Top.Mail.Ru

Спектакль пра «Маладую гвардыю» пакажуць у Беларусі

Калі прывык сачыць за гастролямі: хто прыязджае ў Беларусь і што прывозіць, — то будзеш гэта рабіць, незалежна ад таго, што першачарговая ўвага на айчынны творчы прадукт. Бо як ні круці, але па тым, што прапануе сёння культура, можна меркаваць пра ментальны стан людзей, сярод якіх жывеш. А гастролі — яшчэ і ўдакладненне нейкіх грамадскіх кірункаў праз культуру. Адзначце: у сакавіку 2025-га па гарадах Беларусі пройдзе гастрольны тур Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра імя М. Галубовіча з рок-операй «Распятае юнацтва», якая прысвечана гісторыі «Маладой гвардыі». Паказы прымеркаваны да — 80-годдзя Перамогі, 23 сакавіка праект пакажуць на сцэне «Белдзяржфілармоніі».


Беларуская папулярная музыка ведае прыклады яркіх твораў на тэму вайны — славуты «песняроўскі» цыкл «Праз усю вайну» 40 гадоў таму скалыхнуў свядомасць адкрыццём: можна спяваць пра вельмі балючыя рэчы — і гэтыя песні гучалі шмат гадоў у розных праграмах (якія часам глядзяцца як выбудаваны тэатральны твор). Іншыя айчынныя калектывы стваралі праграмы, прысвечаныя ваеннаму подзвігу, — гэта было вельмі ярка. І цяпер ствараюць іх многа. То бок у беларускай публікі ёсць прыклады, была раней зададзена высокая планка музычных твораў на гэтую тэму. Іх, хутчэй за ўсё, добра ведае менавіта тая частка публікі, што чытала «Маладую гвардыю» яшчэ ў школе. Вядома, не так даўно выходзіў новы фільм — з разлікам на тых, хто мог ужо і не чытаць раман Фадзеява. Фармат рок-оперы, напэўна, разлічаны на іх (хоць падаецца, што гэта ўжо пакаленне хіп-хоп кірунку). 

Чаму тэатр з Луганска ажыццявіў гэтую пастаноўку? Прэм’ера рок-оперы «Распятае юнацтва» адбылася яшчэ ў верасні 2012 года, калі адзначалася 70-годдзе памяці «Маладой гвардыі»). Зразумела: гэта было ў іх вобласці, у горадзе Краснадоне. Там ў 1942-м годзе падлеткі і нядаўнія школьнікі ўтварылі падпольную арганізацыю з мэтай падрываць акупацыйны рэжым. Але былі раскрытыя і жорстка пакараныя. Іх ахвярная і пакутніцкая смерць і з’яўляюцца галоўным эмацыйным рухавіком — адсюль і назва. 

Лібрэта напісаў паэт і драматург Уладзімір Зайцаў, які нарадзіўся ў Беларусі, скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага, у 1972-м годзе атрымаў накіраванне ў Луганск і быў звязаны з гэтым рэгіёнаў да канца дзён (цяжка хварэў і памёр у 2018-м годзе). Кампазітар — Юрый Дзерскі, які быў загадчыкам кафедры музычнага мастацтва эстрады Луганскай дзяржаўнай акадэміі культуры імя М. Матусоўскага (яго не стала ў 2020-м). Мастацкім кіраўніком пастаноўкі тады стаў народны артыст Украіны Міхаіл Галубовіч, а рэжысёрам-пастаноўшчыкам — Анатоль Яворскі. Гэты твор, які мае доўгі сцэнічны лёс, да нас і прывезлі. Што новага ён адкрывае, нам, беларусам, на тэму вайны? Добрае пытанне, але адказ на яго трэба шукаць не столькі ў падачы ці стылістыцы пастаноўкі (як мы робім у дачыненні да музычна-харэаграфічных спектакляў у нашых тэатрах — «Лінія памяці. Код вайны», «Патэтычны дзённік памяці»). Тут іншае. Яно ў слове «распятае»: як яно гучыць у сучасным кантэксце. Каго кранае? Таму дадзеныя гастролі — тэст на ўключанасць у цяперашнюю рэчаіснасць, дзе Беларусь — асобная краіна з гісторыяй уласнага болю.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю