Беларускія вучоныя распрацоўваюць новыя прэпараты ад анкалагічных, сардэчна-сасудзістых, інфекцыйных, спадчынных і іншых хвароб.
А дапамагаюць у гэтым розныя галіны навукі, у тым ліку генетыка: каб стварыць новыя лекі, напрыклад, ад раку, спачатку трэба знайсці слабае месца пухліны, так званую мішэнь, куды і будзе «біць» новы прэпарат. Ствараюцца і айчынныя лекавыя сродкі-генерыкі, аналагі прэпаратаў ад вядомых вытворцаў, якія сышлі з нашага рынку. Гэта не толькі імпартазамяшчэнне, але і нацыянальная лекавая бяспека.
Генетыка супраць раку і іншых хвароб
Што датычыцца дасягненняў сучаснай генетыкі, якія выкарыстоўваюцца ў фармакалогіі, то найперш гэта выбар мішэняў, на якія накіравана лячэнне розных паталагічных станаў.
У першую чаргу — гэта анкалагічныя і сардэчна-сасудзістыя захворванні. Новы кірунак у сучаснай генетыцы і фармакалогіі — стварэнне прэпаратаў ад спадчынных захворванняў. Акрамя таго, генетыка дапамагае ў лячэнні шэрагу інфекцыйных хвароб, бо, каб вырабіць новую вакцыну, трэба ведаць генетычную асаблівасць віруса ці бактэрыі.
Яшчэ адзін кірунак — прымяненне фармакагенетычных тэстаў. Улічваючы генетычныя асаблівасці чалавека, яны дазваляюць прадказаць, якім будзе адчувальнасць да таго ці іншага прэпарату, ці будуць развівацца непажаданыя пабочныя рэакцыі.
— Трэба сказаць, што фармакагенетыка — даволі новы кірунак, і першыя тэсты былі зарэгістраваны ў свеце толькі ў 2007 годзе. Сёння існуе больш за дзясятак прэпаратаў, на якія ў абавязковым выпадку трэба праводзіць фармакагенетычны тэст, і яны робяцца ва ўсім свеце. Наш інстытут генетыкі і цыталогіі быў першым у краіне, які распрацаваў методыкі для ацэнкі адчувальнасці да тых ці іншых прэпаратаў. На сёння мы здольныя праводзіць тэсціраванне адчувальнасці і падбор дозы да некаторых прэпаратаў. Праводзяцца тэсты на тое, як пераносяцца антыпсіхотыкі і антыдэпрэсанты, дапамагаем у выбары прэпаратаў у лячэнні астэапарозу, супрацьдыябетычных прэпаратаў. Гэта павышае эфектыўнасць лячэння, зніжае нагрузку на арганізм, скарачае тэрміны знаходжання на бальнічным і эканоміць сродкі пры выбары лекавых прэпаратаў, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра вывучэння мікрабіёму, кандыдат біялагічных навук Алена МІХАЛЕНКА.
Не абысціся без генетыкі і пры даследаванні стану мікрафлоры чалавека. Даследаванне праводзіцца як пры тых ці іншых захворваннях, так і пры падборы, скажам, прэбіётыкаў і прабіётыкаў. Акрамя таго, навукоўцы інстытута вывучаюць асаблівасці мікрабіёму розных узроставых груп здаровых людзей, напрыклад, доўгажыхароў, а таксама людзей, якія знаходзяцца ў экстрэмальных кліматычных умовах, — палярнікаў. Веданне асаблівасцяў мікрабіёму і яго змяненняў дапамагае падбіраць правільную дыету і прэпараты, прафілактаваць захворванні.
Як ні дзіўна, без генетыкі не абысціся нават у вытворчасці заквасак, а значыць, і правільных кісламалочных прадуктаў. Закваскі складаюцца з 5-6 мікраарганізмаў, якія павінны «пасябраваць», а для гэтага іх варта падабраць у правільных прапорцыях.
Сучасная генетыка дазваляе ў рэжыме рэальнага часу даследаваць, як змяняецца на розных этапах вытворчасці састаў мікраарганізмаў, а значыць, паляпшаць смакавыя якасці прадукту.
Поўны цыкл
Шэраг новых прэпаратаў распрацаваны і спецыялістамі прадпрыемства «Акадэмфарм». Асноўны кірунак яго дзейнасці — імпартазамяшчэнне, накіраванае на забеспячэнне ўнутраных рэсурсаў і нацыянальнай бяспекі ў галіне фармакалогіі. За апошні год прадпрыемства атрымала шэраг рэгістрацыйных пасведчанняў у Беларусі.
У прыватнасці, на прэпарат супраць парушэння кровазвароту, які стаў першым айчынным генерыкам пралангіраванага дзеяння. Адметна, што гэта цалкам айчынная распрацоўка, бо поўны цыкл яго вытворчасці размяшчаецца ў Беларусі, тут жа праводзілася і клінічнае даследаванне. Распрацоўка прэпарату вялася ў рамках праграмы фундаментальных даследаванняў.
Сёлета на камерцыйны рынак і рынак дзяржзакупак выйшаў і айчынны супрацьсутаргавы прэпарат, прызначаны для лячэння неўрапатычнага болю. Ён таксама распрацоўваўся ў рамках дзяржпраграмы з прыцягненнем дзяржаўнага фінансавання.
У канцы года ў аптэках з’явіцца і імпартазамяшчальны прэпарат, які рэгулюе абмен кальцыю і фосфару. Дагэтуль на нашым рынку назіраўся дэфіцыт такіх аналагаў.
Яшчэ адна ніша — сродкі для лячэння дзяцей. Нядаўна ў аптэкі паступіла дзіцячая форма супрацьвіруснага прэпарату.
Яго дарослы аналаг вытворчасці «Акадэмфарма» за больш чым дзесяць гадоў на рынку добра сябе зарэкамендаваў. У наступным годзе з’явіцца і айчынны супрацьастматычны сродак для дзяцей, цяпер ён знаходзіцца на стадыі рэгістрацыі.
— Мы нацэлены на далейшую распрацоўку поўнацыклавых прадуктаў у розных тэрапеўтычных групах, як правіла, тых, дзе з’яўляемся ключавымі спецыялістамі: гіпатэнзіўныя лекавыя прэпараты, лячэнне і прафілактыка цукровага дыябету, супрацьвірусныя прэпараты, — расказвае начальнік аддзела навуковых даследаванняў і распрацовак рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Акадэмфарм» Уладзіслаў ГУДОВІЧ.
Адметна, што мэта такіх распрацовак — не толькі рынак Беларусі. Лекавыя прэпараты рэгіструюцца і на рынках краін ЕАЭС. Акрамя таго, у сферы інтарэсаў фармвытворцы краіны далёкай дугі: нядаўна прэпараты зарэгістраваны на Кубе, куды стартавалі першыя пастаўкі.
Алёна КРАВЕЦ