Адна з умоў паспяховага развіцця эканомікі — добрыя дарогі. Яны ж даюць доступ да медыцынскіх і сацыяльных паслуг, адукацыйных і культурных устаноў. Бяспеку на дарогах забяспечваюць якаснае дарожнае пакрыццё, кругласутачнае асвятленне, зручныя тратуары і пешаходныя пераходы. А ўкараненне інавацый дазваляе не толькі павысіць якасць і хуткасць будаўніцтва дарог, але і значна знізіць агульныя выдаткі на іх абслугоўванне.
Новыя тэхналогіі і матэрыялы дапамагаюць стварыць больш бяспечную і эфектыўную дарожную інфраструктуру, што вельмі важна для эканамічнага развіцця рэгіёнаў і паляпшэння якасці жыцця людзей. Стварэннем і ўкараненнем прагрэсіўных тэхналогій, матэрыялаў для будаўніцтва, рамонту і ўтрымання аўтамабільных дарог і штучных збудаванняў на іх займаецца Беларускі дарожны навукова-даследчы інстытут «БелдарНДІ». Пра навуковыя і тэхналагічныя распрацоўкі і перспектыўныя кірункі чытачам «Звязды» расказвае дырэктар інстытута Віталій ПІЛАТАЎ.
Усепагодныя тэхналогіі
Наша размова пачалася з папулярнай тэмы — мінулай зімы, успаміны пра якую пакуль яшчэ свежыя: панавала яна ўпарта і доўга, ды яшчэ і прынесла з сабой магутны цыклон «Улі».
— Цыклон сапраўды быў магутным і ўнёс пэўныя цяжкасці ў дарожную абстаноўку, — пацвердзіў дырэктар інстытута. — Але ў нашых дарожнікаў ужо быў вопыт барацьбы са снежнай стыхіяй — «Хаўер» памятаеце? Мінулай зімой абышліся без цяжкіх наступстваў, дарожныя арганізацыі цалкам справіліся са сваёй задачай і забяспечылі праязджальнасць па дарогах, прадухілілі зімовую слізкасць.
Па словах Віталія Міфодзьевіча, па-за залежнасці ад таго, якой была зіма, праблема ямачнага рамонту застаецца актуальнай. Таму спецыялісты інстытута працуюць над тым, каб дарожнікі не ўстаранялі наступствы халоднага сезона, а папярэджвалі іх.
.jpg)
— Для гэтага распрацаваны спецыяльныя рамонтныя сумесі, — працягвае ён. — Варта адзначыць, што ў апошнія гады дзякуючы своечасовай замене верхніх слаёў пакрыццяў аб’ём ямачнага рамонту значна знізіўся. З ямачнасцю змагаюцца і з дапамогай халодных сумесяў, у тым ліку са спецыяльнымі дабаўкамі. Напрыклад, такая сумесь на аснове асфальтагрануляту была распрацавана спецыялістамі інстытута летась. Яна ўяўляе сабой пластычны матэрыял, у якім аднаўляюцца звязвальныя ўласцівасці бітуму.
У выніку дарожнае пакрыццё атрымлівае адрамантаваныя ўчасткі з характарыстыкамі, падобнымі да гарачага асфальтабетону.
Заканчваючы тэму зімовага ўтрымання дарог, Віталій Міфодзьевіч спыніўся на ўжыванні процігалалёдных сумесяў. Ён адзначыў, што для апрацоўкі дарог могуць прымяняцца два віды тэхнічнай солі — галіт маркі А і маркі У, прычым як у чыстым выглядзе, так і ў спалучэнні з пяском у розных прапорцыях. Адна з пераваг такіх процігалалёдных матэрыялаў крыецца ў тым, што соль здабываецца ў нас на «Беларуськаліі», і гэта, сцвярджае дырэктар, добра патанняе працэс барацьбы з зімовай слізкасцю:
— Сёння гаворка ідзе пра тое, што процігалалёдныя матэрыялы ў выглядзе раствораў працуюць ва ўмовах галалёду значна больш эфектыўна, чым сухія. Ёсць вопыт выкарыстання такіх раствораў у Магілёўскай вобласці, і ён паказаў добры вынік. Значыць, мы будзем распрацоўваць адпаведныя нарматыўныя дакументы і маштабаваць тэхналогію.
Асфальтабетон з гумавай дробкай
Усё часцей ужываецца тэхналогія павышэння апорнай здольнасці дарог за кошт рэгенерацыі старых пакрыццяў з пераводам іх у паўцвёрдыя пласты — з матэрыялаў на аснове цэментных звязвальных, адзначае Віталій Пілатаў:
— На доследных участках дарог выпрабаваны нашы новыя дабаўкі, якія паказалі добрыя вынікі, а на прадпрыемствах зборнага жалезабетону для маставых і дарожных канструкцый яны ўкаранёны ў прамысловым маштабе і ўжо шырока выкарыстоўваюцца.
Больш за 10 гадоў на вытворчым участку інстытута выпускаюць мадыфікатар на аснове другаснай гумавай крошкі са зношаных аўтамабільных пакрышак. Ён прымяняецца для падрыхтоўкі шчэбенева-мастычных асфальтабетонаў і дазваляе павышаць тэрмін службы дарожных пакрыццяў у 1,5-2 разы ў параўнанні з традыцыйнымі матэрыяламі.

Даўгавечныя і трывалыя
Прымаючы справаздачу ўрада за 2025 год, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму якасці дарог і адзначыў, што асфальтавае пакрыццё схільнае да разбурэння ва ўмовах надвор’я беларускай зімы, таму, дзе гэта мэтазгодна, трэба выкарыстоўваць бітум і асабліва — цэмент. «Таму трэба ўпор рабіць на бетанаванні», — арыентаваў дарожную галіну кіраўнік дзяржавы.
— У нас для гэтага ёсць усё неабходнае: і тэхналогіі, і тэхніка, і станоўчы вопыт эксплуатацыі такіх дарог, — запэўнівае Віталій Пілатаў. — Перавагі гэтага дарожнага адзення ўжо ацанілі не толькі карыстальнікі дарог — вадзіцелі, але і спецыялісты-дарожнікі: яно даўгавечнае і не патрабуе вялікай колькасці дробных рамонтаў. Тэрмін службы такой дарогі — да 40–50 гадоў, а міжрамонтны перыяд павялічваецца да 25–30 гадоў.
У інстытуце створана ўпраўленне мінеральных матэрыялаў і бетонаў, што распрацавала лінейку высокаэфектыўных дабавак, якія дазваляюць значна павысіць эксплуатацыйныя ўласцівасці не толькі дарожнага цэментава-бетоннага пакрыцця, але і маставых канструкцый.
— Падвышаная трываласць дарог з цэментава-бетонным пакрыццём дазваляе павялічыць транспартны паток і не абмяжоўваць рух вялікагрузаў у летні перыяд. Яшчэ адзін плюс — адсутнасць каляіны, бо бетон надзейна трымае форму ў любых умовах. Нельга выпускаць з увагі і такія фактары, як істотнае зніжэнне выдаткаў на эксплуатацыю і памяншэнне выкідаў у атмасферу, — канстатаваў кіраўнік БелдарНДІ.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелдарНДІ, Белгіпрадара, Брэстаўтадара