Top.Mail.Ru

Яўген Хвалей чэрпае натхненне ад роднай зямлі

Можна закахацца з першага погляду, а можна — з першага верша. «Сядай жа побач на пракос, актава, // Пагутарым пра час былы, дзядоў. // Гайдаўся травастой, цяпер — атава, // Там, дзе вякі застылі між дубоў» — Яўген Хвалей чытае свае вершы нараспеў, і гэта атрымліваецца асабліва артыстычна ў сталічным скверы Мулявіна каля кветак, якія Яўген Іванавіч вельмі любіць. Нядзіўна: душа сапраўднага мастака слова прагне ўсяго прыгожага.

Музыкальнасць Яўгена Хвалея — ад бацькоў, паэтычнасць — ад маляўнічага шчодрага Нёмана, які яго выгадаваў, моц слова — ад асабістай цікаўнасці, дапытлівасці, а пісьменніцкая трываласць — ад самавітых настаўнікаў, што выкладалі ў Мікалаеўшчынскай школе, будаўніцтвам якой апекаваўся Якуб Колас. Усім гэтым поўніцца асоба  Яўгена Хвалея, паэта, пісьменніка, журналіста, драматурга, перакладчыка, неўтаймоўнага ў распаўсюджванні святла і велічы слова. Мяркуйце самі: паэзіі ў яго выйшла 10 кніг, прозы — 12 кніг, дзіцячых — пяць, кніга п’ес — 28-я. Пра плён шчырага, усмешлівага, добразычлівага выхаванца Нёмана, ускормленага на яго пракаветных берагах, наша гутарка.



— Яўген Іванавіч, ці часта бываеце на Нёмане?

— Нядаўна ў Смольні, філіяле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, было свята стагоддзя паэмы «Сымон-музыка». Дык я прыйшоў пяшком з-за Нёмана, дзе мой бацькоўскі дом. Прыехаў за чатыры дні. Падкасаў калашыны, перайшоў Нёман і апынуўся на свяце. У дзяцінстве, калі я пас кароў, пакідаў іх на тым баку, а праз брадок пераходзіў збіраць Коласавы баравікі. Там іх цэлыя паляны! Ідзеш — не ведаеш, што з імі рабіць: ці рэзаць, ці касу браць... У мяне ёсць верш «Прыйду на берагі»: «Прыйду на берагі твае крутыя, // дубоў дзе караніцца род, // дзе хвалі срэбна-залатыя // калышуць памяць, як чарот». Гэта ўжо і песня, выконвае стаўбцоўскі ансамбль «Берагіня». На Нёмане ўсяго чатыры філіялы музея: Акінчыцы, дзе нарадзіўся Якуб Колас, Альбуць, дзе ён жыў і паехаў вучыцца ў Нясвіжскую семінарыю, Сухоншчына (дзе маленькі быў) і Смольня, дзе двухпавярховы будынак — філіял музея Якуба Коласа. На маіх вачах ён будаваўся, я тады быў студэнтам. Помню, як адкрывалі. Сын Якуба Коласа Даніла быў дырэктарам, і прыехала дэлегацыя пісьменніцкая з Узбекістана. І вось у гэтым музеі надоечы святкавалі стагоддзе паэмы «Сымон-музыка». Быў на свяце сын Данілы Міцкевіча Канстанцін. «Сымон-музыка» з’явіўся пасля «Новай зямлі». Хаця, верагодней, Колас іх чаргаваў. «Новая зямля» ў яго пісалася гадоў 12, «Сымон-музыка» хутчэй. Але ёсць цікавая гісторыя. Колас паехаў у Кіславодск лячыцца. Меўся ўжо чарнавы вырыянт «Сымона-музыкі», думаў, у Кіславодску канчаткова адрэдагуе. Так і зрабіў. Ды па дарозе назад нейкі злодзей украў яго чамаданчык, дзе ляжала паэма «Сымон-музыка». 

— Нікому такога не пажадаеш!

— А ён перапісаў па-новаму. У памяці ўсё ўзнавіў, мо кавалкі на памяць ведаў. Ёсць жа пісьменнікі, паэты, якія пішуць не за сталом, а ходзячы, у галаве. І я так пішу.

— Ну хаця б накіды якія-небудзь робіце?

— Што тычыцца паэзіі, паэт ніколі не робіць накіды. Ён падуладны натхненню. Ідзеш, убачыў, напрыклад, помнік Мулявіна, дзе мы з вамі сустрэліся, — раптам стукне такі вобраз... Я яго абавязкова запомню і буду ў галаве насіць, насіць... Гэта як благадаць ад прычасця. У царкве мы прычашчаемся крыві і цела Госпада, а ў творцы адбываецца прычасце да слова, да паэзіі, да таго, пра што пішаш. Калі паэт піша, заўсёды «прычашчаецца». А калі прыйдзе радок, за які зачэпішся, — гэта палова поспеху. Такім чынам, у 1923 годзе ў Коласа была надрукавана паэма «Новая зямля». А праз два гады — «Сымон-музыка», узноўлены пасля крадзяжу. Тут, бывае, у шуфлядзе верш згубіш і не можаш знайсці... У мяне бардак там... Саджуся ўзнаўляць па памяці... Хаця правільней сказаць — перапісваць, бо з’яўляюцца новыя словы.

— А ці праўда, што ўсім геніям і асобам, якія мысляць маштабна, характэрны бардак?

— Так. Аднак некаторыя, наадварот, папкі заводзяць, акуратна раскладваюць творы. Кажуць, Караткевіч любіў так. Я з Сяргеем Панізьнікам працаваў у выдавецтве «Юнацтва». Дык ён раіў, што трэба заводзіць асобныя папачкі на свае вершы, публікацыі, хто пра цябе пісаў. Раз прынёс у выдавецтва, паказаў: вось папачка ненадрукаваных вершаў, вось — надрукаваных, у іншай — хто пра яго пісаў.

— Вы ўклалі кнігу «Бацька наш Нёман». 

— З Алесем Камароўскім, працуючы ў выдавецтве «Юнацтва», задумалі пра кожную рэчку беларускую вялікую зрабіць па кнізе. А Нёман — адзіная рака, якая выцякае з Беларусі (выток ва Уздзенскім раёне, недалёка ад Мікалаеўшчыны) і ідзе па Літве ў Балтыйскае мора. Днепр — з Расіі, Прыпяць — з Украіны, Заходняя Дзвіна — з Расіі. А Нёман — наш. Думалі пра ўсе кніжкі выдаць. Узяўся я за Нёман. Там маіх многа вершаў пад псеўданімамі: і артыкулы, і гістарычныя даследаванні. Усе 500 км, якія цячэ Нёман, я прасачыў, дзе і ў якім раёне нарадзіўся славуты чалавек: напрыклад, з Узды — Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Антон Бялевіч, Васіль Шырко... А з адной толькі Мікалаеўшчыны — дзесяць пісьменнікаў.

— Ці лічыце, што сваім талентам абавязаны гэтай багатай зямлі?

— Абсалютна. Калі вучыўся ў васьмігодцы, нейкія заметкі даваў у раённую газету. А вершы пачаў пісаць пад уражаннем Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы імя Якуба Коласа. У старэйшых класах пачалі вывучаць творы Коласа: «Новая зямля», «На ростанях». А настаўнікі нам тлумачылі: «Вы ж не думайце, што проста чытаеце — вы чытаеце на той зямлі, дзе Якуб Колас хадзіў». Цяперашнія школьнікі не вучыліся ў такой школе, як я і Алесь Камароўскі, Мікола Маляўка — у школе, пабудаванай самім Песняром. Мо таму мы і сталі паэтамі. Колас для нас быў як настаўнік. Нам хацелася параўняцца на яго. Як ён пісаў! «А раптам і ў мяне штось атрымаецца?! Так, як у Коласа».

— А можа, ён сваім духам творчым асвяціў тую глебу?

