўніцтва не вызваляе свяшчэннаслужыцеля ад іншых яго паслушэнстваў. Графік служэнняў застаецца той жа. І епархіяльны послух. Дадаецца афармленне дакументаў, пошук грошай... Гэта вельмі цяжка, бо трэба пабудаваць, не маючы нічога.
— У вас быў нейкі вопыт?
— У будаўніцтве вопыту не было. Але мне вельмі дапамог вопыт у чытанні чарцяжоў, які набыў падчас вучобы на машынабудаўнічым факультэце Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі. Гэта дазволіла кантраляваць і праектную працу, і будаўнічыя работы.
Апрача таго быў багаты вопыт кіраўніка і арганізатара, таксама вельмі карысны, які ўпершыню атрымаў яшчэ ў школе. Скончыў сярэднюю школу № 2 у горадзе Оршы. Быў намеснікам сакратара камсамольскай арганізацыі, а ў дзень самакіравання — «дырэктарам» школы. Мае бацькі працавалі на Аршанскім інструментальным заводзе, адзін год пасля школы і я там працаваў. Калі паступіў у Політэхнічны інстытут, потым БДПА, мяне выбралі старастам групы. На ваеннай кафедры быў камзводу. Пасля працаваў на пасадзе начальніка аддзела продажу ў буйной камерцыйнай фірме і на іншых кіраўнічых пасадах там жа. Потым у семінарыі і духоўнай акадэміі — зноў старастам групы. Усё гэта надзвычай дапамагло пасля ў зносінах з будаўнікамі.
— Калі ўзнікла ідэя стварэння музея?
— Яшчэ да пачатку будаўніцтва храма. Сам Шталаг 352 знаходзіўся па іншы бок чыгункі ў ваенным гарадку Масюкоўшчына. А сюды ваеннапалонныя звозілі трупы закатаваных. З 1964 года тут гарыць Вечны агонь. У Мінску ўсяго два такія месцы: Плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс «Масюкоўшчына». Там Вечны агонь сімвалізуе подзвіг усяго беларускага народа, тут — канкрэтных людзей. Далёка не ў кожным горадзе ёсць Вечны агонь. Уся агароджаная тэрыторыя побач з храмам — вялізнае пахаванне. Афіцыйна ўстаноўлена, што тут ляжыць больш за 80 тысяч чалавек, але ёсць меркаванне, што можа быць да 150 тысяч. Па некаторых сведчаннях, з кастрычніка 1941-га да красавіка 1942-га ў лагеры штодня памірала да тысячы чалавек. Ваеннапалонныя, якія трапілі туды ў ліпені — верасні 1941-га, былі ў летнім адзенні, многія — параненыя, іх амаль што не кармілі, не лячылі, яны жылі ў антысанітарных умовах, у былых халодных канюшнях з дзіравымі дахамі, у лагеры бушавалі эпідэміі. Памерлых звозілі сюды і скідвалі ў ямы, і ніхто ўжо не зможа назваць іх дакладную колькасць.
Подзвіг выбару
— Айцец Алег, вы сказалі, што гэтыя людзі здзейснілі подзвіг. Іх подзвіг — у пакутніцтве?
— Зусім правільна. Подзвіг — вытрымаць усе нягоды: голад, холад, хваробы, боль, нечалавечыя ўмовы, быць адрынутымі Радзімай (згодна з загадам Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання Чырвонай Арміі № 270, тыя, хто трапіў у палон, прызнаваліся дэзерцірамі, а іх сем’і падвяргаліся рэпрэсіям, пазбаўляліся ўсіх дзяржаўных дапамог і падтрымкі) і пры гэтым не пайсці на службу вермахту. Ім літаральна штодня зачытвалі 270-ы загад, з якога вынікала, што яны ў сваёй дзяржаве нікому не патрэбныя, і прапаноўвалі супрацоўніцтва з «новай уладай», а гэта азначала, што іх адразу накормяць, адзенуць і вылечаць. Потым дадуць дубінку і паставяць ахоўваць іншых ваеннапалонных альбо накіруюць у іншае месца — у нацысцкай Германіі была цэлая праграма на гэты конт. І вось, ведаючы гэта, людзі цярпелі нягоды палону да самага свайго канца.
Скажу больш. Калі мы будавалі храмавы комплекс і здараліся цяжкія фінансавыя сітуацыя: узнікала запазычанасць перад будаўнічымі арганізацыямі і я не ведаў, дзе браць грошы, тады прыходзіў на месца пахавання, абыходзіў яго з малітвай да Бога, прасіў аб хадайніцтве пакутнікаў, якія ляжаць там, і праз чатыры-пяць дзён знаходзіўся чалавек, які прапаноўваў дапамогу. Кожны раз такія цуды здараліся, і кожны раз Гасподзь паказваў мне маё малавер’е праз заступніцтва гэтых пакутнікаў.
Падчас малебну на пачатак будаўніцтва, як толькі прагучала першае: «Благаславён Бог наш...», хмары над участкам расступіліся, неба ачысцілася, і сонца асвяціла гэта месца, а над усім Мінскам ішоў мокры снег. Як толькі завяршылі малебен, хмары зноў сышліся. І ўсе, хто гэта бачыў, перажылі натхненне і радасць ад таго, што Гасподзь апякае гэтае месца. І тады сумненняў, што храм будзе тут пабудаваны, не засталося.
Парыў душы
— Вы сказалі, што ідэя аб стварэнні музея была з самага пачатку. Як яна ажыццяўлялася?
— Спачатку мы не ведалі, дзе размесціцца музей і якім ён будзе. Першым пабудавалі прычтавы дом, потым храм. І калі завяршалі прычтавы дом, то ўжо ведалі, што музей будзе ў ім. Вобраз музея фарміраваўся калегіяльна. І гэта не быў вынік разумовага працэсу, гэта быў вынік парыву душы, аднадумнасці: што тут павінна быць. Так нарадзіўся той вобраз, які і быў ажыццёўлены.
— Якую ролю музей выконвае ў прыхадскім жыцці?
— У першую чаргу ён выхоўвае моладзь. Да нас прыходзяць школьнікі, студэнты, навучэнцы з самых розных устаноў адукацыі. Мы не толькі праводзім экскурсіі, але і гутарым з маладымі людзьмі. Як толькі музей адкрылі, мы кожную нядзелю пасля літургіі збіралі ўсіх, хто жадаў, і прыводзілі ў музейную залу. Для груп прыезджых яна адкрыта тады, калі ім зручна. Тое ж самае — для людзей, якія шукаюць звесткі пра сваякоў. Яшчэ тры-чатыры гады таму да нас прыходзілі ветэраны, прыводзілі дзяцей, унукаў і праўнукаў, дзякавалі са слязамі на вачах, казалі: добрую справу вы робіце. Апошнія пару гадоў прыходзяць ужо толькі іх дзеці, унукі і праўнукі.
— Адносіны да ваеннапалонных мяняліся няхутка. Нават дзіўна, што ўжо праз 20 гадоў тут узнік мемарыял, бо так адбылося далёка не ўсюды. Ці заспелі вы адгалоскі прадузятых адносін да ўвекавечвання памяці вязняў Шталагу падчас будаўніцтва храмавага комплексу?
— Шчырага непаразумення не было. Магчыма, усведамленню маштабаў трагедыі, якая тут адбылася, дапамог фільм, які мы зрабілі. Я дарыў яго на дыску ўсім, ад чыіх рашэнняў залежала справа будаўніцтва. Мы дэманструем яго наведвальнікам музея.
Акрамя таго, мяне пазнаёмілі з пісьменнікам Мікалаем Гаўрылавым, які сказаў, што хоча напісаць аповесць пра вязняў Шталагу 352. Мы падышлі з ім да абраза Маці Божай Мінскай і папрасілі благаславення ў Прасвятой Багародзіцы. Праз паўгода з’явілася кніга «...І ўтрэ Бог кожную слязу», заснаваная на рэальных падзеях. Мікалай працаваў у архівах, аднавіў храналогію бамбёжак Мінска, гутарыў з тымі, каму ў першыя месяцы ўдалося збегчы з лагера. Кніга атрымала ўзнагароды некалькіх міжнародных конкурсаў. Яна напісаная такой мовай, што адарвацца ад яе немагчыма. І той, хто прачытвае яе, ужо не пытаецца, у чым подзвіг ваеннапалонных.
Разуменне, як правільна
— Наколькі вялікая была каманда, якая ажыццяўляла задуманае?
— Спярша гэта былі два чалавекі — я і юрыст Валерый Шобік. Паступова наша каманда разрасталася. Калі завяршалі будаўніцтва, то імёны тых, хто дапамагаў (не толькі фінансава), нанеслі на званы. Больш за 200 імён. Званы ў нас унікальныя — з беларускім арнаментам, беларускімі цудатворнымі абразамі Прасвятой Багародзіцы і выявамі беларускіх святых. Кожны звон — выраб мастацтва.
— Калісьці вы ўзяліся за будаўніцтва храма і дадалі музей, цяпер, акрамя звычайнага прыхадскога жыцця, прымаеце гасцей, дэлегацыі, групы турыстаў і праводзіце экскурсіі і гутаркі з моладдзю — усё гэта дадатковыя нагрузка і клопат. Ці не прасцей было б без музея?
— Кожны свяшчэннік увесь час сутыкаецца з чалавечым горам і прапускае яго праз сябе. І сілы яго — духоўныя і іншыя — заканчваюцца. Але калі свяшчэннік рукапалагаецца, архірэй прамаўляе словы пра тое, што Гасподзь заўсёды гэтыя сілы аднаўляе. Таму, калі сілы заканчваюцца, яны зноў прыходзяць — ад Бога. Праз набажэнства, якое здзяйсняеш, і ў маім выпадку — праз духоўную падтрымку пакутнікаў, каля пахавання якіх стаіць наш храм.
Ці не прасцей было б без музея? Бадай, не. Ёсць разуменне, як правільна, і калі гэтага не зрабіць, душы спакойна не будзе. А потым знаходзяцца аднадумцы, і іх нямала. І тады ўжо важна не перашкаджаць рабіць тое, на што ўтлумачвае Гасподзь. Тады ўзнікае адчуванне пчалінага вулля, калі кожная пчала ведае сваю справу.
— З моманту рэалізацыі ідэі, за якую вы некалі ўзяліся, прайшло амаль чатыры з паловай гады. Як змянілася роля музея за гэты час?
— Аб’ём яго наведвання ўвесь час расце. Людзі, якія апынуліся ў ім аднойчы, прыводзяць сваіх блізкіх. За адным класам прыходзіць уся школа. Тое самае — ВНУ. Да нас едуць з іншых гарадоў.
— Галоўны пасыл, які закладзены ў канцэпцыю музея: застацца чалавекам у нечалавечых умовах?
— Думаю, кожны выносіць адтуль сваё. Нехта — тое, пра што вы сказалі. Нехта ўбачыць бессэнсоўнасць вайны, яе трагізм, пераацэніць свае жыццёвыя нягоды ў святле таго, што перажылі вязні Шталагу. Нехта ўбачыць, што стаіць за словамі тых, хто навязвае свае правілы і каштоўнасці. Рэальнасць, якую прынеслі на нашы землі быццам бы цывілізаваныя немцы 84 гады таму, мы бачым на прыкладзе такіх лагераў, як Шталаг 352. Музей вучыць адрозніваць хлусню ад праўды. Ён расказвае, што такое фашызм. Ён вучыць любіць Радзіму.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА