Top.Mail.Ru

Што хвалюе пакупнікоў?

Гандаль — адна з самых важных сфер у нашым жыцці, і ўвага грамадскасці адпаведная. Асабліва да гандлю ў невялікіх населеных пунктах, на чым неаднойчы факусіраваўся Прэзідэнт. «Мы ўсяляк падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вёску. Менавіта ў абслугоўванні жыхароў вёсак і маленькіх пасёлкаў заключаецца сацыяльная роля спажывецкай кааперацыі. У тым ліку і па якасці вашай працы людзі ацэньваюць усю вертыкаль улады. Гэта значыць, вы аблічча гэтай улады. І гэта народная ацэнка павінна быць толькі станоўчай», — паставіў Аляксандр Лукашэнка задачу перад удзельнікамі агульнага сходу Белкаапсаюза.


З таго сходу мінуў амаль год. Мы вырашылі пацікавіцца народнай ацэнкай работы гандлю ў саміх спажыўцоў, дакладней, у прадстаўнікоў мясцовага самакіравання, да якіх людзі ідуць са сваімі праблемамі.

З аўтакрамай на сувязі

У Цяхцінскім сельсавеце Бялыніцкага раёна аўтакрама, лічы, — галоўны ўніверсам. Адзіны стацыянарны магазін знаходзіцца ў Цяхціне, астатні 21 населены пункт сельсавета карыстаецца паслугамі перасовачнай. Яшчэ летась у вёсцы Станцыя Друць працавала прыватная крама, але які там гандаль, калі ў населеным пункце ўсяго 50 жыхароў...

Праз сельсавет пралягае два маршруты, па якіх праз дзень курсіруе «Купава» ад Бялыніцкай райспажыўкааперацыі. Адзін дзень едзе з Бялыніч у бок вёскі Станцыя Друць, на другі — да Бахані. Вадзіцель, ён жа прадавец, лічы, для насельніцтва, а гэта 1080 жыхароў сельсавета, свой чалавек. Кажуць, душэўны, любы заказ выканае. Пакупнікі, калі ім нешта патрэбна, наўпрост яму тэлефануюць. І ён нікога не крыўдзіць. Прыязджае своечасова, не прымушае сябе доўга чакаць.

— Наша насельніцтва даўно прывыкла да абслугоўвання на колах, — запэўнівае старшыня Цяхцінскага сельсавета Дзяніс Руцкі. — Аўтакрама таварамі насычаная, акцэнт робіцца на заказы жыхароў. Трэба таматы або салата — абавязкова прывязуць. Заўсёды ў наяўнасці тавары першай неабходнасці: малако, хлеб, масла, каўбаса, макарона, крупы...

Першы маршрут даўжэйшы — 40 кіламетраў, на ім дзевяць вёсак: Асавец, Монеўка, Цяхцін, Вугольшчына, Асмолаўка, Асман-Касаева, пасёлак Ленінскі, Пільшычы, Станцыя Друць. Вёскі ў асноўным маланаселеныя, самая вялікая з іх — Асавец: у ёй жыве чалавек 60. Там аўтакрама паўгадзіны стаіць, каб усе паспелі атаварыцца. У астатніх населеных пунктах жыхароў ад 10 да 20 чалавек. Адпаведна, закупкі адбываюцца хутчэй.

Другі маршрут Бялынічы — Бахані карацейшы, усяго 25 кіламетраў, але на ім 13 населеных пунктаў. Праўда, у дзвюх вёсках жыхароў няма, толькі на лета прыязджаюць дачнікі. Калі яны там, аўталаўка заязджае. А яшчэ — у дзіцячы аздараўленчы лагер, які летам працуе на тэрыторыі сельсавета.

Напярэдадні Новага года Магілёўшчына атрымала 30 новых сучасных гандлёвых аўтамабіляў «МАЗ-Купава». Бялыніцкаму раёну таксама перадалі два. На жаль, Цяхцінскаму сельсавету не пашчасціла. Яго абслугоўвае па-ранейшаму старая «Купава». А ў ёй аглядная вітрына не вельмі добрая. Тым не менш людзі на гэта асабліва не скардзяцца.

— Аўтакрама хоць і старая, але нядрэнная, — запэўнівае старшыня сельсавета. — Райспажыўкааперацыя паклапацілася дадатковае маразільнае абсталяванне ў ёй устанавіць. Таму з марожаным летам праблем не бывае. Попыт на яго цалкам задавальняецца. Асабіста правяраў. Вядома, хацелася б новую машыну. Паабяцалі, што летам абновяць.

На выпадак форс-мажору, калі, напрыклад, прадавец-кіроўца захварэе, пойдзе ў водпуск або машына ў дарозе зламаецца, прадугледжаны варыянт з заменай. Без прадуктаў людзі ні ў якім разе не застануцца, удакладняе дэпутат. У райспажыўкааперацыі ёсць кантакты ўсіх стараст, аператыўна паведамляецца пра змяненні ў графіку. Жыхары таксама своечасова інфармуюцца праз сацсеткі. Там створаны групы, дзе з улікам дачнікаў 1200 падпісчыкаў.

Старшыня сельсавета запэўнівае, што асартыментны пералік аўталаўкі вытрымліваецца, ён сам удзельнічае ў маніторынгах, рэгулярна выязджае на праверкі ў складзе кантрольнай групы з ліку дэпутатаў сельсавета. Прэтэнзій няма.

— Звяртаем увагу на тэрміны прыдатнасці прадуктаў, цану, каб не была завышаная, кантралюем, каб пенсіянерам рабілася прадугледжаная дзяржавай зніжка на сацыяльна значныя тавары. Скаргаў і пажаданняў жыхары не выказваюць. Аўталаўка нават у Цяхцін заязджае, нягледзячы на тое, што тут ёсць стацыянарная крама, — працуе на аддаленых ад яе вуліцах.

«Прыязджае заўсёды, нават калі ніхто не выходзіць»

У склад Празямлянскага сельскага Савета Чашніцкага раёна ўваходзяць 28 населеных пунктаў, толькі ў двух з іх насельніцтва абслугоўваюць стацыянарныя крамы Лепельскага райспажыўтаварыства. Астатнія вёскі сельсавета па раскладзе абслугоўваюць аўтакрамы.

Па словах старшыні сельскага выканаўчага камітэта Мікалая Яроха, перавага сельсавета ў тым, што ён знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці з райцэнтрам, таму праблем з забеспячэннем прадуктамі харчавання і таварамі першай неабходнасці мясцовыя жыхары не маюць. «Апошнім часам асартымент аўталаўкі значна палепшыўся. Раней бывала, што ў наянаўсці не было цукру, солі, запалак. Летам, калі ў буйных населеных пунктах да бабуль і дзядуль прыязджаюць унукі, хутка расходзяцца сезонныя тавары: марожанае, халодныя газіраваныя напоі. У гэты спіс падчас летняга вялікага попыту пакупнікоў можна ўключыць малако, хлеб, мясныя вырабы — гэтых тавараў, здараецца, не хапае жыхарам тых вёсак, якія знаходзяцца напрыканцы маршруту аўтакрамы. Але такія праблемы вырашаюцца гэтым жа днём, крама на колах зноў вяртаецца туды, дзе людзі засталіся без пакупак», — адзначае Мікалай Іванавіч.

З дапамогай раённай улады, а таксама пры цесным узаемадзеянні з прадстаўнікамі Лепельскага райспажыўтаварыства ўдаецца хутка і эфектыўна рэагаваць на заўвагі і пажаданні вяскоўцаў. Так, месцічам не падабаліся па смаку хлебабулачныя вырабы аднаго з заводаў паўночнага рэгіёна, цяпер  аўталаўка прывозіць свежыя боханы з іншага хлебазавода — людзі задаволены.

У вёсцы Цяпіна і аграгарадку Дварэц сельскія жыхары абслугоўваюцца ў стацыянарных крамах райспажыўтаварыства. Асартыментам і цэнавай палітыкай задаволены, а жыхары Дварца могуць выбіраць паміж дзяржаўнай і прыватнай крамай. І, трэба прызнаць, выбар у апошняй шырэйшы. «Праблем з забяспечанасцю таварамі ў нас няма, тым больш што цяпер і ў аддзяленнях паштовай сувязі прадстаўлены шырокі асартымент прадуктаў харчавання. Гэта зручна, пад рукой», — расказвае старшыня Празямлянскага сельсавета, у склад якога ўваходзіць і вёска Зарэчная Слабада.

Яе нямногім жыхарам пашчасціла, напэўна, больш за ўсіх: з райцэнтрам Чашнікі месцічаў звязвае невялікі пешаходны мост, таму рабіць пакупкі можна з раніцы і да позняга вечара. Аднак вёска ўсё роўна знаходзіцца ў полі абслугоўвання аўтакрамы, якая прыязджае сюды кожную суботу незалежна ад пары года і невялікай колькасці пакупнікоў. «Нас у вёсачцы засталося зусім мала, шмат хто пайшоў з жыцця, многія паехалі ў горад. Аднак крама на колах прыязджае заўсёды, нават калі ніхто не выходзіць да яе. Я звычайна хаджу па прадукты ў Чашнікі, гэта недалёка, прыношу суседзям, калі папросяць. Раней мне падабаліся ў аўталаўцы сухары з цукатамі, а цяпер іх чамусьці не прывозяць. І цэны на тавары хоць і не намнога, але вышэйшыя за гарадскія. Але ўсё роўна аўтакрама патрэбна, бо ў нас жывуць людзі з інваліднасцю, якім складана перамяшчацца», — расказала 81-гадовая старэйшына вёскі Зарэчная Слабада Марыя Рабцава.


Каб і смачна, і экалагічна...

«Па маіх разліках пры расфасоўцы 20 кілаграмаў карамелі па 150 грамаў трэба на 23 пакункі больш, чым пры 200-грамовай фасоўцы...» Так у лісце на адрас рэдакцыі сваё меркаванне аб павялічаным расходзе ўпаковачнага матэрыялу пры дробным фасаванні цукерак выказаў Павел Лявонцьевіч, чытач «Звязды» з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.

Наш падпісчык патлумачыў, што апошнія дзесяць гадоў купляе некаторыя прадукты ў аддзяленні пошты, побач з якім жыве. 150-грамовыя пакункі (толькі такія ён сустракае там) цукерак лічыць неэкалагічнымі.

Павел Лявонцьевіч папрасіў рэдакцыю адрасаваць вытворцу пытанне мэтазгоднасці фасавання цукерак ва ўпакоўкі вагой 150 грамаў. Мы звярнуліся ў ААТ «Спартак». Як патлумачыла намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Вольга Наважэнцава, на працягу апошніх 20 гадоў кандытарская фабрыка фасуе сваю прадукцыю ў розных фарматах: ад 150 да 1000 грамаў.

«У гэты ж час праводзіліся маркетынгавыя даследаванні аналагічнай фасаванай прадукцыі іншых вытворцаў, каб зрабіць вынік, якой вазе аддае перавагу пакупнік. Усе змены ў фасоўцы былі праведзены пасля дэталёвых апытанняў сярод нашых спажыўцоў сумесна з гандлёвымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь. Асноўная частка пакупнікоў аддае перавагу менавіта гэтаму фармату як больш зручнаму і практычнаму», — пракаментавала ліст з Брэстчыны прадстаўнік кандытарскай фабрыкі.

Намеснік генеральнага дырэктара падкрэсліла, што прадпрыемства арыентавана на экалагічную ўстойлівасць і імкнецца выбудоўваць вытворчы працэс такім чынам, каб мінімізаваць негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.

Разам з тым суразмоўца адзначыла: «Варыянты пакавання кандытарскіх вырабаў абумоўлены сучаснымі тэндэнцыямі рынку і спажывецкімі перавагамі, якія мы імкнёмся ўлічваць для максімальнага задавальнення нашых пакупнікоў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю