Top.Mail.Ru

Рэнесанс ХХІ стагоддзя

Сумесныя праекты Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і галерэі FARBA працягваюць здзіўляць гледачоў яркімі эксперыментамі, цікавымі інсталяцыямі і атмасферным паглыбленнем у выбраную эпоху. Новы выставачны праект «Рэнесанс: бясконцае натхненне» знаёміць наведвальнікаў з творчасцю сучасных беларускіх мастакоў, якія прапаноўваюць вярнуцца ў знакамітую эпоху Адраджэння і паглядзець на яе з іншага ракурсу.


Арт-аб’екты, квесты, інтэрнэт-мемы, імерсіўныя фільмы — гэта толькі невялікая частка экспазіцыі, якая імкнецца расказаць пра эпоху Леанарда да Вінчы, Сандра Бацічэлі, Мікеланджэла Буанароці не сухой акадэмічнай мовай, а праз розныя праявы таго часу. Ні для каго не сакрэт, што Рэнесанс моцна паўплываў на ўсе сферы мастацтва, і нават сёння мы бачым яго ў шэрай паўсядзённасці. Многія сучасныя мастакі і дызайнеры чэрпаюць натхненне ў эстэтыцы Рэнесансу, а прынцыпы лінейнай перспектывы, распрацаваныя ў эпоху Адраджэння, да гэтага часу выкарыстоўваюцца ў выяўленчым мастацтве, архітэктуры, а таксама ў лічбавым дызайне і камп’ютарнай графіцы. Такім чынам, нягледзячы на аддаленасць у часе, спадчына Рэнесансу працягвае жыць і ўзбагачаць сучасную культуру.

12_20_А.jpg

Фрагмант экспазіцыі

Паглыбляе наведвальнікаў у тэму экспазіцыі арт-квест, які арганічна размясціўся сярод жывапісу і скульптуры. Гэта характэрная рыса ўсіх праектаў галерэі FARBA і НЦСМ — аб’ядноўваць традыцыі і інавацыі. Аўтар квеста Юлія Давыдава прапаноўвае гледачам адчуць сябе ў ролі дэтэктыва і з дапамогай падказак знайсці таго, хто ў 1911 годзе скраў знакамітую «Джаконду». 

Цікавая зона адпачынку «Сон Адраджэння», нягледзячы на ўтульнасць, спрабуе ў мяккай форме нагадаць гледачам, што мастацтва ў розны час — і ў эпоху Рэнесансу, і сёння — становіцца ахвярай ваенных канфліктаў і вандалізму, таму яго захаванне патрабуе не толькі майстэрства рэстаўратараў і музейшчыкаў, але і разумення яго культурнай каштоўнасці кожным чалавекам.

З дапамогай інтэрактыўнага праекта «Асцярожна, квітнее Рэнесанс!» можна ўбачыць, як ажываюць вядомыя на ўвесь свет творы эпохі Адраджэння. Напрыклад, у карціне Бацічэлі «Вясна», дзе батанікі налічылі больш за 500 відаў кветак, якія сімвалізуюць урадлівасць і аднаўленне, наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з распаўсюджаным сімвалам Рэнесансу і літаральна ўбачыць квітненне.

Для міленіялаў, зумераў і наступных пакаленняў арганізатары выстаўкі распрацавалі шэраг інтэрнэт-мемаў, у аснову якіх пакладзены жывапісныя творы эпохі Адраджэння. Побач з кожным можна ўбачыць фота арыгіналаў, а таксама пазнаёміцца з гісторыяй стварэння твораў. Сярод прадстаўленых работ — «Сікстынская Мадонна» Рафаэля Санці, «Нараджэнне Венеры» Сандра Бацічэлі, «Містычнае навучанне Святой Кацярыны» Франчэска Мацола Парміджаніна і іншыя.

Яна Доўнар таксама прыўнесла атмасферу сучаснасці ў велічную эпоху Адраджэння і стварыла праект «#starterpacknotai. Renaissance edition». Для пачатку трэба растлумачыць, што #starterpacknotai — гэта творчы рух, які ўзнік зусім нядаўна як рэакцыя мастакоў і ілюстратараў на папулярны трэнд стварэння «starter pack» з дапамогай штучнага інтэлекту. Трэнд уяўляе сабой стылізаваныя выявы, што нагадваюць скрынку з цацкай — фігурка ў акружэнні прадметаў, якія характарызуюць выбраную асобу. Апошнім часам такія выявы сталі масава генерыравацца з дапамогай нейрасетак, што прывяло да страты індывідуальнасці. У адказ на гэта мастакі пачалі ствараць уласныя версіі «starter pack» з дапамогай традыцыйных мастацкіх сродкаў. Яна Доўнар прапануе гледачам уявіць сітуацыю, пры якой пяць выбітных мастакоў эпохі Рэнесансу сталі б сведкамі сучаснага творчага руху.

12_20_Б.jpg

Леанід Давыдзенка «Торс», 1998 г.

12_20_В.jpg

Сяргей Шафрановіч «З веку ў век», 1997 г.

Кульмінацыяй праекта з’яўляецца імерсіўны фільм «Італьянскае адраджэнне: Джота, да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль Санці, Тыцыян, Бацічэлі». Стужка складаецца з шасці апавяданняў, прысвечаных творчасці кожнага з вялікіх майстроў эпохі Адраджэння. Па традыцыі выявы выдатных шэдэўраў праецыруюцца на розныя паверхні, што дазваляе па-новаму паглыбіцца ў творы далёкага мінулага.

12_20_Г.jpg

Фёдар Ястраб «Нараджэнне міфа», 2005 г.

Праект зацікавіць і дзяцей, і дарослых, а «фірменны» квест ад арганізатараў стане добрай забавай для ўсёй сям’і. Выстаўка працуе да 29 чэрвеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю