Top.Mail.Ru

У Беларусі прайшоў першы этап цэнтралізаванага экзамену

Няхай іх білет будзе шчаслівым!


У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва школьнікі пачалі прыязджаць ужо з 9 гадзін раніцы. Падвозілі дзяцей аўтобусы — ВНУ прымала навучэнцаў з Мінскага раёна. Характэрна, што ні пры ўваходзе ў будынак універсітэта, ні ў яго холе не было ні шуму, ні мітусні. Па-першае, уся неабходная інфармацыя чакала школьнікаў на стэндзе, па-другое, разбірацца ў незразумелых нюансах ім дапамагалі прадстаўнікі экзаменацыйнай камісіі і валанцёры.

Разыходзіліся школьнікі па розных аўдыторыях (яны ў гэты дзень здавалі экзамен на выбар) спакойна, пры гэтым шчыра, як толькі могуць дзеці, жадалі адзін аднаму поспеху.

У 11.00 універсітэцкі корпус зачынілі, а цішыня, якая ўсталявалася ў будынку, паведаміла: «Ідзе экзамен!» 547 чалавек — менавіта столькі зарэгістравалася тут для ўдзелу ў ЦЭ і ЦТ — узяліся за работу.


Толькі празрыста і справядліва

Пункт здачы ЦЭ і ЦТ, які размяшчаецца на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, наведала намеснік Прэм’ер-міністра, старшыня дзяржаўнай камісіі па кантролі за правядзеннем уступнай кампаніі Наталля ПЯТКЕВІЧ.

— У нашай краіне ўсё арганізавана так, што дзецям патрэбныя толькі веды і поспех, усё астатняе дзяржава ўзяла на сябе, — адзначыла яна. — Для здачы экзаменаў створаны вельмі добрыя ўмовы. Створана і дзяржаўная камісія па кантролі за правядзеннем уступнай кампаніі.

Наталля Уладзіміраўна адзначыла, што сёлета ЦЭ і ЦТ здаюць на 7 тысяч чалавек больш, чым летась:

— Больш за 66,2 тысячы зарэгістравана на ЦТ, больш за 59,1 тысячы — на цэнтралізаваны экзамен. Створаны 144 пункты, дзе можна здаць ЦЭ, і 40 — для здачы ЦТ.


Таксама Наталля Пяткевіч канстатавала, што ў гэтым годзе дзяржаўная камісія створана кіраўніком дзяржавы значна раней і арганізавана па наступным прынцыпе: шэсць камісій па абласцях, якія ўзначальваюць абласныя старшыні камітэтаў дзяржкантролю, плюс 323 камісіі, створаныя непасрэдна ва ўстановах адукацыі, дзе размешчаны пункты здачы ЦЭ і ЦТ. Гэтыя камісіі ўзначальваюцца членамі Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі.

— Я так падрабязна ўсё гэта расказваю для таго, каб падкрэсліць, што дзяржаўная камісія ахапіла ўсе пункты здачы ЦЭ і ЦТ — трэба пракантраляваць адпаведнасць заканадаўству і ўстаноўленым патрабаванням умоў для здачы экзаменаў і, вядома, забяспечыць справядлівасць, — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.

«Мару стаць медыкам»

Пакуль да пачатку экзамена заставаліся яшчэ хвіліны, мы пагутарылі са школьнікамі. Лізавета — выпускніца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, у якім вучацца дзеці ў асноўным з абласцей, але сама яна — мінчанка.

— Мне шмат расказвалі пра яго і пра тое, якія моцныя тут педагогі і падрыхтоўка. Я ні разу не пашкадавала, што паступіла менавіта туды. Вельмі шмат профіляў — фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, англа-матэматычны, філалагічны і іншыя. Сёння я здаю хімію. Як сябе адчуваю? Упэўнена. Удзельнічала ў рэпетыцыйным экзамене і РТЦ, вынікі былі добрымі. Спадзяюся, што і сёння іх пацверджу, бо я так мару стаць медыкам.


Настрой — перамагаць

Наталля Валер’еўна, класны кіраўнік 11 класаў Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, за сваіх дзяцей, вядома, хвалюецца. За кожнага з 43 — менавіта столькі сваіх выхаванцаў яна прывезла на цэнтралізаваны экзамен.

— Я шматдзетная мама, — жартуе настаўнік.

— Ці хопіць сэрца хвалявацца адразу за такую колькасць дзяцей?

— Мы ехалі сюды з бадзёрым настроем, з упэўненасцю — у нас усё атрымаецца. Так і будзе.

Профіль падрыхтоўкі ліцэістаў, якіх прывезла на ЦЭ Наталля Валер’еўна, — хіміка-біялагічны, таму большая іх частка здае біялогію і некалькі чалавек — хімію. Асноўная маса яе выпускнікоў плануе паступаць у медуніверсітэты. Сярод вучняў педагога — хлопец, які выйграў універсітэцкую алімпіяду ў Гродне.

— Ён ужо практычна студэнт, — ганарыцца дасягненнем выхаванца настаўнік. І дадае, што жадае ўсім выпускнікам выцягнуць і сёння, і на наступным экзамене свой шчаслівы білет.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю