6 чэрвеня ў Слаўгарадзе было вельмі ўрачыста і шматлюдна. Горад прымаў удзельнікаў акцыі «Марш Перамогі», якую Мінабароны прысвяціла 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Паглядзець на легендарныя танкі Т-34, ваенную амуніцыю, пазнаёміцца з прадстаўнікамі ваенных ВНУ прыйшлі сотні жыхароў горада і раёна, прыехалі госці з Расіі.
Слаўгарад стаў адным з шасці гарадоў, які атрымаў сёлета вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Каля 11 тысяч савецкіх воінаў і партызан загінулі ў баях за вызваленне раёна. Акупацыя горада працягвалася 864 дні і ночы. Пра гэта ёсць інфармацыя на мемарыяльных плітах, якія ўстаноўлены ў цэнтры горада насупраць райвыканкама. Гэта даніна павагі сучасных слаўгарадчан мужным продкам, якія вызвалялі горад. Пра гады ваеннага ліхалецця ў Слаўгарадскім раёне сёння нагадваюць 127 воінскіх пахаванняў. Брацкая магіла ў гарадскім парку Слаўгарада з’явілася ў 1943 годзе. У 1960-я гады на гэтым месцы быў устаноўлены помнік. Менавіта з урачыстага мітынгу каля яго і пачалася рэспубліканская акцыя ў райцэнтры.
Вітаючы жыхароў і гасцей горада, старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Андрэй Кажамякін адзначыў: вельмі сімвалічна, што горад атрымаў такую высокую ўзнагароду, як вымпел ад Прэзідэнта.
— Тысячы савецкіх салдат цаной уласнага жыцця ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі восенню 1943 года падарылі нам магчымасць жыць пад мірным небам, вызвалілі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — падкрэсліў ён. — Ва ўдзячнай памяці слаўгарадчан назаўсёды застануцца тыя, хто набліжаў гэты дзень. За гады вайны фашыстамі быў знішчаны 51 населены пункт са 106. Гераічная барацьба савецкіх воінаў і народных мсціўцаў, якія вызвалілі Прысожскі край ад карычневай чумы, ушанавана перайменаваннем Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 мая 1945 года гарадскога пасёлка Прапойск у горад Слаўгарад. Мы ганарымся слаўнай гісторыяй і сучаснымі дасягненнямі раёна і гатовыя самааддана працаваць на далейшы яго росквіт.

На мітынгу прагучала папярэджанне, што сёння ў многіх еўрапейскіх краінах спрабуюць перапісаць гісторыю і зносяць помнікі. Але Беларусь разам з Расіяй працягваюць адстойваць гістарычную праўду.
— Знаходзіцца тут, на слаўгарадскай зямлі, для нас, ніжагародцаў, вельмі ганарова, — падкрэсліў кіраўнік прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Андрэй Дудкін. — Дзве дывізіі сфарміраваны ў ваенныя гады ў нас, тады яшчэ горадзе Горкім, у 1941 годзе прайшлі з баямі, адступаючы з Чырвонай Арміяй, а пасля перафарміравання гэтыя ж дзве дывізіі ў рамках аперацыі «Баграціён» удзельнічалі ў вызваленні Белаурсі. Таму мы гістарычна і гераічна непарыўна звязаныя гэтай барацьбой, якую нашы народы прайшлі. Сённяшняе мерапрыемства — моцны пасыл для моладзі, каб яна ніколі не забывала сваіх продкаў, заўсёды імі ганарылася і высока несла сцяг сваёй цудоўнай краіны.
Удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства ўсклалі кветкі да брацкай магілы і далучыліся да свята, якое набірала абароты. Вельмі шмат прысутнічала дзяцей, якія з задавальненнем знаёміліся з перасоўнай выставай рарытэтнага і сучаснага ўзбраення — сродкамі размініравання, сувязі, стралковага прызначэння, трэнажорамі, на якіх навучаюцца будучыя ваенныя спецыялісты. Слаўгарадчане змаглі ўбачыць легендарныя танкі Т-34, паслухаць выступленне духавога аркестра 30-й Чырванасцяжнай асобнай чыгуначнай брыгады транспартных войскаў, пакаштаваць салдацкую кашу. Для іх свае паказальныя нумары дарылі байцы сіл спецаперацый. На лакацыях, арганізаваных у рамках акцыі «Марш Перамогі», жыхары горада зрабілі нямала фота на памяць.
— Гэта мерапрыемства вельмі важнае і значнае, — рэзюмаваў начальнік кірунку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Магілёўскай вобласці палкоўнік Дзмітрый Кірэеў. — Жыхары раёна атрымалі магчымасць убачыць ваенную тэхніку і ўзбраенне, змаглі азнаёміцца з прапановамі ваенных факультэтаў ВНУ Мінска і Ваеннай акадэміі. Мерапрыемства ў першую чаргу накіравана на моладзь, каб яна ведала, якой цаной заваявана мірнае неба на нашай зямлі.

Прадстаўнікі ваенных факультэтаў прапаноўвалі жыхарам прымераць на сябе ваенныя спецыяльнасці. Арсеній, які прыехаў у складзе групы школьнікаў са сваёй настаўніцай з Лапаціч, актыўна выпрабоўваў стралковую зброю. Прызнаўся, што яму вельмі спадабалася атмасфера і вялікая колькасць цікавых ваенных прадметаў.
Яўген — слаўгарадчанін, але пажадаў працягнуць вучобу ў Магілёўскім кадэцкім вучылішчы. Яму падабаецца армейскае жыццё, дысцыпліна, парадак. На свяце выпрабоўваў сябе на спецыяльным трэнажоры, віртуальна руліў велічэзным армейскім «Уралам» накшталт таго, што стаяў на экспазіцыйнай пляцоўцы. Малодшая сястрычка Даша з захапленнем назірала за братам і перажывала, што ў яе так добра, як у яго, наўрад ці атрымаецца.
Слаўгарадчанка Анастасія прыйшла на мерапрыемства разам з сынам Арцёмам.
— Нам тут вельмі падабаецца, — з захапленнем прызналася яна. — Пазітыўна, атмасферна, дзеці ў захапленні. Сын не адыходзіць ад сталоў з ваеннай амуніцыяй. Такія акцыі вельмі развіваюць падлеткаў, робяць іх дасведчанымі, дапамагаюць прасякнуцца нашай гісторыяй і сучаснасцю. Прыемна бачыць і маладых хлопцаў у армейскай амуніцыі. Хацелася б, каб гэтыя сустрэчы адбывалася і для іх, і для нас толькі ў мірнай абстаноўцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
г. Слаўгарад