Top.Mail.Ru

Старшыня Крычаўскага райвыканкама — пра «Дажынкі», моцныя рэгіёны і гарадскую эстэтыку

Крычаў яшчэ на мінулым тыдні распачаў шэраг святкаванняў, прысвечаных чарговай гадавіне вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню горада. А ў гэту суботу ён стане цэнтрам прыцягнення для аграрыяў з усёй Магілёўшчыны — сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2025». Пра тое, што зроблена ў ходзе падрыхтоўкі да свят, а таксама аб тым, чым горад прывабны для бізнесу і жыцця, — у размове карэспандэнта «Звязды» са старшынёй Крычаўскага райвыканкама Аляксеем Шараем.


— Аляксей Сцяпанавіч, нельга не звярнуць увагу на тое, як Крычаў пахарашэў апошнім часам. На гарадскім возеры з’явілася цудоўная зона адпачынку з лодачнай станцыяй, на прыпынках стаяць новыя павільёны з відамі горада, уздоўж вуліц на слупах размеркавана цікавая падсветка — ёсць адчуванне святочнасці, натхнення...

— Горад павінен выглядаць годна, ён складаецца не толькі з будынкаў, дарог, пешаходных шляхоў — павінны быць «разыначка» і лоск. А лоск прыдае адпаведная гарадская «адзежа», у якую, з майго пункту гледжання, уваходзяць прыпыначныя павільёны, флагавая расфарбоўка, малыя архітэктурныя формы. Усё вышэйпералічанае робіць горад больш утульным і менавіта гарадскім. Таму, калі я прыйшоў на гэту пасаду, вырашыў, што прыпыначныя павільёны павінны быць камфортныя, абароненыя ад ветру, дажджу і снегу. Плюс мы абсталёўваем такія аб’екты сістэмамі відэаназірання, таму што гэта бяспека і абарона ад вандалаў, робім асвятленне.

Расфарбоўваем бардзюры ў жоўты і белы колеры. Нават у пахмурнае надвор’е жоўты колер робіць настрой, дарога візуальна становіцца шырэйшай, а яшчэ гэта безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Працуем над цікавымі варыянтамі асвятлення горада. На плошчы ўстаноўлены цыліндрычныя свяцільнікі, якія даюць большы паток святла, можна нават эканоміць на іх колькасці. Упрыгожылі таксама плошчу кампазіцыяй у выглядзе глобуса, які будзе падсвечвацца рознакаляровымі агеньчыкамі, каб ствараць жыццесцвярджальны эфект.

Што датычыцца лодачнай станцыі, то яна з’явілася ў горадзе па просьбах гараджан. Раней яна існавала, а потым знікла. Сёлета да Дня Незалежнасці мы адкрылі яе зноў. Работа над гарадской эстэтыкай будзе працягвацца.

— Ужо ў гэту суботу горад прымае абласныя «Дажынкі». Як раён падрыхтаваўся да свята і з якім настроем яго сустракае?

— Вядома, з добрым настроем.

У дзень «Дажынак» мы адкрыем новую паліклініку, якая аб’яднае шэраг паліклінічных аддзяленняў, што былі раскіданыя па ўсім горадзе, — дзіцячую паліклініку, станцыю хуткай дапамогі, стаматалогію. Горад наш расцягнуты на 17 кіламетраў уздоўж Сожа, і людзям было нязручна дабірацца да медыцынскіх устаноў. Цяпер усё будзе сканцэнтравана ў адным месцы. Паліклініка ўнікальная тым, што злучаецца з бальніцай, якая ў нас міжраённага статусу, крытай галерэяй. Чалавеку, які знаходзіцца ў стацыянары, можна без праблем, не выходзячы на вуліцу, прайсці ў паліклініцы дыягностыку. Там будуць устаноўлены апараты МРТ, ангіограф. Дарэчы, ангіограф у Крычаве з’явіцца трэці па ліку ў вобласці пасля Магілёва і Бабруйска.

Стаматалогія не толькі пераедзе ў новы будынак, цалкам абновіцца і абсталяванне для аказання гэтых паслуг на самае сучаснае і перадавое, што ёсць на сённяшні дзень! Наогул, уся паліклініка аснашчана сучасным і эфектыўным абсталяваннем, якое дазволіць аказваць меддапамогу на вельмі высокім узроўні.

Да «Дажынак» мы рэканструявалі цэнтральную плошчу перад райвыканкамам і Домам Саветаў. Памянялі плітку, асвятленне, правялі азеляненне. Працягваецца рэканструкцыя будынкаў райвыканкама і Дома Саветаў. Істотна абнавіўся аўтавакзал. Людзі атрымалі магчымасць чакаць грамадскі транспарт з большым камфортам. Адбылася рэканструкцыя вуліцы Шчорса, заменена ўсё асфальтавае пакрыццё, зроблены веладарожкі, пешаходныя сувязі, асвятленне. Больш абноўлены стаў і шматфункцыянальны стадыён «Сож» — вельмі знакавы аб’ект для Крычава. Зроблены сучаснае пакрыццё, новыя хакейныя пляцоўкі, распранальні для спартсменаў, замянілася абсталяванне. Спорт — гэта ж таксама здароўе гараджан, таму ўвага ўдзяляецца яму вялікая. Абноўлены і іншыя аб’екты, у тым ліку зроблены капрамонт шэрагу жылых дамоў: памянялі дахі, уцяплілі сцены — усё, што прыкметна паляпшае жыццё жыхароў. А клопат пра людзей у нашай краіне — гэта галоўнае.

Рыхтавалі да «Дажынак» не толькі горад, але і аграгарадкі і аддаленыя населеныя пункты. Дзесьці адрамантавалі краму, дзесьці паклалі асфальт, дзесьці зрабілі асвятленне.

— Крычаўскі раён вядомы прадпрыемствамі, у прыватнасці, тымі, што працуюць на будаўнічую галіну. Наколькі ён цікавы для інвестараў?

— Так, у нас прамысловасць у асноўным працуе на будаўнічы сектар. Наш флагман — ААТ «Крычаўцэментнашыфер», самае буйное прадпрыемства, якое выпускае цэмент. Гэта інавацыйныя тэхналогіі, сучасная вытворчасць, што дае магчымасць атрымліваць высакаякасны прадукт. Ён карыстаецца попытам не толькі на ўнутраным рынку, але і за межамі краіны. Цэмент — наогул аснова любога будаўнічага праекта. ТАА «КМБ-Усход» выпускае запатрабаваны шыфер па асаблівай тэхналогіі, мы ганарымся гэтым прадпрыемствам. Завод жалезабетонных вырабаў таксама ў ліку лідараў. Адрадзілі ПМК, што займаецца будаўніцтвам ферм і працуе на аб’ектах «Дажынак», выкарыстоўваючы пры гэтым прадукцыю крычаўскіх прадпрыемстваў.

Наш раён у ліку тых, хто працуе ў рамках праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Сёння сербы сумесна з расіянамі разглядаюць магчымасць будаўніцтва на нашай тэрыторыі двух прадпрыемстваў, каб ствараць запатрабаваную ў Беларусі, а таксама бліжнім і далёкім замежжы прадукцыю. Сёлета мы завяршылі будаўніцтва майнінгавай фермы з удзелам Кітайскай Народнай Рэспублікі і цяпер з’яўляемся ў Беларусі майнінгавай сталіцай. Дзякуючы сродкам і тэхналогіям кітайскіх сяброў Крычаў валодае ўнікальнай вытворчасцю. Самы галоўны рэсурс для майнінгавай фермы — электраэнергія, і ў нас яна ёсць. Цяпер ідзе наладка сістэмы, і яна хутка запрацуе. Створана каля 12 працоўных месцаў.

Мы разумеем, што для рэалізацыі сацыяльных праектаў павінны быць істотныя капітальныя ўкладанні, а іх трэба зарабіць. Таму раённая вертыкаль улады робіць упор на інвестараў са стварэннем новых інавацыйных вытворчасцяў і працоўных месцаў. Трэба, каб сюды ехалі людзі, і мы для гэтага ствараем усе ўмовы.

Нэлі ЗІГУЛЯ,

г. Крычаў.

Чытайце таксама: Як Чашнікі рыхтуюцца прымаць абласныя «Дажынкі»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю