«На першым плане пытанні бяспекі і міру»
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка абмеркаваў з работнікамі «Магілёўскага металургічнага завода» сучаснае развіццё рэгіёнаў.
Магілёўскі металургічны завод вельмі важнае для рэгіёна прадпрыемства. Яго прадукцыя запатрабаваная ў грамадзянскім будаўніцтве. Вырабы металургічнага завода ў выглядзе малых архітэктурных форм ствараюць настрой магіляўчанам. Наогул любое прадпрыемства для краіны — гэта перш за ўсё развіццё. І на гэта звярнуў увагу ў сваёй прамове і памочнік Прэзідэнта. Тэмай для яе ў рамках Адзінага дня інфармавання на гэты раз сталі «Сучасныя падыходы да развіцця рэгіёнаў — ад эканомікі да сацыяльнай структуры».

Удзельнікамі Адзінага дня інфармавання сталі каля 100 завадчан, пачынаючы ад прадстаўнікоў заводакіравання да работнікаў розных цэхаў. Выступоўца падкрэсліў, што сучаснае развіццё рэгіёнаў, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы сацыяльнай структурай, — гэта адзін з сямі прыярытэтаў, які быў ухвалены Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на Усебеларускім народным сходзе.
— Тэма гэта добра вядомая кожнаму чалавеку, які цікавіцца грамадска-палітычным жыццём краіны, — падкрэсліў Сяргей Эдуардавіч. — Усе ведаюць і тое, якую ўвагу надае наш Прэзідэнт развіццю рэгіёнаў. Гэта не сітуатыўнае нейкае азарэнне, а сістэмная работа. Як прыклад — праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны, дзе ствараюцца прэферэнцыі, будуецца жыллё.
Сяргей Налівайка закрануў і сённяшні стан Магілёўскага металургічнага завода. Ва ўмовах санкцыйнага ціску канкурэнтаздольнасць прадпрыемства знізілася і, як вынік, узніклі пытанні па вытворчасці і збыце прадукцыі. Памочніку Прэзідэнта было цікава даведацца, чым дыхае калектыў, які настрой пануе на прадпрыемстве, ці ёсць нейкая праграма і стратэгія развіцця, у якой частцы дзяржава можа падтрымаць прадпрыемства. У размове з журналістамі Сяргей Налівайка падсумаваў, якія наогул пытанні цікавяць жыхароў рэгіёна. Перш за ўсё гэта стабільнасць, умовы працы, заработная плата, цэнавы фактар. Апошнія пару гадоў на адзін з першых планаў выходзіць пытанні бяспекі і міру.
— Гэта тыя рэчы, якія сапраўды хвалююць людзей і непакояць і якія мы ўсебакова абмяркоўваем, — рэзюмаваў ён.

Меркаваннем наконт важнасці такіх сустрэч падзялілася намеснік дырэктара ААТ «Магілёўскі металургічны завод» Алена Лёзава.
— На іх заўсёды падымаюцца вельмі актуальныя для кожнага жыхара краіны пытанні, — паведаміла яна. — Апошняя тэма была наогул цікавая. Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку прадугледжаны істотны рост дабрабыту насельніцтва. Гэта датычыцца і вельмі актуальнай для той жа моладзі тэмы забеспячэння жыллём. Кожны зацікаўлены таксама і ў росце зарплаты, і ў захаванні іншых сацыяльных гарантый. Што датычыцца нашага прадпрыемства, то на сёння сапраўды пэўныя цяжкасці ёсць. Мы працуем над тым, каб вырашаць пытанні імпартазамяшчэння і быць на рынку больш канкурэнтаздольнымі. Калектыў разумее важнасць пастаўленых задач і кожны імкнецца добрасумленна выконваць свае абавязкі. Пасля сустрэчы памочнік Прэзідэнта больш падрабязна пагутарыў з нашым кіраўніцтвам наконт становішча спраў на прадпрыемстве і выхаду з крызіснай сітуацыі. У нас ёсць новыя праекты, якія мы гатовыя ў будучыні рэалізаваць. І спадзяёмся, што дзяржава нас падтрымае.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара