Шлях да самастойнасці. Прыступка другая
У двары ўніверсітэцкага гарадка БДУ было шматлюдна ўжо ў 10 гадзін раніцы. Дзеці прыехалі на ЦЭ задоўга да прызначанага тэрміну. «Чаму так рана?» — цікаўлюся ў школьнікаў у адзенні дзелавога стылю. «Тут, на парозе пункта здачы, не так хвалюешся, як дома або каля школы перад ад'ездам. Мы ўжо на месцы, не думаем, як дабяромся ці не спознімся, і ўсе думкі пераключыліся на галоўнае — экзамен», — адказваюць яны.
І на самай справе моцна ўсхваляванымі школьнікаў не назавеш — яны нешта абмяркоўваюць паміж сабой, слухаюць парады настаўнікаў, якія пакуль яшчэ побач з імі. Але час надыходзіць і ўсе разыходзяцца па сваіх месцах: моладзь заходзіць у аўдыторыі, пакінуўшы свае гаджэты ў пункце пропуску, а педагогі-прадметнікі займаюць месцы ў спецыяльна адведзенай для чакання аўдыторыі — з гэтага года ім забаронена прысутнічаць у месцы здачы экзамену.
— Агульная колькасць тых, хто здае сёлета ЦЭ і ЦТ на базе Белдзяржуніверсітэта, — 11 803 чалавекі, — сказаў прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Віктар КОЧЫН. — Сёння цэнтралізаваны экзамен здае 3181 выпускнік школ Фрунзенскага раёна сталіцы, цэнтралізаванае тэсціраванне праходзяць 489 абітурыентаў.
Па словах прарэктара, для здачы цэнтралізаваных экзамену і тэсціравання задзейнічана 7 карпусоў і 73 аўдыторыі БДУ. Агучыў прадстаўнік універсітэта і такія факты: па выніках першага этапу цэнтралізаванага экзамену больш за ўсё школьнікаў здавалі матэматыку, на тэсціраванні самым папулярным прадметам была англійская мова. Якой з дзвюх дзяржаўных моў — рускай ці беларускай — аддалі перавагу школьнікі і абітурыенты на другім этапе, будзе вядома пазней.
На думку Віктара Кочына, для школьнікаў экзамен — першае сур’ёзнае выпрабаванне, і ў гэтым трэба ім дапамагчы.
— Мы стараемся забяспечыць максімальна камфортныя ўмовы ў аўдыторыях, — працягнуў ён. — Наладжаны пітны і забяспечаны кліматычны рэжымы ў кожнай з іх. Тыя памяшканні, якія выходзяць на сонечны бок, абсталяваны кандыцыянерамі.
Яшчэ адна задача — камфортна размясціць дзяцей і даць магчымасць здаць рэчы на захоўванне — таксама выканана.
Адно з новаўвядзенняў гэтага года — здача мабільных тэлефонаў і іншых гаджэтаў на ўваходзе ў пункт правядзення іспытаў — дапамагае засяродзіцца на экзамене.
— Тэхналогію мы адпрацавалі яшчэ летась і зрабілі выснову — яна эфектыўная, — дзеліцца Віктар Кочын. — Маладыя людзі, здаўшы свае гаджэты на ўваходзе, у аўдыторыях менш нервуюцца і непакояцца. Яны ведаюць, што тэлефонаў няма, і разлічваюць толькі на свае сілы і веды.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА