Цэнавая сітуацыя ў рознічным гандлі заўсёды застаецца ў полі зроку дэпутатаў усіх узроўняў. Цяпер, на пачатку вясны, асабліва важнай выглядае даступнасць агародніны і фруктаў, якія вырошчваюцца ў нашай краіне. Апошняе падкрэслівалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы 28 лютага. «Людзям павінна быць па кішэні самае простае: капуста, цыбуля, бульба, морква, яблыкі», — сказаў тады Прэзідэнт. Карэспандэнты «Звязды» ў рэгіёнах разам з дэпутатамі вывучылі сітуацыю ў розных аб’ектах гандлю: ад супермаркета да аўтакрамы.
Агародніна і фрукты — даступныя
Пра даступнасць прадуктаў, сацыяльную накіраванасць палітыкі гандлёвых сетак Брэста і Брэсцкага раёна на тыдні мы гаварылі з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Андрэем КРУПЕНЬКІНЫМ. Нядаўна Андрэй Канстанцінавіч наведваўкрамы райспажыўтаварыства ў Астрамечаве, гандлёвыя пункты фірмаў «Прадтавары» і «Санта» ў абласным цэнтры.
У краме аграгарадка Астрамечава адзначыў добры асартымент, наяўнасць тавараўад розных вытворцаў. У гарадскіх крамах звярнуў увагу на даступнасць агародніны і фруктаў айчыннай вытворчасці. Паводле слоў дэпутата, рост цэн на асноўныя прадукты харчавання адбываецца ў адпаведнасці з інфляцыяй. Цана на сацыяльна значныя прадукты за месяц узрастае прыкладна на капейку-дзве, што сведчыць аб нізкім узроўні інфляцыі.
Узяць удзел у грамадскім маніторынгу цэн у магазіне прадпрыемства «Прадтавары» па вуліцы Валгаградскай абласнога цэнтра па запрашэнні карэспандэнта газеты згадзілася пастаянная пакупніца, пенсіянерка Таццяна Таміліна. Цэнавая сітуацыя на агародніну і фрукты выглядала так: бульба прапаноўвалася па цане 1,07 рубля за кілаграм, капуста — 1,24 рубля, цыбуля — 1,78 рубля, морква — 1,30 рубля. Яблыкі былі ў сетках з разліку 2,11 рубля за кілаграм, нефасаваныя каштавалі 3,83 рубля. Айчынныя агуркі прадаваліся па 6,33 рубля. Таматаў беларускай вытворчасці не было ў наяўнасці, самыя танныя расійскія прадаваліся па 11,56 рубля. Была зеляніна ад беларускіх вытворцаў, фасаваная па 50 грамаў, коштам ад паўтара да 1 рубля 85 капеек.
Дарэчы, і заморскія фрукты тут прапаноўвалі цалкам па дэмакратычнай цане: бананы каштавалі 6,59 за кілаграм, лімоны — 6,99. Таццяна Васільеўна падкрэсліла, што ўсё гэта прадаецца танней, чым, напрыклад, на суседнім рынку, за выключэннем, можа, памідораў. Яшчэ наш «народны эксперт» прывяла такія прыклады: свой любімы сыр яна купіла тут за 2,89 рубля, у крамах іншых сетак і іншых формаў уласнасці ён ужо даўно каштуе больш за 3 рублі. Як і яе любімае печыва, тут яна купляе яго па цане 1,29 рубля за пачак, а іншыя прапануюць больш чым за паўтара рубля. «Капейка да капейкі — для пенсіянера эканомія. Таму і выбіраю магазіны, якія не надта накручваюць цэны», — адзначыла Таццяна Таміліна.
Варта падкрэсліць, што малако і малочныя прадукты ў краме прапаноўваліся на выбар не менш чым ад пяці вытворцаў. Быў адзначаны багаты асартымент мясных і каўбасных вырабаў.
Дэпутат Андрэй Крупенькін пагадзіўся з нашым экспертам у тым, што асноўныя агародніна і фрукты выглядаюць даступнымі для насельніцтва, як і іншыя прадукты сацыяльнай накіраванасці.
Ад малочкі да «горніка»
Старшыня Ельскага раённага Савета дэпутатаў Гомельскай вобласці Аксана Захарчанка падчас нядаўняга маніторынгу цэн і асартыменту сацыяльна значных тавараў сельскіх гандлёвых аб’ектаў наведала крамы ў аграгарадку Кочышчы.
