Top.Mail.Ru

Сёлета ў перыяд летніх канікул плануецца забяспечыць бясплатнымі або патаннелымі пуцёўкамі каля 400 тысяч дзяцей

Школьны год заканчваецца, а гэта значыць, што чарговай галоўнай тэмай абмеркавання ў сацсетках становіцца дзіцячы адпачынак. Як заўсёды, армія бацькоў падзяляецца на два лагеры — непрымірымых крытыкаў і людзей, здольных адэкватна ацэньваць рэальную сітуацыю: «Грошы на вецер, нічога там добрага няма!» — «Наадварот, грошы на вецер я выкінула, калі вырашыла не адпраўляць сына ў лагер, а ўзяла адпачынак і правяла яго разам з ім у горадзе: сродкаў выдаткавала значна больш, чым калі б купіла яму пуцёўку». — «Чула, што і пуцёўкі падаражэюць, і тэрмін знаходжання ў лагерах скароціцца». — «А я плачу грошы за тыя незабыўныя ўражанні дзяцінства, якія прывозіць з лагера маё дзіця — гэта каштуе любых сродкаў!..»


Скептычна настроеным і загадзя адмоўна зараджаным бацькам даказаць супрацьлеглую пазіцыю складана. Адзіны дзейсны аргумент — факты. Па іх мы звярнуліся да дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзя БАЛБАТОЎСКАГА.

А попыт расце...

Хто б што ні казаў, попыт на летні адпачынак і аздараўленне дзяцей не падае, а, наадварот, расце, канстатаваў Генадзь Мікалаевіч:

— Плануецца, што ў перыяд школьных летніх канікул — 2026 бясплатнымі і патаннелымі пуцёўкамі будуць забяспечаны каля 400 тысяч дзяцей.


Каб забяспечыць даступным летнім адпачынкам і аздараўленнем усіх жадаючых і тых, хто мае ў гэтым патрэбу, дзяржавай прадугледжаны значныя аб’ёмы грашовых сродкаў, падкрэслівае Генадзь Балбатоўскі:

— На арганізацыю і правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2026 года з рэспубліканскага бюджэту выдзелена каля 84 млн рублёў — на 11 млн рублёў больш, чым годам раней. Інфраструктуру дзіцячага летняга аздараўлення прадстаўляюць 5,5 тысячы аб’ектаў. Гэта і выхаваўча-аздараўленчыя, і спартыўна-аздараўленчыя лагеры: 1 тысяча з кругласутачным знаходжаннем і 4,5 тысячы з дзённым знаходжаннем дзяцей.

Зусім не навіна

У сацыяльных сетках усё часцей з’яўляецца інфармацыя, што гэтым летам працягласць змены зменшыцца. Ці так гэта? Калі так, то па якой прычыне?

— Насамрэч гэта не навіна бягучага года, — акцэнтуе ўвагу дырэктар цэнтра. — Да 2024-га працягласць знаходжання дзяцей у стацыянарных кругласутачных лагерах складала не менш за 18 дзён. Пры гэтым у летні перыяд у сярэднім праводзілася каля трох змен. Але ў апошнія гады попыт на аздараўленне дзяцей у такіх лагерах вырас — пару тыдняў на свежым паветры, добрае рэгулярнае харчаванне і станоўчыя эмоцыі давалі свой відавочны эфект.


Генадзь Мікалаевіч адзначыў яшчэ адзін фактар: часта дзеці не дабывалі да завяршэння аздараўленчай змены і прасілі бацькоў забраць іх дадому на 2-3 дні раней. Усё разам прывяло да таго, што з 2024 года заканадаўча была прадугледжана працягласць знаходжання ў стацыянарных лагерах не менш за 15 дзён.

— Але калі ў бацькоў ёсць патрэба ў больш працяглым перыядзе знаходжання дзяцей на аздараўленні, то гэта ж заканадаўчая норма дазваляе арганізоўваць кругласутачныя змены з працягласцю знаходжання 18 і нават 21 дзень, — тлумачыць наш суразмоўнік. — У некаторых стацыянарных лагерах праводзіцца па 5-6 змен.

«Кошт не падымаем, а зніжаем»

Яшчэ адна тэма, якая найбольш абмяркоўваецца сярод карыстальнікаў сацсетак, — кошт пуцёвак. Больш за ўсё іх хвалюе, ці будзе ён сёлета павялічвацца?

— Што датычыцца кошту дзіцячага летняга адпачынку і аздараўлення, то цэны на пуцёўкі ў выхаваўча-аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры будуць зацвярджацца да канца красавіка, — удакладняе дырэктар цэнтра. — Але дакладна магу сказаць ужо сёння: мы не падымаем, а, наадварот, зніжаем іх за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Памеры такога патаннення штогод індэксуюцца. У 2026 годзе на гэта будзе накіравана каля 82 млн рублёў. Сёлета кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей складзе каля 760 рублёў, а памер патаннення за кошт бюджэтных сродкаў — 302 рублі, або 40 % ад кошту. Кошт пуцёўкі ў лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей складзе каля 175 рублёў, а памер патаннення — 127 рублёў, або 73 % ад кошту пуцёўкі, у палатачны перасоўны лагер працягласцю 9 дзён — 155 рублёў, у палатачны неперасоўны лагер працягласцю 12 дзён — 207 рублёў.

Чужых дзяцей не бывае

Кожны год пуцёўкамі ў лагеры забяспечваюцца больш за 11 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у лагеры на аздараўленне адпраўляюцца больш за 5 тысяч дзяцей з інваліднасцю.


— Вядома ж, такіх школьнікаў мы накіроўваем на аздараўленне ў лагеры, дзе ёсць адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база — гаворыць Генадзь Мікалаевіч. — Калі дзіцяці не абысціся без аднаго з бацькоў, забяспечваем пуцёўкай і яго — яна набываецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Не застаюцца без увагі і так званыя «складаныя» падлеткі. На думку дырэктара цэнтра, самы лепшы эфект пры рабоце з імі даюць лагеры ваенна-патрыятычнага профілю:
— Сёлета дзейсную практыку мы працягнем развіваць — аздараўленнем у такіх лагерах будзе ахоплена больш за 25 тысяч дзяцей.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю