У Беларусі распрацоўваецца спецыяльная праграма прафілактыкі булінгу і фарміравання спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў школах.
Школа — гэта не толькі ўстанова адукацыі, дзе дзеці атрымліваюць веды. Гэта цэлы свет, прастора, дзе яны спачатку растуць, потым сталеюць і адкуль робяць першы крок у самастойнае жыццё. Каб даведацца, наколькі камфортна дзіцяці ў школе, пра гэта нават неабавязкова яго распытваць — усё відаць па тым, як яно збіраецца і з якім настроем ідзе, а, дакладней, «ляціць» туды.
Начальнік аддзела метадычнага суправаджэння выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі Акадэміі адукацыі Алена МІХАЛЕВІЧ падзялілася, што і педагогі, школьныя настаўнікі з такім жа настроем ідуць на сваю працу, калі там усё добра.
На думку спецыялістаў, прысутнасць канфліктаў у школе — гэта нармальная з’ява для падлеткавага асяроддзя. А ў гэтых установах адукацыі асноўная частка аўдыторыі — менавіта падлеткі, у якіх фарміруюцца ўласныя перакананні, погляды на жыццё і падзеі. Прычым справа гэта не аднаго дня, а некалькіх гадоў, гэта цэлы працэс, у якім канфліктаў пазбегнуць не атрымаецца, але якія можна і трэба купіраваць, плаўна пераводзячы ў мірнае і стваральнае рэчышча.
— Для гэтага і распрацоўваецца спецыяльная праграма, пра якую гаварылася вышэй, — расказвае прадстаўнік акадэміі. — Галоўная задача праграмы — будаваць работу з дзецьмі, акцэнтуючы ўвагу на стварэнні дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя, фарміраванні ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу нецярпімага стаўлення да розных праяў булінгу.
Вопыт работы па стварэнні ў школах спрыяльнага асяроддзя ў спецыялістаў акадэміі вялікі: было шмат мерапрыемстваў, рэалізоўваліся праекты. Аднак, па словах Алены Міхалевіч, прыйшоў час і вопыт і саму работу ў гэтым кірунку сістэматызаваць.
— Таму на распрацоўку новай праграмы былі запрошаныя прадстаўнікі навукі, супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, педагогі-практыкі, — дзеліцца Алена Францаўна.
І навізна, і сутнасць гэтай праграмы заключаюцца ў тым, што ствараць спрыяльнае асяроддзе будуць усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу: дзеці, настаўнікі, бацькі. Многае будзе будавацца на прыкладах адносін — бацькоў адно да аднаго і да сваіх дзецях, настаўнікаў — да калег і сваіх вучняў. Прычым усё павінна быць шчыра — дзеці востра адчуваюць любы фальш.
— Важную ролю ў рэалізацыі праекта будзе адыгрываць пашырэнне інфармаванасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — аб магчымых рызыках і небяспеках, аб камунікацыі і кааперацыі, крытычным і крэатыўным мысленні — аб усім тым, што дазволіць канструктыўна ўзаемадзейнічаць, адаптавацца да розных зменлівых умоў, эфектыўна вырашаць жыццёвыя праблемы.
Але і гэта не ўсё. Сваю ролю тут адыграе сацыяльна-педагагічная падтрымка і псіхалагічная дапамога настаўнікам і класным кіраўнікам. Па словах Алены Францаўны, яны павінны вучыцца, як правільна рэагаваць на тую ці іншую праблемную сітуацыю, каб не пагаршаць, а выраўноўваць канфлікт. Бо менавіта класны кіраўнік, праводзячы з дзецьмі ўвесь навучальны дзень, першым бачыць — каго крыўдзяць і хто гэта робіць. Яго задача — не хаваць сітуацыю, а правільна на яе адрэагаваць: падтрымаць дзіця і паказаць, што яно ў сваёй бядзе не адно, што яго чуюць і яму дапамогуць.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота носіць інфармацыйны характар
Фота Лізаветы ГОЛАД