Top.Mail.Ru

Скончылася грамадскае абмеркаванне праекта пастановы ўрада, якім уносяцца змены ў Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў

Таксі: удасканаленне і празрыстасць

Адпаведная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 972 была зацверджана ў чэрвені 2008 года. У лістападзе мінулага года запрацаваў Адзіны рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, і гэта стала сур’ёзным крокам да празрыстасці ў рабоце таксі. Прычым як для кампаній, так і для пасажыраў, якія цяпер, сядаючы ў аўтамабіль таксі, могуць пераканацца, што перавозчык, дыспетчар, кіроўца і аўтамабіль унесены ў рэестр. Пасажыру абавязаны выдаць фіскальны чэк, і ён мае права не аплачваць паездку, калі касавы апарат адключаны ці не выдае чэк пры аплаце наяўнымі. Пры гэтым былі сфармуляваны правілы для кіроўцаў: аўтамабіль павінен быць жоўтым або з жоўтай паласой, у ім павінна быць устаноўлена сістэма відэаназірання, сам кіроўца і яго аўтамабіль, роўна як і перавозчык, павінны значыцца ў рэестры. Час прывесці ўсё ў парадак яшчэ ёсць, але да 1 ліпеня 2025 года — з гэтага дня да тых, хто ігнаруе неабходныя патрабаванні, будуць прымяняцца адміністрацыйныя меры.

Работа па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы пасажырскіх перавозак працягваецца. Міністэрства транспарту вынесла на грамадскае абмеркаванне шэраг змяненняў у пастанову Савета Міністраў № 972. Што за змены і як яны паўплываюць на бяспеку і камфорт пасажыраў, расказвае начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй ГЛАДКІ.

— Грамадскае абмеркаванне праекта ўрадавай пастановы доўжылася тыдзень, — кажа начальнік упраўлення Мінтранса. — У выніку да нас паступіла 36 зваротаў як ад перавозчыкаў, так і ад пасажыраў. Шэраг прапаноў мы цалкам падтрымалі, некаторыя пусцілі ў дадатковую прапрацоўку, у тым ліку з бізнес-супольнасцю.

— Якія найбольш істотныя змены плануецца ўнесці?

— Паступае даволі вялікая колькасць заўваг, у тым ліку ў кантрольныя органы, ад пасажыраў, якія скардзяцца на змену таксістамі спосабу аплаты падчас паездкі, — канстатаваў ён. — Дапусцім, кліент выклікаў машыну з аплатай па рэквізітах банкаўскай карткі, а падчас паездкі спосаб аплаты нечакана змяніўся таксістам на наяўныя. Бывае і наадварот: пасажыр змяніў спосаб аплаты падчас паездкі.

У некаторых выпадках, па словах прадстаўніка Мінтранса, падставай для канфлікту паміж пасажырам і кіроўцам становіцца сітуацыя, калі аўтамабіль таксі не абсталяваны касавым апаратам, сумешчаным з таксометрам альбо праграмнай касай, і тады таксіст не можа выдаць чэк, а толькі падаць яго ў электронным выглядзе.

— Падчас грамадскага абмеркавання праекта думкі наконт пытанняў аплаты праезду падзяліліся прыкладна пароўну. Былі як тыя, хто выступае за магчымасць мяняць спосаб аплаты падчас паездкі, так і тыя, хто выказаўся супраць. Таму норма будзе дапрацоўвацца. Я думаю, што мы зможам прыйсці да адной роўніцы, калі будуць улічаны інтарэсы як пасажыраў, так і аўтамабільных перавозчыкаў, — падвёў вынік Андрэй Гладкі.

— Якія яшчэ новаўвядзенні ўключаць змененыя правілы аўтаперавозак пасажыраў?

— Усе транспартныя сродкі павінны будуць аснашчацца відэафіксатарамі пры выкананні перавозак пасажыраў унутры рэспублікі, а месцы для сядзення ў аўтобусах — абсталёўвацца рамянямі бяспекі (двух- альбо трохкропкавымі), — зазначыў Андрэй Гладкі. — Прычым гаворка ідзе не толькі пра аўтамабілі-таксі.

Па словах кіраўніка ўпраўлення, прымяненне камер відэаназірання ў таксі паказала свой станоўчы вопыт, таму іх вырашана ўсталёўваць ва ўсёй пасажырскай тэхніцы.

— Яшчэ адна навіна — абсталяванне рамянямі бяспекі маршрутных таксі і аўтобусаў катэгорыі М3 для прыгарадных і міжгародніх перавозак, — працягвае ён. — У гарадскіх аўтобусах пры гэтым рамяні ўсталёўваць не патрабуецца (невялікія адлегласці і невысокая хуткасць), а вось маршруткі, задзейнічаныя на гарадскіх лініях, мабыць, прыйдзецца дааснасціць.

Плануецца паставіць пад забарону стварэнне так званых «чорных спісаў» пасажыраў, якія, па некаторых даных, вядуць асобныя перавозчыкі і якія з’яўляюцца незаконнымі, паколькі перавозка ў маршрутках і аўтобусах лічыцца публічнай дамовай.

Таксама ў Мінтрансе падзяліліся свежай інфармацыяй аб рабоце адзінага рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах: па стане на 30 красавіка 2025 года ў рэестр уключаны 142 дыспетчары таксі, 300 перавозчыкаў таксі, 33 120 кіроўцаў таксі і 24 000 аўтамабіляў-таксі. Самы высокі паказчык адзначаецца ў Мінску, а таксама ў Брэсцкай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю