Top.Mail.Ru

Сяўба яравых — аўса, ячменю, пшаніцы, зернебабовых — на Магілёўшчыне ідзе поўным ходам

Вясна не заспела знянацку

На раніцу 3 красавіка яравых у гэтым рэгіёне было засеяна звыш 34 тысяч гектараў — крыху болей за трэць ад агульнай плошчы. У лідарах — паўднёвыя раёны. Клічаўскі закончыў сяўбу, Бабруйскі справіўся на 79 %, Глускі — на 85 %, Кіраўскі — на 76 %.

Па словах начальніка ўпраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства і меліярацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Ліліі ГУЛІНСКАЙ, з пачатку тыдня ў сяўбу ўключыўся Краснапольскі раён, дзе толькі нядаўна сышоў снег і землі былі пераўвільготненыя. На раніцу пятніцы яравымі тут было засеяна 16 % прадугледжанай плошчы, цалкам завершана падкормка рапсу, на 50 % — усіх астатніх азімых.

Збожжавы клін у Краснапольскім раёне складае 10 тысяч гектараў. З іх пад раннія яравыя адведзена 2970 гектараў.

— Дызельным палівам, насеннем цалкам забяспечаны — усе зараджаны на атрыманне добрага выніку, — падкрэслівае старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр ЯФІМЧЫКАЎ. — На ўзбраенні 17 адзінак энерганасычаных трактароў, механізатараў хапае. Не бачым праблем выканаць пастаўленыя задачы ва ўстаноўленыя тэрміны.

З яравых збожжавых культур Краснапольскі раён вырошчвае ячмень, пшаніцу, авёс, з азімых — пшаніцу, ячмень, жыта, рапс. А таксама кукурузу і на зерне, і на сілас. Плюс шматгадовыя травы.

— Тое, што рана давялося выйсці ў палі, не бянтэжыць, — кажа кіраўнік раёна. — Некалькі гадоў таму пачыналі і раней — у сярэдзіне сакавіка. Праўда, тады я працаваў у Чавускім раёне.

У Магілёўскай вобласці працягваецца сяўба шматгадовых траў для нарыхтоўкі травяных кармоў. На раніцу 3 красавіка ўжо было засеяна 7,6 тысячы гектараў — 15 % да задання. У лідарах — Глускі раён. На 40 % пасеяны травы ў Клічаўскім раёне, на 39 % — у Бабруйскім і па 33 % — у Круглянскім і Асіповіцкім.

Таксама на раніцу пятніцы ў вобласці было ўзарана 26 % плошчы — болей чым 25 тысяч гектараў. У сярэднім у дзень узворваецца прыкладна 3 тысячы гектараў глебы.

— Самае галоўнае сёння — падкормкі, — адзначае Лілія Гулінская. — Першая падкормка азімага рапсу практычна завершана, засталіся некалькі паўночных раёнаў. Працягваюцца падкормкі азімых збожжавых. Першая праведзена на 60 % плошчаў. Цалкам яе завяршылі паўднёвыя раёны — Бабруйскі, Глускі, Кіраўскі, Асіповіцкі, на фінішы Клічаўскі. Некаторыя паўднёвыя і цэнтральныя раёны ўжо прыступілі да другой падкормкі — у першую чаргу азімага рапсу.

У цэлым яравую сяўбу ў Магілёўскай вобласці збіраюцца правесці на плошчы амаль 335 тысяч гектараў. Раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя будуць пасеяны на 112 тысячах гектараў. Яшчэ на 43 тысячах гектараў да 1 мая запланавана пасеяць кукурузу на зерне. Цукровыя буракі зоймуць 12 тысяч гектараў, агародніна — 1,2 тысячы гектараў, бульба — 3,8 тысячы гектараў.

— Мы ўжо бачылі, што пасяўная будзе ранняй, ведалі, што пачнём у сакавіку, — адзначае Лілія Гулінская. — Апошнім часам надвор’е складваецца так, што мы рана пачынаем уваходзіць у палі. Ужо прыступілі да сяўбы яравога рапсу, ільну, на чарзе — цукровыя буракі. У маі пачнём сеяць кукурузу на сілас.

Нэлі ЗІГУЛЯ 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю