Сёння тэхнічна ўдасканальваюцца не толькі тыя, хто злодзеяў ловіць. Злодзеі таксама пастаянна ўдасканальваюць свае навыкі і спосабы пранікнення ў кватэры, хаты, дачы. Яны выкарыстоўваюць сучасную тэхніку, радыё і мабільную сувязь, набываюць і вырабляюць інструменты, спецыяльна прыстасаваныя для адкрыцця дзвярэй і запорных прылад. На думку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, праблема папярэджання і раскрыцця крадзяжоў маёмасці грамадзян, звязаных з пранікненнем у жыллё, працягвае заставацца адной з найбольш вострых.
Хто знаходзіцца ў зоне рызыкі, якіх візітаў няпрошаных гасцей варта пазбягаць, як распазнаць злодзея або махляра, а галоўнае, як надзейна засцерагчы сябе і сваё жыллё ад замахаў, расказвае начальнік Цэнтральнага (г. Мінска) аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Андрэй ШЫЛКО.
— Калі казаць пра зону рызыкі, то туды трапляюць перш за ўсё памяшканні, якія на некаторы час — дзень, тыдзень, месяц, сезон — застаюцца без нагляду гаспадароў, — канстатуе Андрэй Віктаравіч. — Кватэры, дамы, дачы, катэджы — крадзяжы ў іх, як правіла, здзяйсняюцца так званым кваліфікаваным спосабам: узломам дзвярэй, падборам ключоў, выбіваннем. Часцей за ўсё гэта адбываецца, калі зламыснікам дакладна вядома, што гаспадары на працы, у адпачынку, праводзяць выхадныя на дачы, альбо, наадварот, вярнуліся пасля летняга адпачынку ў горад. Але гэта не адзіны спосаб, якім злачынцы могуць пранікнуць у кватэру.
Давярай, але правярай
Па словах Андрэя Шылко, злачынцы могуць трапіць у жыллё, карыстаючыся даверам гаспадароў.
— Падобныя крадзяжы ў пэўных колах класіфікуюцца «шляхам свабоднага доступу», — гаворыць ён. — За гэтай фармулёўкай — выпадковы знаёмы, запрошаны даверлівым гаспадаром у госці, ўпушчаныя ў загарадны дом або кватэру людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі ЖЭКа, сабеса, распаўсюджвальнікамі рэлігійнай літаратуры або якіх-небудзь тавараў. Калі ў іх не атрымліваецца адцягнуць увагу гаспадара ці, не дай бог, прымяніць да яго фізічную сілу, яны паспрабуюць разглядзець абстаноўку дома...
Наш суразмоўца патлумачыў, што так праходзіць разведка ў жыллі будучай ахвяры: наколькі заможна жыве, дзе ляжаць дадатковыя камплекты ключоў і каштоўнасці, дзе знаходзіцца месца захоўвання дарагога сельскагаспадарчага інвентара або тэхнікі. Цалкам верагодна, незнаёмцы вернуцца сюды крыху пазней, калі гаспадароў ужо не будзе дома.
— Дарэчы, не выключана, што чалавек, які стаіць на парозе вашага жылля і прапануе, напрыклад, «страхаванне жыцця на выпадак землятрусу», проста абзвоньвае дзверы ў кватэрах і дамах, — працягвае Андрэй Шылко. — Злодзеям гэты абзвон патрэбны, каб разлічыць, хто ў пэўны час знаходзіцца дома, а хто — не. У такім выпадку варта патэлефанаваць у арганізацыю, «прадстаўнікі» якой пастукаліся ў вашы дзверы, і ўдакладніць, ці сапраўды яны накіроўвалі свайго супрацоўніка па вашым адрасе.
Дстатаку любіць цішыню
Прадстаўнік праваахоўнага ведамства настойліва рэкамендуе не дэманстраваць, што вы жывяце ў дастатку. Не варта распавядаць аб вашых даходах і набытках нават блізкім знаёмым, якія, самі таго не падазраючы, могуць стаць наводчыкамі для злодзея. Варта папярэдзіць сваіх дзяцей, каб у школе яны не расказвалі аб фінансавых падрабязнасцях вашай сям’і.
— Трэба быць назіральным і звяртаць увагу на тэлефонныя званкі і званкі ў дзверы, — папярэджвае ён. — Падазрона стаўцеся да незнаёмцаў, якіх вы можаце сустрэць каля вашага дома, у вашым пад’ездзе або каля свайго ўчастка. Устанавіце сяброўскія адносіны з суседзямі, ад’язджаючы на працяглы час, папрасіце, каб яны стварылі эфект вашай прысутнасці — пратоптвалі дарожку да дома, праціралі ўваходныя дзверы, даставалі карэспандэнцыю з паштовай скрыні, час ад часу ўключалі ў вас дома святло і тэлевізар і гэтак далей.
Дзверы на замок!
Андрэй Шылко нагадвае старую добрую ісціну пра тое, што не варта пакідаць ключы ў нейкім умоўленым месцы, напрыклад, пад палавіком або ў паштовай скрыні.
— Вы будзеце здзіўлены, але ў нашым прадуманым свеце яшчэ ёсць людзі, якія так і робяць, — канстатуе ён. — Будзьце ўважлівыя — заўсёды зачыняйце дзверы, нават калі на хвілінку выходзіце да суседкі або па хлеб. Адкрыўшы дзверы, не забывайце ключы ў замочнай шчыліне, а страціўшы іх, абавязкова памяняйце замкі. Заўсёды зачыняйце не толькі дзверы, але і вокны, форткі. Нялішнім будзе ўмацаваць дзвярную каробку, а самі дзверы пажадана абсталяваць дадатковымі замкамі і ланцужком.
Грантыя бяспекі
— Самы дзейсны сродак барацьбы з кватэрнымі крадзяжамі — гэта ўстаноўка ахоўнай сігналізацыі, — кажа палкоўнік міліцыі. — Дагавор з Дэпартаментам аховы стане гарантыяй бяспекі для вас і вашай маёмасці, а для злодзеяў абернецца рэальным тэрмінам — пры спрацоўванні сігналізацыі нарад міліцыі прыедзе праз 3-5 хвілін. Гэтага часу проста фізічна не хопіць зламыснікам, каб абчысціць кватэру, затое будзе дастаткова праваахоўнікам, каб іх затрымаць. Для ўстаноўкі сігналізацыі неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльны (г. Мінска) аддзел Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, да ўчастковага або ў раённы орган унутраных спраў і напісаць заяву.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота прадастаўлена Дэпартаментам аховы МВД