Іх у населеным пункце дзве, адкрытыя індывідуальнымі прадпрымальнікамі. У аграгарадку пражывае 340 чалавек, пакупніцкі попыт тут даволі высокі.
Падчас маніторынгу крам дэпутат адзначыла, што забяспечаны асартымент сезоннай плодаагародніннай прадукцыі. Малочныя, мясныя вырабы — некалькімі вытворцамі, як і хлебабулачныя, якія вязуць як з Ельска, так і суседніх Нараўлянскага, Калінкавіцкага Лельчыцкага, Мазырскага раёнаў. Пакупнікі, якія любяць пэўныя маркі «малочкі» ці каўбас, ведаюць дні прывозу пэўных вытворцаў і прыходзяць спецыяльна закупіцца.
Па ўжо адпрацаваным алгарытме цэнавага кантролю дэпутат звярнула ўвагу на агародніну «для баршчу», яблыкі. Асаблівая ўвага і на цэны за кілаграм на сацыяльна значныя тавары ў рамках акрэсленых заканадаўствам меж.
— У маніторынгу нам дапамагае тое, што дэпутаты мясцовых Саветаў, кіраўнікі сельвыканкамаў, упаўнаважаныя старшынь па населеных пунктах — самі жыхары тых жа аграгарадкоў, вёсак фактычна маніторынг гандлёвых аб’ектаў праводзяць штодня, бачаць рэальна, як наладжана харчовае забеспячэнне, — зазначае Аксана Захарчанка.
Падчас маніторынгу гандлёвых аб’ектаў Кочышчаў Аксана Аляксееўна адзначыла даволі шырокі асартымент тавараў усіх груп — харчовых і прамысловых.
— Акрамя таго, тут вяскоўцы могуць заказаць буйнагабарытныя тавары: ад халадзільнікаў, пральных машын да будматэрыялаў. Асаблівым попытам карыстаюцца веласіпеды, прывозяць пад заказ нават «горнікі». Ніяк і без прылад для саду-агарода. Забяспечаны асартымент і касметычных тавараў. У адной з крам устанавілі кава-машыну, і вяскоўцы з радасцю прыходзяць, быццам у кавярню, кажуць, смачна, — расказвае дэпутат.
Для вяскоўцаў важна, што ў краме можна набыць і камбікорм для жывёлы.
Так што мясцовыя пераважна ўвогуле не выязджаюць па пакупкі ў райцэнтр, яшчэ з горада людзі па дарозе не ўпускаюць магчымасці заехаць у Кочышчы па прысмакі.
Ад цыбулі-сеянкі да сувеніраў
Уласны карэспандэнт «Звязды» па Віцебскай вобласці вывучала стан гандлёвых спраў разам са старшынёй Лятчанскага сельскага Савета дэпутатаў Віцебскага раёна Аленай Пузырэўскай.
Для маніторынгу былі абраны дзве крамы ў вёсцы Малыя Лётцы. Параўнаць асартымент і цэны, вядома, цікава як у прыватнай, так і ў краме райспажыўтаварыства. Апошняя, якая належыць Бешанковіцкаму райспажыўтаварыству, размясцілася побач з вядомым у краіне санаторыем «Лётцы».
Крама здзіўляе маленькімі памерамі і такім жа невялікім пералікам тавараў. На паліцы з садавіной і гароднінай адзінока ляжаць некалькі качаноў капусты па 1,25 за кіло, нядрэнная цыбуля па 1,80 за кілаграм. Бульбы выбар зусім невялікі, яблыкаў на паліцы не засталося ўвогуле, але цэннік сведчыць, што іх можна набыць па 3,46. «А заўсёды такія перабоі з гароднінай і садавіной?» — пытаюся я ў прадаўца. «Свежы завоз у аўторак і пятніцу, выбар будзе, проста пакуль усё скончылася», — бойка адказвае жанчына.
«Такая невялічкая крама разлічана больш на наведвальнікаў і работнікаў санаторыя. Мясцовыя ж ахвотней абіраюць прыватную краму „Зорка“ — там не толькі даволі шырокі асартымент прадуктаў, але і зручнае месцазнаходжанне», — расказвае старшыня Лятчанскага Савета дэпутатаў.
Прыватная «Зорка» знаходзіцца каля дарогі, непадалёку ад чыгуначнай станцыі і насупраць другой здраўніцы паўночнага рэгіёна — санаторыя «Чыгуначнік». Звяртаем адразу ўвагу на халадзільнік з садавіной і гароднінай: бананы прапаноўваюць па 7,84, лімоны — па 6,97, памідоры — па 10,85, апельсіны можна набыць па 5,84 за кіло, пекінская капуста — па 7,36. Агуркі, пэўна, да нашага прыходу скончыліся. Здзівіла, што ні бульбы, ні буракоў, ні морквы на вітрыне не знайшлося.
Аднак даволі шырокі выбар мясной прадукцыі: каўбаса вараная і сыравэнджаная (па 23,71 рубля і 26,32 рубля за кіло), сардэлькі па 9,96 — адным словам, цана не адрозніваецца ад гарадской. На паліцы з печывам можна знайсці розныя найменні ад 9 да 15 рублёў за кілаграм, цукеркі на вагу і ў падарункавых каробках. Макаронныя вырабы ў шырокім асартыменце, хлебабулачныя вырабы — таксама, але пад канец дня ўжо выбіраць не даводзіцца. Малочная прадукцыя прадстаўлена некалькімі вытворцамі, прыемна здзівіла разнастайнасць газіраваных напояў: ад папулярных замежных да беларускіх, не менш смачных. Так, напрыклад, двухлітровая бутэлька газіраванага напою з рознымі смакамі магілёўскай вытворчасці каштуе ўсяго 1,58.
У аддзеле з прамысловымі таварамі можна знайсці ўсё неабходнае ад садовых тавараў да сувеніраў. Так, з наступленнем вясны ў продажы з’явіліся ўгнаенні, торф у пакетах, пластыкавыя вёдры і прылады для работы на зямлі. Цыбуля-сеянка — асабліва папулярны цяпер тавар — прапаноўваецца па 10,38 за кілаграм... Ёсць вітрына з сувенірнай прадукцыяй (у санаторыях адпачываюць і замежныя госці). Там можна знайсці габелены з беларускімі краявідамі, саламяныя кошыкі, магніты з гліны і нават тканыя дарожкі-ходнікі за 45 рублёў.
«Па выніках маніторынгу можна адзначыць, што цэны на сацыяльна значныя тавары трымаюцца на адэкватным узроўні. Чаго нельга знайсці ў адной краме, можна адшукаць у іншай, дэфіцыту тавараў не назіраецца», — заключыла Алена Пузырэўская.
А як у аўтакраме?
Не застаюцца па-за ўвагай народных выбраннікаў і крамы на колах: для жыхароў невялікіх вёсак яны часта адзіны пастаўшчык неабходных тавараў. Так, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алег Дзячэнка нядаўна назіраў за работай аўтакрамы ў Дрычынскім сельсавеце Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны.
Аўтакрама прыватная, прыязджае сюды з Бабруйска. Дэпутат прызнаецца: парадавала разнастайнасць тавараў. Аднаго хлеба налічыў некалькі відаў.
— Пагутарыў з прадаўцом і быў прыемна ўражаны, што ўладальніца аўтакрамы спецыяльна вывучае попыт сярод насельніцтва і папаўняе асартымент у адпаведнасці з ім, — канстатуе Алег Дзячэнка. — Вітаміннай прадукцыі таксама хапае, але мінус у тым, што мала гародніны айчыннай вытворчасці. У асноўным толькі цыбуля беларуская…
Старшыня Асіповіцкага райсавета Уладзімір Рыжанкоў адзначае, што за аснову для кантролю цэн і асартыменту ў аўтакрамах бярэцца інфармацыя аддзела гандлю райвыканкама. Ён дае графікі руху крам на колах па часе і па даце.
— І мы дакладна ведаем, дзе і калі чакаць аўтакраму ў тым ці іншым населеным пункце. Напрыклад, у 10.00 яна павінна быць у вёсцы Вялікі Бор, і старшыня сельсавета загадзя туды пад’язджае — сёння ўсе яны забяспечаны транспартам — і вывучае прадукцыю і цэны.
У цэнтры ўвагі дэпутатаў — тавары з асноўнага спажывецкага кошыка: малочныя і мясныя прадукты, хлебабулачныя вырабы, яйкі, гародніна, садавіна... Цэны параўноўваюцца паміж рознымі пастаўшчыкамі, што і адлюстроўваецца ў справаздачы. Старшыня райсавета потым пераадрасоўвае гэтую інфармацыю ў аддзел гандлю для аналізу. Разам з фота, якія дасылаюць яму дэпутаты.
— Калі ёсць нейкія адхіленні ў цане на прадукты, разбіраемся, — удакладняе старшыня райсавета. — Але выпадкаў, калі сур’ёзна завышаліся б цэны, не было.
Фота аўтараў