— Можа. Не забуду, як у дзяцінстве кідаў кароў, пераходзіў Нёман, каб трапіць у Коласава грыбное месца. І нам тлумачылі: тут маленькі Кастусь збіраў баравікі. Уяўляеце, якое ўражанне для хлапчука?! А калі ў Альбуць зайшоў і глянуў на гэты музей, сядзібу... Гэта найпрыгажэйшыя мясціны... Якуб Колас прыязджаў сюды. Я не бачыў яго жывога, а Камароўскі, Маляўка гутарылі з ім. Ён памёр у 1956 годзе, а перад смерцю прыязджаў у Мікалаеўшчыну апошні раз за паўгода ў красавіку. І раней таксама. Усе мікалаеўцы яго сустракалі. Ён нават на самалёце туды прылятаў. Садзіўся на лужайку каля Нёмана. Наведваўся ў тым ліку для таго, каб паглядзець, як будуецца школа, бо выдзяляў сродкі. А настаўнікі якія ў нас былі! Родзічы Якуба Коласа. Матэматыку выкладаў яго сваяк Леанід Міхайлавіч Біруля, які пабываў у сталінскіх лагерах і адтуль вырваўся і прыехаў у Мікалаеўшчыну, у Сібіры стаў дацэнтам. Нямецкую мову выкладаў пляменнік Коласа Уладзімір Іванавіч Міцкевіч. Такія незвычайныя выкладчыкі. Амаль усе сваякі Коласа мелі вышэйшую адукацыю: хто матэматыкам стаў, хто — філолагам, хто — вучоным. 

— Акрамя Коласа, сваю лепту ўнеслі і вашы бацькі?

— Мае бацькі былі шараговымі калгаснікамі. Яны ніколі не думалі, што я буду нават студэнтам — не тое што паэтам ці пісьменнікам. Праўда, маці была першая запявала ў вёсцы, а бацька іграў на гармоніку: усе радзіны, вяселлі... Самавучка. Маці на Вялікдзень запявала куплеты. Такі творчы дух! Калі б не было Нёмана, не было б паэта Міколы Маляўкі, які Нёман абагаўляў, як і я. Гэтая рака мяне ратавала, а часам і тапіла. Назбіраем баравікоў Коласавых на тым баку поўныя кашы. «Давай пераплывём!» Старэйшы сябар паплыў першы з кашом, а я за ім, ды пачаў боўтацца на сярэдзіне: кош з баравікамі на ніз цягне. Тады кінуў яго і пачаў ратавацца. Сябар руку падаў. А Нёман шырокі... Грыбы тыя паплылі. Але нічога: назаўтра зноў назбіралі. І ўжо, навучаныя, пайшлі на брод, а не паплылі. 

— Вы абагаўлялі Нёман, а цяперашнія дзеці — электронныя цацкі...

— Як мы ў дзяцінстве палюбілі прыроду, цяпер ніхто так не палюбіць. У горадзе яе няма. Як у Коласа ў «Новай зямлі»: «І дзе на свеце ёсць такая, // Як Нёман, рэчанька другая?». Чаму мы пачалі пісаць вершы: я, Маляўка, Камароўскі, Дземідовіч, Адам... Калі б я гэтай прыроды ў дзяцінстве не зазанаў...Кідаў кароў, пераплываў Нёман, каб паглядзець Альбуць, дзе Колас жыў. Бо настаўніца расказвала, а нам, малым, было цікава, дзе яна. У «Новай зямлі» ж апісана гэтая мясціна... Колас пачаў пісаць вершы ў малым узросце, і бацька яму даў рубель, а каб нам хто даў тады рубель, ой як пісаліся б вершы!.. Але не давалі... А калгаснікам давалі 5 капеек на працадзень і паўмяха жыта — такая зарплата ў бацькі. А ў Коласа бацька быў палясоўшчык, служыў у князя Радзівіла. Ганна даглядала гаспадарку ў Альбуці разам з нежанатым дзядзькам Антосем. У іх былі дзве каровы, два быкі, козы, бараны. На Каляды ці Вялікдзень было на стале па 12 страў. Усё самі рабілі: сыры, масла... Прырода чалавека гадавала, каб ён стаў нёманскім Песняром.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю