Top.Mail.Ru

Што чакае пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд?

Заключны этап універсітэцкіх алімпіяд у рэгіянальных вышэйшых навучальных установах завершаны. Удзел у ім узялі 3,6 тысячы чалавек і гэта на 500 больш, чым у 2024 годзе. Аб чым гаворыць такі вынік і што чакае пераможцаў алімпіяд, расказвае кансультант Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Жытнікава.


— Колькасць удзельнікаў алімпіяднага руху сведчыць, што цікавасць школьнікаў да яго расце, і, вядома, колькасць таленавітых дзяцей, якія годна выступаюць у інтэлектуальных спаборніцтвах, таксама расце, — дзеліцца спецыяліст міністэрства.

Паводле яе слоў, немалаважную ролю іграе магчымасць для пераможцаў універсітэцкай алімпіяды — уладальнікаў дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступеняў — стаць студэнтамі яшчэ да пачатку ўступнай кампаніі. Летась у рэгіянальныя ўніверсітэты было залічана 375 пераможцаў алімпіяд вышэйшых навучальных устаноў.

— Пераможцамі ўніверсітэцкіх алімпіяд сталі больш за 1,3 тысячы чалавек, — працягвае Наталля Жытнікава. — Усе яны рэкамендаваныя да залічэння без уступных выпрабаванняў на запатрабаваныя спецыяльнасці. На атрыманне статусу студэнта кожны з іх зможа разлічваць у пачатку ліпеня, да пачатку прыёму на агульных падставах. Не пазней за 1 красавіка на сайтах ВНУ, інтэрнэт-рэсурсах і ў СМІ будуць апублікаваныя квоты для ВНУ па залічэнні пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд. Як і ў 2024 годзе, так і сёлета на кожнай спецыяльнасці алімпіяднікі змогуць заняць не больш як 15 % месцаў ад кантрольных лічбаў прыёму. Калі ахвотных паступіць акажацца больш, прыярытэт у залічэнні — уладальнікам дыпломаў з больш высокай ступенню.

Мы пацікавіліся ў суразмоўніцы, якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя ў абітурыентаў-алімпіяднікаў.

— У топ-5 па традыцыі ўвайшлі медыцынскія, інжынерныя, лінгвістычныя і педагагічныя спецыяльнасці. Сярод найбольш запатрабаваных у абітурыентаў-алімпіяднікаў спецыяльнасцяў — медыцынскія — у Гродзенскім, Віцебскім і Гомельскім дзяржаўных медыцынскіх універсітэтах. Спецыяльнасці «Штучны інтэлект» і «Электронныя сістэмы і тэхналогіі» лідзіруюць у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. «Гісторыю» і «Сучасныя замежныя мовы» выбіраюць абітурыенты-алімпіяднікі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Я. Купалы. У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі цікавымі і перспектыўнымі лічаць спецыяльнасці «Водныя біярэсурсы і аквакультуры» і «Абарона раслін і каранцін».

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд у большасці ВНУ адбудзецца 22 сакавіка падчас правядзення рэспубліканскага Адзінага дня адкрытых дзвярэй.

Фота: ВДУ імя П. М. Машэрава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю