Top.Mail.Ru

Што пераважыць у адносінах Беларусі і Латвіі — залежыць ад абодвух бакоў

Канфрантацыя vs дыялог

Што рабіць, калі твой сусед паводзіць сябе, мякка кажучы, не зусім адэкватна? Адплочваць яму той жа манетай ці ўсё ж знайсці ў сабе сілы і розум для пераадолення канфрантацыі і аднаўлення добрасуседскіх адносін?

Прыкладна такімі пытаннямі 10 верасня задаваліся ўдзельнікі круглага стала «Латвія—Беларусь: канфрантацыя vs дыялог», які быў арганізаваны на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай (ПДУ).

Адносіны паміж Латвіяй і Рэспублікай Беларусь у перыяд са жніўня 2020 года да гэтага часу прайшлі шлях ад прагматычнага добрасуседства да глыбокага дыпламатычнага, ваеннага і эканамічнага крызісу, фактычна дайшоўшы да стану ізаляцыі дзвюх краін адна ад адной.

Асновай адносін нашых краін у дакрызісную эпоху былі ўзаемавыгадныя гандлёва-эканамічныя сувязі. Мяркуйце самі: у 2018 — 2019 гадах штогадовы тавараабарот Беларусі і Латвіі трымаўся на ўзроўні 500-600 млн долараў. Прычым гандлёвы баланс быў на карысць нашай краіны: латвійскі бок адпраўляў нам прадукцыі прыкладна на 100 млн долараў, а ўсё астатняе — гэта нашы пастаўкі. Беларусь экспартавала праз латвійскую партовую інфраструктуру калійныя ўгнаенні, нафту і нафтапрадукты, прадукцыю дрэваапрацоўчай і металургічнай прамысловасці. Адначасова забяспечвала работай мясцовую чыгунку, а таксама пастаўляла ў Латвію танную па еўрапейскіх мерках электраэнергію, выкарыстоўваючы магчымасці энергакальца БРЭЛЛ.

Пасля 2020 года, калі на пандэмію каранавіруса і выкліканы гэтым эканамічны хаос наклаліся наступствы палітычнага крызісу і пагаршэння дыпламатычных адносін, лічбы гандлёвага балансу і структура эканамічных адносін рэзка памяняліся. З-за ўведзеных Еўрасаюзам санкцый, разрыву транспартных зносін агульны аб’ём гандлю паміж нашымі краінамі ўпаў больш як на 80-90 % у параўнанні з дакрызіснымі паказчыкамі. І калі беларусы з транзітам сітуацыю ўрэшце рэшт выправілі, пераарыентаваўшы транспартныя патокі, у латышоў такой альтэрнатывы няма.

Латвія пазбавілася транзітных грошай за карыстанне яе чыгуначнай і партовай інфраструктурай, і зараз галоўная чыгуначная кампанія краіны церпіць чыстыя страты. У мінулым годзе яны спрацавалі ў мінус на амаль 26 млн еўра, а ў гэтым абвясцілі аб скарачэнні персаналу на 30 %. Тое ж самае адбываецца з партамі Рыгі, Вентспілса, Ліепаі, якія паволі ператвараюцца ў музей іржавых кранаў. Сыход Латвіі з агульнага энергетычнага кальца з Беларуссю і Расіяй, а адначасова і адмова ад таннага расійскага газу прывялі да рэзкага падаражэння электрычнасці (толькі ў гэтым сектары страты прыбалтыйскай дзяржавы з 2022 года ацэньваюцца больш як у 600 млн долараў). Узімку 2025 — 2026 гадоў кошт камунальных плацяжоў за сярэднюю двухпакаёвую кватэру ў Латвіі складаў 

200–350 еўра ў месяц, а ацяпленне ўласнай хаты вылівалася і ва ўсе 800 еўра! Адсутнасць таннай расійскай нафты і беларускіх нафтапрадуктаў зараз адклікаецца болем у сэрцах латвійскіх аўтааматараў, вымушаных плаціць на запраўках за бензін і дызель больш за 2 еўра за літр!

Здавалася б: ці гэта не нагода сесці за стол перагавораў і знайсці разумны кампраміс, аднавіўшы ўзаемавыгаднае эканамічнае супрацоўніцтва? Але на ўсе эканамічныя праблемы латышоў урад адказвае яшчэ больш абсурднымі дзеяннямі.

Так, у жніўні 2026 года Латвія, насуперак разумнаму сэнсу і логіцы, пайшла на беспрэцэдэнтны крок, поўнасцю спыніўшы рух праз адзіны пункт пропуску, які заставаўся адкрытым на мяжы з Беларуссю. Пад маркай «тэхнічных прычын» і міфічнай «гібрыднай пагрозы» рыжскія ўлады адным росчыркам пяра адрэзалі тысячы ўласных грамадзян ад блізкіх, якія пражываюць у Беларусі, пазбавіўшы іх магчымасці нармальнага перамяшчэння праз мяжу. Прычым удар быў нанесены менавіта па сваіх людзях, якія могуць, дзякуючы беларускаму бязвізу, у спрошчаным парадку трапляць на тэрыторыю нашай краіны. Беларускія ж грамадзяне ўжо даўно складаюць у чэргах на мяжы мізэрную меншасць, бо латвійскія палітыкі максімальна ўскладнілі для беларусаў уезд у Латвію. Але Рызе і гэтага падалося мала, таму ва ўрад унесены законапраект, які прадугледжвае поўнае спыненне рэгулярных і нерэгулярных аўтобусных пасажырскіх перавозак з Беларуссю і Расіяй да 2027 года.

Ідэалагічнае вар’яцтва прыбалтыйскіх улад закранула і паўсядзённую сферу. 

З 1 верасня 2026 года ў Латвіі ўступіла ў сілу забарона на ўвоз кніг, перыёдыкі, адзення і цацак, вырабленых у Беларусі і Расіі. Латвійскія чыноўнікі сур’ёзна сцвярджаюць, што забарона на ўвоз лялек і зборнікаў казак «пазбавіць Мінск і Маскву даходаў» і «абароніць грамадства ад прапаганды». На справе ж гэты крок ударыў выключна па рускамоўным насельніцтве краіны і маладых сем’ях. А латвійская мытня ператварылася ў дбайнага цэнзара, які надглядае багаж звычайных вандроўцаў на прадмет «нядобранадзейных» чабурашак, машаў і мядзведзяў, а таксама дзіцячых кніжак.

Давяршае карціну рэзкае абвастрэнне ваеннай напружанасці. Пакуль латвійская і іншыя прыбалтыйскія эканомікі імкліва страчваюць даходы, іх тэрыторыі ператвараюцца ў суцэльны палігон для выпрабаванняў тэхнікі НАТА. У верасні па ўсёй Латвіі разгарнуліся маштабныя ўсёабдымныя вучэнні нацыянальнай абароны «Namejs 2026» з прыцягненнем больш за 12 тысяч вайскоўцаў і рэзервістаў, цяжкай бранятэхнікі і баявой авіяцыі. Паралельна больш дробныя вучэнні праходзяць у Літве і Эстоніі. Дзясяткі рэгулярных манеўраў у прыбалтыйскіх дзяржавах не проста дэстабілізуюць рэгіянальную бяспеку — яны наўпрост правакуюць напружанасць на межах Саюзнай дзяржавы. Пастаянныя перакрыцці дарог, пралёты ваеннай авіяцыі, стрэльбы ў непасрэднай блізкасці ад беларускіх і расійскіх рубяжоў ствараюць атмасферу абложанай крэпасці і бясконцай ваеннай пагрозы.

Пры гэтым шматлікія заклікі беларускага боку адумацца і сесці за стол перагавораў застаюцца без адказу. Больш за тое, усё новыя і новыя забароны разбураюць апошнюю надзею на дыялог і прымірэнне, у якасці якой можна разглядаць «народную дыпламатыю». Так, паводле паведамленняў удзельнікаў вышэйзгаданага круглага стала, латвійскія ўлады перашкаджаюць узаемадзеянню не толькі на ўзроўні палітыкі і эканомікі, але і культуры. Поўнасцю спынены сувязі з латвійскімі гарадамі-пабрацімамі. Напрыклад, адзін толькі Наваполацк меў пагадненні аб супрацоўніцтве на ўзроўні гарадоў з Лудзай, Вентспілсам, Смілтэне. Як растлумачыў на круглым стале дэпутат Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Аляксандр Пісарук, сёння ўсе кантакты латвійскім бокам замарожаны і знаходзяцца ў падвешаным стане. Начальнік аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Ірына Лойка расказала, што латвійскія ўлады забаранілі сваім музычным калектывам прымаць удзел у штогадовым міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Рэктар ПДУ Юрый Раманоўскі расказаў аб разрыве супрацоўніцтва з латвійскімі ВНУ, з якімі раней былі дагаворы аб узаемадзеянні — зноў жа, па ініцыятыве супрацьлеглага боку.

Пры ўсіх падобных недружалюбных дзеяннях, з беларускага боку дзверы для дыялогу і аднаўлення адносін адчынены, а такія мерапрыемствы, як круглы стол, які прайшоў у Наваполацку, дазваляюць структураваць праблему, знайсці яе карані і прапанаваць шляхі вырашэння. Тым больш што арганізатары анансавалі ў хуткім будучым другі раўнд абмеркаванняў, куды спадзяюцца запрасіць і прадстаўнікоў Латвіі. Дыялог працягваецца.

Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю