Развагі аб свяце
Напярэдадні самага галоўнага свята Беларусі — Дня Незалежнасці, якое наша краіна адзначае 3 ліпеня, ёсць нагода паразважаць аб тым, а што ж такое незалежнасць і суверэнітэт, якое практычнае ўвасабленне яны атрымалі і ў што яны абыходзяцца беларусам.
Варта пачаць з таго, што ўжо сама дата беларускага Дня Незалежнасці (ці Дня Рэспублікі, як яшчэ часам называюць гэта свята) прывязана да падзеі, якая ўвасабляе свабоду, незалежнасць і само жыццё беларускага народа! 3 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія ўвайшла ў вызвалены Мінск, які да гэтага знаходзіўся, як і ўся БССР, пад уладай нацыстаў. Гітлераўцы ўсталявалі на акупаваных тэрыторыях рэжым тэрору і генацыду, сімвалам якіх сталі шыбеніцы і газавыя камеры, канцлагеры і гета, карныя аперацыі і палітыка «выпаленай зямлі». Вызваленне сталіцы, а ўслед за ёй і ўсёй Беларусі, прынесла беларусам самае галоўнае — жыццё! Ну, а таксама права «людзьмі звацца» і быць гаспадарамі на сваёй зямлі, а не рабамі пад бізуном і ботам акупанта. Менавіта таму дата 3 ліпеня і стала тым арыенцірам, да якога мы прывязваем сваю незалежнасць і суверэнітэт, а зусім не даты, звязаныя з распадам СССР або з абвяшчэннем квазідзяржавы, якая не адбылася, пад нямецкай акупацыяй яшчэ ў эпоху Першай сусветнай вайны. Незалежнасць павінна мець перспектыву для развіцця, а не для далейшай дэградацыі, заняпаду і знішчэння нацыі.
Але як і тады, у грозныя саракавыя, калі свабоду і незалежнасць прыйшлося здабываць са зброяй у руках, цаной мільёнаў жыццяў, дзясяткаў тысяч разбураных гарадоў і вёсак, сотняў мільярдаў рублёў матэрыяльнай шкоды — так і цяпер суверэнітэт каштуе дорага.
Аб гэтым, дарэчы, вельмі празорліва яшчэ ў 2022 годзе гаварыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Тады ён задаў грамадзянам свае знакамітыя тры пытанні: ці гатовы яны, грамадзяне Беларусі, плаціць за ўласныя абарону і дзяржаву, плаціць за суверэнітэт і незалежнасць, быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе.
Як аказалася, пытанні задаваліся вельмі важныя. Абарона Айчыны сёння абыходзіцца нам нятанна. На граніцах з Беларуссю з захаду і з поўначы пастаянна нарошчваецца кантынгент войскаў НАТА. Польшча, наша заходняя суседка, вырашыла і сваё войска павялічыць да 500 тысяч чалавек, ды яшчэ і не супраць размясціць на пастаяннай аснове амерыканскую вайсковую базу, хоць ужо і цяпер у Польшчы знаходзіцца каля 10 тысяч салдат ЗША на аснове ратацыі. У Літве, за некалькі кіламетраў ад граніцы з Беларуссю, ужо будуюць камфартабельны ваенны гарадок, куды да 2027 года павінна ўсяліцца да 5 тысяч нямецкіх танкістаў. З тэхнікай, зразумела. Дарэчы, літоўскія і польскія войскі падпарадкоўваюцца шматнацыянальнаму натаўскаму корпусу «Паўночны Усход», які базіруецца ў Шчэціне (Польшча). А латвійскія і эстонскія войскі з 1 ліпеня гэтага года падпарадкоўваюцца камандаванню германа-нідэрландскага корпуса са штабам у нямецкім Мюнстэры. І гэта мы яшчэ не бярэм у разлік усякіх датчан, шведаў і нават канадцаў, якія незразумела што забыліся на берагах Балтыйскага мора.
А на паўднёвых рубяжах нам увогуле даводзіцца быць у пастаяннай баявой гатоўнасці, бо дэман нацыяналізму, які сарваўся з ланцуга, ужо развязаў там паўнацэнныя ваенныя дзеянні, і пажар вайны перыядычна пагражае перакінуцца і да нас! Абразы, пагрозы і ўльтыматумы з боку кіраўніцтва Украіны мы чуем, на жаль, рэгулярна! І беларускаму Прэзідэнту даводзіцца выкарыстоўваць усё сваё майстэрства вопытнага палітыка, каб не паддацца на чарговую правакацыю і не дапусціць скочвання Беларусі ў жахлівую бездань.

А беларусам з-за мілітарысцкага чаду суседзяў даводзіцца несці выдаткі на ўласную армію, на заводы па вытворчасці розных відаў узбраенняў, ад простага стралковага да дакладнага ракетнага, на сістэмы СПА і стварэнне ўласных беспілотнікаў. Дзякуй, ёсць саюзнік у асобе Расіі, які дапамог з найменшымі выдаткамі ўзмацніць наш абаронны патэнцыял. Але адказнасць за ўласную бяспеку Беларусь нясе самастойна, як і належыць суверэннай і незалежнай дзяржаве. І як не раз гаварыў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымяненне любой, у тым ліку самай небяспечнай зброі, будзе магчыма толькі па яго загадзе! Чаго не скажаш пра нашых еўрапейскіх суседзяў, якія даўно страцілі рэальны суверэнітэт і права распараджацца нават уласнымі войскамі, якія перайшлі пад камандаванне замежных генералаў.
Але яшчэ даражэй, чым абарона, абыходзіцца нам утрыманне суверэннай дзяржавы з развітой шматпрофільнай эканомікай, незалежнай і ўстойлівай фінансавай сістэмай, эфектыўнымі і пры гэтым унікальнымі палітычнымі інстытутамі. Не пераймаючы пры пабудове дзяржаўнасці «дэмакратычных прынцыпаў», якія нам навязваліся доўгія гады, а ажыццяўляючы ўласнае народаўладдзе, у Беларусі была створана сістэма кіравання, галоўнай мэтай якой з’яўляецца падтрыманне палітычнай і сацыяльна-эканамічнай стабільнасці, была створана сапраўдная сацыяльная дзяржава, якая ў першую чаргу зыходзіць з інтарэсаў народа.
Дзякуючы курсу, вызначанаму Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, у Беларусі ўдалося за гады нашай незалежнасці не толькі дабіцца павелічэння дабрабыту людзей, але і не дапусціць моцнага сацыяльнага расслаення. Краіна шчасліва пазбегла расколаў па моўным, рэлігійным ці этнічным прынцыпах, захаваўшы грамадзянскі мір і згоду. Мы стварылі краіну са спрыяльным кліматам для дзейнасці сучасных IT-кампаній і нават першую ў свеце афіцыйную крыптабіржу! Высокія сацыяльныя стандарты, якія грамадзяне (і нашы, і замежныя) штодня адчуваюць у выглядзе чыстых вуліц, развітога грамадскага транспарту, добрых дарог, якасных прадуктаў харчавання, бяспекі нават у самых аддаленых раёнах — гэта таксама каштуе нямала і фізічных намаганняў, і фінансавых сродкаў.

Але беларусы гатовы дзеля мірнага неба, развітой сацыяльна-эканамічнай сістэмы і высокага ўзроўню жыцця і крыху папацець. Знакаміты лозунг Аляксандра Лукашэнкі «Распранайся і працуй!» быў успрыняты нашым грамадствам вельмі станоўча, бо працавітасць — адна з рыс нацыянальнага беларускага характару. І шмат хто разумее, што не варта спадзявацца выключна на падтрымку дзяржавы. Так, калі трэба — яна дапаможа. Але калі можаш працаваць і зарабляць сам — дзейнічай! Сёння ўклад у ВУП краіны з боку дзяржаўнага і прыватнага сектараў практычна роўны: кожны ўносіць туды каля паловы. А яшчэ 15 гадоў таму суадносіны былі іншымі — 70 % супраць 30 %, з перавагай прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці. Пры гэтым мы не скарацілі колькасць дзяржаўных прадпрыемстваў, а нарасцілі колькасць прыватных, разбудзілі ў грамадзян ініцыятыву, прадпрымальніцкую жылку! І, на думку Кіраўніка дзяржавы, гэта тэндэнцыя павінна працягвацца, толькі тады зможам нарасціць вытворчасць і тавараў, і паслуг, узняць ВУП і забяспечыць краіну дадатковымі рэсурсамі.
Так што незалежнасць і суверэнітэт сёння — гэта магчымасць жыць у міры як з суседзямі, так і ўнутры краіны, магчымасць працаваць і зарабляць, ведаючы, што за плячыма ў цябе стаіць моцная і справядлівая дзяржава, якая падтрымае, не кіне ў цяжкую хвіліну, але і дасць магчымасць развівацца, не будзе перашкаджаць ініцыятывам «знізу». І мы гатовыя ўсімі сіламі і сродкамі адстойваць нашу мадэль суверэннай дзяржавы.
З Днём Незалежнасці, краіна!
Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг