Сёлета ў Беларусі плануецца павелічэнне бюджэтных месцаў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асноўны ўпор робіцца на павелічэнне месцаў для мэтавай падрыхтоўкі і пашырэнне спецыяльнасцяў, запатрабаваных вытворчым сектарам эканомікі краіны. Пакуль школьнікі робяць выбар паміж той ці іншай траекторыяй далейшага навучання, вызначаны тэрміны прыёмнай кампаніі гэтага года на ўзровень ССА, з якімі нас азнаёмілі ў Міністэрстве адукацыі. Такім чынам, прыём дакументаў на бюджэтныя месцы ў абітурыентаў на аснове агульнай базавай адукацыі будзе ажыццяўляцца з 18 ліпеня да 3 жніўня, на платныя месцы — з 18 ліпеня да 10 жніўня. Асобная дата для спецыяльнасцяў, па якіх праводзяцца ўступныя іспыты: прыём будзе ажыццяўляцца таксама з 18 да 23 ліпеня, а вось самі іспыты пройдуць з 24 да 29 ліпеня. Залічэнне на гэтыя спецыяльнасці — да 31 ліпеня.
Для спецыяльнасцяў кірункаў адукацыі «Сельская гаспадарка» і «Ветэрынарыя» прыём дакументаў на бюджэт будзе ажыццяўляцца з 18 ліпеня да 6 жніўня, на платныя месцы — з 18 ліпеня да 10 жніўня.
Для спецыяльнасцяў кірункаў адукацыі «Сельская гаспадарка» і «Ветэрынарыя» залічэнне на бюджэт адбудзецца да 8 жніўня, на платнае — да 12 жніўня. Тыя, хто паступае на аснове агульнай сярэдняй або прафесійна-тэхнічнай адукацыі, на бюджэт будуць залічаны да 13 жніўня, на платнае — да 17 жніўня.
Для тых, хто паступае на аснове агульнай сярэдняй або прафесійна-тэхнічнай адукацыі на бюджэт, тэрмін падачы дакументаў — з 18 ліпеня да 11 жніўня, на платную форму атрымання адукацыі — з 18 ліпеня да 15 жніўня. Для спецыяльнасцяў, па якіх праводзяцца ўступныя іспыты, прыём будзе ажыццяўляцца з 18 ліпеня да 4 жніўня, а самі іспыты пройдуць з 5 да 8 жніўня. Залічэнне на гэтыя спецыяльнасці — да 10 жніўня.
Для спецыяльнасці «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі» прыём дакументаў будзе праходзіць з 18 ліпеня да 1 жніўня, для спецыяльнасцяў кірункаў «Сельская гаспадарка» і «Ветэрынарыя» — з 18 ліпеня да 13 жніўня (на платную форму атрымання адукацыі — да 15 жніўня), а для навучання на завочнай форме — з 15 кастрычніка да 30 лістапада.
Дадатковы набор на бюджэт, пры неабходнасці, ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі для тых, хто паступае на аснове агульнай базавай адукацыі, адбудзецца да 11 жніўня. Вызначаны тэрміны дадатковага набору на бюджэт на аснове агульнай сярэдняй або прафесійна-тэхнічнай адукацыі — да 16 жніўня (у тым ліку для спецыяльнасцяў, па якіх праводзяцца ўступныя іспыты, а таксама для спецыяльнасцяў кірункаў адукацыі «Сельская гаспадарка» і «Ветэрынарыя»). Пры гэтым дадатковы набор для спецыяльнасці «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі» пры неабходнасці пройдзе да 8 жніўня, а для спецыяльнасцяў кірункаў адукацыі «Сельская гаспадарка» і «Ветэрынарыя» на завочнай форме навучання — да 11 снежня.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД