Top.Mail.Ru

Штогод у сельгасарганізацыі накіроўваецца каля 6 тысяч маладых спецыялістаў

У 2024-м прадпрыемствы аграрнай галіны прынялі каля 1,4 тысячы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 4,2 тысячы працаўнікоў з сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Колькі іх застаецца пасля адпрацоўкі неабходнага тэрміну і што патрэбна, каб заставаліся ўсе? Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным распрацаваць стандартны сацыяльны пакет для маладых спецыялістаў, якія будуць працаваць на вёсцы. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў на абласным фестывалі «Дажынкі-2024» у Полацку.


Сельская гаспадарка з’яўляецца адной з прыярытэтных галін эканомікі краіны, куды ўкладваюцца немалыя сродкі: у мадэрнізацыю вытворчасці, развіццё сацыяльнай сферы вёскі і гэтак далей. На сёння істотна скарачаецца доля ручной працы ў сельгасвытворчасці, удасканальваюцца тэхніка і абсталяванне, тэхналогіі. Словам, на сяле патрэбны сучасныя, высокакваліфікаваныя і, як кажуць, «прасунутыя» спецыялісты.

— У сельгасарганізацыях краіны працуюць 224 тысячы кіруючых кадраў, спецыялістаў і прадстаўнікоў рабочых прафесій. Для параўнання: у 1990–1994 гадах у сельскай гаспадарцы былі заняты больш за 1 млн работнікаў, аднак прадукцыі выраблялася ў два разы менш. Пры гэтым сёння выдаткі дызельнага паліва пры вытворчасці прадукцыі скараціліся больш чым у два разы, аўтамабільнага паліва — у 17 разоў, сельская гаспадарка спажывае амаль у два разы менш электраэнергіі, — канстатуе начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір САМСАНОВІЧ. — Я магу назваць яшчэ шмат параметраў, па якіх выдаткі ў аграсектары знізіліся. Гэта сведчыць аб тым, што ён стаў больш тэхналагічным, таму патрэбны работнікі з кваліфікацыяй, якая адпавядае патрабаванням часу.

Каб прыцягнуць перспектыўныя кадры ў вёску, там ствараюцца належныя ўмовы працы і побыту, камфортнага жыцця.

— Дзяржавай у гэтым кірунку праведзена немалая работа. Практычна ў кожным раёне ёсць крыты спартыўны комплекс, басейн, дзіцячыя садкі. З малых населеных пунктаў арганізаваны падвоз дзяцей у школы, — пералічвае Уладзімір Самсановіч.

Нягледзячы на тое, што сёння больш чым у 1,5 тысячы аграгарадкоў інфраструктура практычна не саступае паказчыкам якасці жыцця ў райцэнтрах і куды больш буйных гарадах (а некаторыя з іх прызнаны эталоннымі), набірае тэмпы праект «Вёска будучыні». Гэта, па сутнасці, тыя ж аграгарадкі, але новага ўзроўню — з больш развітой, мадэрнізаванай сацыяльнай інфраструктурай. То-бок, у межах населенага пункта ёсць не толькі неабходны мінімум сэрвісаў, але і шэраг дадатковых. Для кожнай вёскі літаральна распрацоўваецца індывідуальны праект.

Адным з важных кірункаў развіцця аграрнай адукацыі Уладзімір Самсановіч назваў паглыбленне практыкаарыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў. Кіраўнік галоўнага ўпраўлення адзначыў, што 

Мінсельгасхарч сумесна з аграрнымі ВНУ і заказчыкамі кадраў вядзе пастаянную работу па абнаўленні вучэбных планаў і праграм, павышэнні прафесійнага ўзроўню выкладчыкаў, развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, максімальным збліжэнні навучальнага працэсу з вытворчасцю. Практычныя і лабараторныя заняткі, навучальныя і вытворчыя практыкі ў агульным аб’ёме навучальных гадзін складаюць каля 60–70 %.

Студэнты ўжо з першага курса замацоўваюцца за канкрэтнымі сельгаспрадпрыемствамі (заключаюцца дагаворы), у якіх праходзяць практыкі ў перыяд навучання і ў далейшым працаўладкоўваюцца ў іх. Гэта дае магчымасць павысіць якасць практычнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў і іх хуткую адаптацыю ў калектыве.

Важным кірункам у падрыхтоўцы і замацаванні спецыялістаў з’яўляецца і мэтавая падрыхтоўка. Арганізацыі — заказчыкі кадраў, якія накіроўваюць абітурыентаў на навучанне па мэтавых дагаворах, устанаўліваюць для іх даплаты да стыпендый на перыяд навучання, удзельнічаюць у іх падрыхтоўцы ў перыяд праходжання вытворчай і пераддыпломнай практык з наступным выдзяленнем гарантаванага рабочага месца тэрмінам на пяць гадоў. Як вынік — большасць мэтавікоў застаецца працаваць у арганізацыі.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю