Такая традыцыя існуе ў сценах упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці не першы год. Напярэдадні Дня Перамогі супрацоўнікі дзяляцца сямейнымі гісторыямі аб вайне.
— Ёсць чым ганарыцца старшаму эксперту Асіповіцкага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці, маёру юстыцыі Арцёму Ляўкову, — расказвае галоўны спецыяліст па рабоце са СМІ Ірына Рачкоўская. — Яго дзед падчас вайны быў мінамётчыкам, бабуля праходзіла вайсковую службу ў якасці малодшага авіяспецыяліста 149-й дывізіі Далёкаўсходняга фронту, служыла на аэрадроме ў званні сяржанта. Таму можна сказаць, што з дзядулі і бабулі пачалася дынастыя вайскоўцаў, прадаўжальнікамі якой з’яўляюцца Арцём Ляўкоў і яго бацька.

Нікіфар Піліпавіч і Алена Цімафееўна Ляўковы пражылі доўгае сумеснае жыццё. Самым вялікім выпрабаваннем для абаіх стала Вялікая Айчынная вайна. Яны сустрэлі яе ў родным сяле Чараміс у Мардовіі. На той момант ім было па 17 гадоў, яны толькі скончылі школу. 29 жніўня 1942-га Нікіфар атрымаў павестку на фронт. Пасля вучобы ў школе малодшых камандзіраў у Пензенскай вобласці, дзе навучаўся мінамётнай справе, ён трапіў пад Варонеж, дзе ўпершыню ўбачыў усе жахі вайны і прыняў свой першы бой. У якасці камандзіра мінамётнага разліку Нікіфар Ляўкоў прайшоў Украіну, Малдавію, Венгрыю, Румынію, Чэхаславакію. Перамогу сустрэў у аўстрыйскім горадзе Грац. Аднак служба для яго працягвалася аж да сакавіка 1947 года. Дамоў вярнуўся героем — з ордэнамі Славы III ступені, Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».
З сям’і Ляўковых на фронт пайшлі тры браты, вярнуліся — двое. Роднае сяло пасля вайны было не пазнаць, не было дома, які б абышла бяда. Трэба было аднаўляць мірнае жыццё. Алена Цімафееўна працавала настаўнікам, Нікіфар Піліпавіч — спачатку бухгалтарам, потым дырэктарам маслазавода, затым старшынёй сельсавета. Разам яны пражылі больш за 70 гадоў, далі жыццё дзвюм дочкам і сыну, якія падарылі ім семярых унукаў, а тыя, у сваю чаргу, семярых праўнукаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва