Top.Mail.Ru

Што зменіцца ў сістэме адукацыі краіны з 1 верасня

Школьная форма, правы кіроўцы і бацькі-педагогі

З новага навучальнага года набудуць сілу змяненні ў Кодэксе аб адукацыі. Яны закрануць вучняў і іх бацькоў, выпускнікоў ВНУ і каледжаў, самі навучальныя ўстановы і суб’екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць на камерцыйнай аснове.

Аб асноўных мэтах і прыярытэтах пры распрацоўцы змяненняў у Кодэкс аб адукацыі, аб тым, у сувязі з чым спатрэбілася ўносіць дапаўненні, мы папрасілі расказаць члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Сяргея КЛІШЭВІЧА.

Дэпутат адзначыў, што прынцыпова новыя нормы не ўводзяцца. Па сутнасці, гэта дашліфоўка кодэкса, якая носіць тэхнічны, практычны і аператыўны характар. Заканадаўцам і Міністэрствам адукацыі ўлічвалася ў першую чаргу правапрымяняльная практыка. У цэлым змяненні накіраваны на ўдасканаленне дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, павышэнне якасці адукацыі, далейшае ўмацаванне прэстыжу беларускай сістэмы адукацыі.

Бізнес-адукацыя

— У кодэкс былі ўключаны нормы, накіраваныя на ўдасканаленне сістэмы бізнес-адукацыі, — расказвае Сяргей Клішэвіч. — Цяпер Міністэрства эканомікі па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі зможа прадастаўляць статус бізнес-школ установам вышэйшай адукацыі (раней такі статус маглі атрымліваць толькі камерцыйныя арганізацыі). Норма датычыцца ўстаноў вышэйшай і дадатковай адукацыі дарослых і іх структурных падраздзяленняў у тым выпадку, калі яны рэалізоўваюць праграмы, накіраваныя на фарміраванне ведаў і навыкаў, неабходных для кіравання ў камерцыйных арганізацыях. Гэта і ёсць ключавы крытэрый аднясення да катэгорыі бізнес-школ.

Школы, школьнікі і іх бацькі

— Па-першае, пашыраюцца магчымасці арганізацыі бясплатнага падвозу дзяцей. Напрыклад, раней існавалі невялікія фармальныя праблемы, калі, скажам, падвоз не мог ажыццяўляцца ў межах аднаго населенага пункта. Цяпер праблема аграгарадкоў з вялікімі адлегласцямі, у тым ліку да ўстановы адукацыі, будзе вырашана. Таксама падвоз дзяцей можа быць арганізаваны ў шосты школьны дзень, прычым не толькі ў школу, але і, напрыклад, на экскурсіі і іншыя культмасавыя мерапрыемствы, — заўважыў суразмоўца.

Таксама ён звярнуў увагу на тое, што з гэтага часу на заканадаўчым узроўні выключаецца магчымасць дыстанцыйнага навучання ў іншых краінах пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі на тэрыторыі Беларусі:

— У нашай школе разам з засваеннем зместу навучальных праграм праводзіцца выхаваўчая работа, у аснову якой закладзены ідэалагічны і патрыятычны складнікі, традыцыі і культура беларускай дзяржавы. Таму для навучэнцаў на тэрыторыі Беларусі абавязковыя для вывучэння такія прадметы, як «Гісторыя Беларусі», «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», раздзел «Геаграфія Беларусі». Дыстанцыйныя школы ў іншых дзяржавах не выкладаюць такія прадметы.

Адзначыў Сяргей Клішэвіч і тое, што ў кодэксе ёсць патрабаванне наконт адзення дзелавога стылю, аднак гэта зусім не навацыя, а замацаванне ўжо наяўнай практыкі.

ЦЭ: вызваленне і пераздача

— Шэраг новых пазіцый датычыцца таксама цэнтралізаванага экзамену. Па зваротах бацькоў уведзена норма для вызвалення 11-класнікаў ад ЦЭ па медыцынскіх паказаннях. Гэта дзеці з сур’ёзнымі захворваннямі, якія навучаюцца дома і якія, магчыма, не плануюць атрыманне вышэйшай адукацыі, — для іх гэта права, а не абавязак. Цяпер такая норма дзейнічае толькі ў дачыненні да вучняў дзявятых класаў, — заўважыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў. — Яшчэ адно змяненне датычыцца тых, хто атрымаў па ЦЭ нуль балаў. Яны змогуць пераздаць экзамен у жніўні, а не праз год, і атрымаць такім чынам сертыфікат ЦЭ і атэстат. Такая ж норма аб пераздачы ў рэзервовыя дні ці іншыя тэрміны закране і тых, хто не з’явіўся на ЦЭ па ўважлівых прычынах. Але ўсё гэта з 2026 года.

Карысная занятасць

— Гаворка ідзе пра праграму падрыхтоўкі кіроўцаў. Норма існавала і раней, новаўвядзенні змяненняў кодэкса заключаюцца ў тым, што цяпер яе дзеянне распаўсюджваецца на ўстановы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўсіх пасёлкаў гарадскога тыпу краіны. У такіх населеных пунктах для маладых людзей асабліва актуальная магчымасць і ўменне кіраваць сельскагаспадарчай тэхнікай, механічнымі транспартнымі сродкамі ў цэлым.

З гэтай жа мэтай у кодэкс унесены дапаўненні па прадастаўленні магчымасці засваення навучэнцамі 10-11 класаў спецыялізаваных ліцэяў, сувораўскіх ваенных вучылішчаў, кадэцкіх вучылішчаў, іншых устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, размешчаных у гарадскім пасёлку, сельскім населеным пункце, адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі кіроўцаў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын, — дадаў Сяргей Клішэвіч.

Размеркаванне і пераразмеркаванне

— Ураду даюцца паўнамоцтвы на вызначэнне іншых, акрамя прадугледжаных у кодэксе, выпадкаў ажыццяўлення пераразмеркавання, перанакіравання выпускнікоў, маладых спецыялістаў і рабочых, напрыклад, пераразмеркаванне на службу ў сілавыя структуры. Таксама мяняюцца ўмовы, пры якіх пэўныя перыяды залічваюцца ў тэрмін абавязковай работы па размеркаванні або пераразмеркаванні. Так, перыяды ваеннай, альтэрнатыўнай службы, знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту могуць быць залічаны ў тэрмін абавязковай работы па размеркаванні, калі яны будуць прыпадаць на час водпуску, які даецца выпускнікам, або абавязковай работы па размеркаванні, — растлумачыў парламентарый.

Маладыя спецыялісты

— Сярод навацый — норма аб тым, што маладым спецыялістам, звольненым у сувязі з прызывам, але не накіраваным для праходжання службы, цяпер дадуць гарантыю на заняцце ранейшай пасады на працягу дзесяці дзён з дня атрымання адпаведнага паведамлення ад ваеннага камісарыята (раней тэрмін быў 5 дзён). Калі прызыўнік захварэе або воінскія часці будуць укамплектаваны, маладога чалавека абавязаны ўзяць назад на работу, адкуль нядаўна звольнілі.

Адмова ад накіравання і адказнасць заказчыкаў кадраў

— У кодэксе ўстараняецца прабел у рэгуляванні адпаведных адносін, звязаных з працаўладкаваннем выпускнікоў, накіраваных на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы, калі арганізацыя — заказчык кадраў ліквідуецца, — удакладніў Сяргей Клішэвіч. — Прадугледжваецца, што ад кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў у гэтым выпадку выпускнікі вызваляюцца пры немагчымасці прадастаўлення ім новага месца работы шляхам перанакіравання.

Таксама ён растлумачыў пытанні ўзмацнення адказнасці заказчыкаў мэтавай падрыхтоўкі. Так, у кодэксе прадугледжаны абавязак арганізацыі — заказчыка кадраў пакрыць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, рабочага, служачага, калі ўмовы дагавора будуць неабгрунтавана скасаваны або не выкананы. У цяперашні час такі абавязак прадугледжаны толькі адпаведным дагаворам мэтавай падрыхтоўкі.

І бацькі, і педработнікі

— З 1 верасня прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі афіцыйна атрымаюць статус педагагічных работнікаў. Гэта дазволіць павысіць узровень сацыяльных гарантый для іх, атрымаць аплату за сваю работу і прызнанне дзяржавай значнасці іх дзейнасці. У кожнай вобласці краіны такіх бацькоў некалькі соцень, і падобнае рашэнне стане стымулам для іншых людзей прыняць у сям’ю дзяцей, якія засталіся без апекі.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю