Top.Mail.Ru

Пуставой: Кропкі расстаўлены дакладна

Развагі пасля рэзананснага інтэрв'ю Прэзідэнта

Бяспека Еўропы, беларуская мадэль развіцця і прапановы Мінска па дээскалацыі ўкраінскага крызісу. Актуальныя заявы Аляксандра Лукашэнкі — цытуе ўся Еўропа, а чытае — увесь свет.

Еўропа перастала здзіўляць. Яе планетарнае дамінаванне імкнецца ўніз нашмат больш прыкметна, чым Пізанская вежа. Каб быць першым, мала бізуна ў руках і дыктатарскіх замашак. Людзі ідуць за моцнымі: асобамі і краінамі. А сучасная Еўропа чым здзіўляе: прайдамі па вуліцах ці бунтамі нязгодных з такімі новымі нармальнасцямі. Дзе новыя трактаты, паэмы, санеты і санаты?

Le Poіnt (з французскай мовы — «кропка», «пункт», «момант») — гэта грамадска-палітычны штотыднёвік, заснаваны ў 1972 годзе. Аснову чытачоў складаюць палітычныя і дзелавыя колы Францыі і Еўропы. Штотыднёвы тыраж папяровага выдання складае каля двухсот 80 тысяч экзэмпляраў. 

А штомесячны анлайн-ахоп — каля сямі з паловай мільёна ўнікальных карыстальнікаў. Грунтоўнае СМІ, але ад французскай журналісткі і пісьменніцы Ан Ніва адыёзных і новых пытанняў не прагучала. Пацягнула шлейфам аднолькавых тэм.

Мы ўжо чулі гэтыя пытанні ад амерыканскіх, брытанскіх, японскіх інтэрв’юераў. Французская журналістка не здзівіла. Відаць, толькі такі ў іх погляд на нашы падзеі. А паглядзелі б на сябе. Украіна ў агні, але ж і Бруселю, здаецца, недалёка да агоніі.

Адна з геапалітычных мэт афіцыйнага Мінска — агульнаеўрапейскі дыялог. Аб гэтым Прэзідэнт гаворыць на розных пляцоўках. Гэта звышмісія канферэнцыі па Еўразійскай бяспецы, што ўжо не першы раз праводзіцца ў Мінску. У многіх цэнтрах сіл непахвальна выказваюцца аб палітычнай жыццяздольнасці еўрапейскага палітычнага істэблішменту. Чакаюць, калі брусельскія пампеі ўпадуць. 

Беларускі лідар, наадварот, — падтрымлівае ідэю аб тым, што ўстойлівая архітэктура бяспекі немагчымая без раўнапраўнага дыялогу з еўрапейскімі дзяржавамі, нягледзячы на вострыя рознагалоссі паміж цэнтрамі сіл. Выразная лінія Першага — прагматызм замест ізаляцыі. Нам выгадная суверэнная моцная Еўропа: і як рынак збыту, і як груз балансавання на планетарных арэлях. Сваімі парадамі і заклікамі Лукашэнка спрабуе ратаваць Еўропу. Тых, хто гатовы быў утапіць яго ў віры «каляровай» рэвалюцыі.

І нават у пытаннях журналіста адчуваецца агульнаеўрапейскі мэйнстрым — жаданне дэлегаваць сваю суб’ектнасць. Кіраўніка дзяржавы спыталі, чаму, на яго думку, 

Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу да гэтага часу, нягледзячы на намаганні, не ўдалося вырашыць канфлікт паміж Расіяй і Украінай.

У гэтым блізкім да нас канфлікце ва ўсіх ёсць свае довады, інтарэсы і лінія паводзін. Незразумелыя толькі паводзіны Кіева, які і фігуральна, і літаральна, як толькі з’яўляецца надзея на перагаворы, разбурае масты. Выбудоўваць іх спрабуе Аляксандр Лукашэнка. 

Менавіта з вуснаў Першага гучыць самая прымальная з сапраўды суверэнных пазіцый. Усе думаюць пра ўсё. І толькі Лукашэнка — аб людзях. Яшчэ не загінулых. Целы якіх, калі не спыніцца, будуць пасля абменьваць на беларускай тэрыторыі.

Ан Ніва звярнула ўвагу, што на ІV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы беларускі лідар заявіў, што вайна ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы будзе скончана. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ад гэтага канфлікту стаміліся ўсе. У сувязі з гэтым

журналістка пацікавілася, ці адчувае кіраўнік беларускай дзяржавы гэтую стомленасць у прадстаўнікоў расійскай эліты. Па пытаннях зразумела адно, што на Захадзе чакаюць знясілення Расіі і ператварэння яе ў танны рынак вуглевадародаў. Што не атрымалася зрабіць хітрасцю пры Ельцыне, то цяпер спрабуюць зрабіць рукамі ўкраінцаў праз канфлікт.

А наш кіраўнік дзяржавы гатовы нават адмовіцца ад тактычнай ядзернай зброі, каб быў спакой у рэгіёне і на кантыненце. Праўда, тут жа згадаў, як аднойчы мы ўжо паверылі заходнім абяцанкам і адмовіліся ад ядзернай зброі стратэгічнага кшталту... Цяпер пасыл такі: калі сапраўдны дыялог атрымаецца, то нават і пра мінімізацыю знішчальных ракет можна будзе дамаўляцца, але няма ўпэўненасці, што тыя партнёры па дыялогу будуць паводзіць сябе сумленна. Мы выдатна разумеем: яны не змаглі нас зламаць — вось і вымушаны выконваць ролю гуманістаў, што шукаюць дыялогу, а самі тым часам адпраўляюць новыя эшалоны зброі і траншы на ўзбраенне Украіны.

Амаль пяць гадоў прайшло — а ў Беларусі праз мікраскоп фэйкаўусё яшчэ спрабуюць убачыць суагрэсара. Калі палічыць, колькі разоў краіны «міралюбівай» мілітарызацыі прыходзілі забіваць і спальваць нашых людзей: немцы, французы, нават тыя ж літоўцы і латышы ахвотна ўдзельнічалі ў карных аперацыях. Забыліся. Але мы пра гэта на палітычным узроўні не ўзгадваем, як гэта робяць палякі пра Валынскую разню. Спыніць чарговую здольна толькі прытрымліванне парад Прэзідэнта: трэба размаўляць і дамаўляцца.

Сусветная экспертная супольнасць канстатуе дэвальвацыі еўрапейскай палітычнай думкі. Эліты садзьмуліся. Але Стары Свет па-ранейшаму ацэньвае справы Беларусі. І сваю пазіцыю падмацоўваюць санкцыйным ціскам. Гэта яшчэ больш стымулюе да эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і ўмацавання сувязяў з Кітаем і краінамі «далёкай дугі», якія часта таксама знаходзяцца ў санкцыйным спісе. 

І Прэзідэнт прызнае: так, без санкцый развівацца было б лягчэй, але тут жа дадае: ёсць і іншыя месцы, акрамя «райскага саду» (які ўжо не такі і «райскі»), у якіх з намі гатовы супрацоўнічаць. І — найлепшае пацвярджэнне слоў — накіроўваецца ў вялікі рабочы тур — у багатыя краіны Персідскага заліва і Паўднёва-Усходняй Азіі.

На рэмарку журналісткі наконт наяўнасці апазіцыі па-за краінай, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Дык якая гэта апазіцыя? Калі вы маеце на ўвазе збеглых нашых (іх у нас называюць „збеглыя“, а не „апазіцыя“), дык мы іх не выганялі з краіны. Яны павінны былі, хто вінаваты... Як у вас, у Францыі. Эмануэль мае рацыю: хто граміць, той адкажа па законе. Так і я кажу». А зараз ад еўрапейскай дэмакратыі слязяцца вочы школьнікаў Францыі. І там разумеюць — такі ён палітычны працэс у Пятай рэспубліцы. Так, ім да такога не прывыкаць. Нават у культавых французскіх фільмах амаль заўсёды прысутнічаюць эпізоды грамадскіх хваляванняў. Бо гэта звычайная практыка у капіталістычных краінах — адны багацеюць, другім, якія бяднеюць, гэта не падабаецца.

«У нас будуць выбары», — адзначыла з гэтай нагоды Ан Ніва.

«І ў нас былі выбары. І будуць яшчэ выбары», — падкрэсліў беларускі лідар. Кіраўнік беларускай дзяржавы растлумачыў, што гэта датычыцца ўпраўлення, палітычнага ладу ў Беларусі, дзе Прэзідэнт адказвае практычна за ўсё. «Усё сыходзіцца на Прэзідэнце: кадравая палітыка, вызначэнне знешняй і ўнутранай палітыкі. Па нашай Канстытуцыі». 

Вяртаючыся да пытання, да таго, што яго называюць аўтакратам, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да тэрміну «аўтарытарызм» адносна яго прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і стылю кіравання: «Аўта- ад грэчаскага autos „сам“. Чалавек шмат у чым вызначае. Таму элементы гэтага ёсць».

Адно з пытанняў падчас інтэрв’ю таксама датычылася прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў 2020 годзе ў Беларусі і якія, як сказала інтэрв’юер Ан Ніва, многія ў еўрапейскіх краінах палічылі не зусім сумленнымі. «Ужо «не зусім»? Раней казалі «наогул несумленныя», — іранічна пракаментаваў Прэзідэнт «эвалюцыю» заходніх ацэнак.

А можа, усе гэтыя крызісы, навязаныя нам звонку, — не проста супрацьстаянне светапогляднага Усходу і Захаду? Куды глыбей і больш зразумела выглядае тут тэорыя Гумілёва. Супраць пасіянарыяў, якія імкнуцца да ідэі (беларускай нацыянальнай, справядлівасці, людскасці), людзей якія жадаюць адрадзіць вёску, пакінуць Радзіму дзецям, выйшлі субпасіянарыі — тыя, хто не хоча працаваць, але хоча зарабляць, жыць адным днём і пажадана з відам на заморскае сонца. Ідэя пасіянарнасці атрымала верх. 

У нашым выпадку. З нашым Прэзідэнтам. Ва ўрэзцы да інтэрв’ю ў часопісе Le Poіnt Лукашэнку назваліне дыктатарам, але аўтакратам. Прагрэс! Сапраўды, ні ад лобі фінансістаў, ні ад лобі тэхнакратаў ці збройнікаў, ні ад волі Вашынгтона, Рыма ці Бруселя ён не залежыць. Самастойны. Аўтакрат! І на гэтым, як кажуць французы, le poіnt — кропка.

Яўген ПУСТАВОЙ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю