Лаўрэатам прэстыжнай дзяржаўнай прэміі прадпрыемства становіцца пяты раз. Высокая якасць работы аэрапорта ўпершыню была адзначана ў 2009-м, затым пацвярджалася ў 2014, 2017 і 2020 гадах. І вось чарговае прызнанне эфектыўнасці дзейнасці. Заняў сваё ганаровае месца Нацыянальны аэрапорт Мінск і на Рэспубліканскай Дошцы гонару за дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулы год. Гэтай высокай узнагароды прадпрыемства было ўдастоена і па выніках работы за 2021 і 2023 гады. Акрамя таго, наш галоўны паветраны порт уганараваны званнем «Найлепшы аэрапорт краін СНД».
Аэрапорт — гэта вельмі складаная транспартная інфраструктура, і ў ацэнку якасці яго работы ўваходзяць не толькі вытворчыя і эканамічныя паказчыкі. Усё значна шырэй: гэта і забеспячэнне бяспекі палётаў, і развіццё маршрутнай сеткі, і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, і, вядома, якасны сэрвіс.
Усвядомленая і стратэгічная тэндэнцыя
— РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» па-ранейшаму пацвярджае статус аднаго з ключавых вузлоў ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, — сустракае нас расповедам генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір ЧАРАУХІН. — Змена вектара ў развіцці маршрутнай сеткі на ўсходні і паўднёвыя напрамкі з’яўляецца ўсвядомленай і стратэгічнай тэндэнцыяй. Мы вядзём пастаянную работу не толькі па аднаўленні і адкрыцці рэйсаў паміж Мінскам і сталіцамі краін СНД і ЕАЭС, але і па павелічэнні частот на ўжо існуючых напрамках.
Пацвярджаюць словы кіраўніка і лічбы: за 10 месяцаў 2025 года паветраны порт Мінска абслужыў два з паловай мільёны чалавек. Характэрна, што 2,1 мільёна — гэта не чартары, а рэгулярныя рэйсы. Яшчэ адзін адметны факт: больш за 66 % усіх пасажыраў прыпадае на рэйсы нацыянальнага перавозчыка — авіякампаніі «Белавія», якая фарміруе большую частку палётаў з Мінска. Калі параўноўваць з тым жа перыядам 2024 года, то рост абслужаных рэйсаў склаў 3,1 %, пасажыраў — 2,6 %.
Па словах Уладзіміра Чараухіна, адбываецца гэта ў першую чаргу дзякуючы ўмацаванню сувязяў з краінамі СНД.
— Са студзеня да кастрычніка гэтага года больш за 63 % пасажырапатоку абслугоўваецца нашымі партнёрамі на рэйсах у/з гэтых краін, — канстатуе ён. — Павялічана частата палётаў з Чалябінска, у летнім раскладзе Аэрафлот павялічыў частату палётаў з Масквы з 4 да 7 рэйсаў на дзень. У вяснова-летні сезон сёлета кітайская авіякампанія выканала тры дадатковыя рэгулярныя рэйсы з Сіяня, а ў жніўні казахскім перавозчыкам адкрыты рэгулярныя рэйсы па маршруце Алматы — Мінск — Алматы.
Уладзімір Мікалаевіч назваў і самую значную, нават гістарычную, падзею ў грамадзянскай авіяцыі Беларусі: у кастрычніку 2025-га адкрыліся тры далёкамагістральныя рэйсы нацыянальнага авіяперавозчыка — у Санью (КНР), Маталу (Шры-Ланка) на рэгулярнай аснове і чартарныя рэйсы — на востраў Фукуок (В’етнам). У 2026 годзе «Белавія» і далей плануе развіваць сетку такіх напрамкаў, у прыватнасці ў Тайланд і ў в’етнамскі Нячанг. Акрамя гэтага, ужо анансаваны чартарныя рэйсы ў Туніс і Іарданію.
Рэгіёны становяцца прывабнымі
У склад РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» у якасці філіялаў уваходзяць яшчэ Магілёўскі аэрапорт і Аршанскі аэрадром.
Па словах генеральнага дырэктара, Магілёўскі аэрапорт становіцца прывабным вузлом не толькі для жыхароў Беларусі, але і для пасажыраў з прыгранічных расійскіх рэгіёнаў.
— «Белавія» з красавіка 2025 звязала Магілёў з Масквой, з мая 2025-га —
з папулярнымі сярод беларусаў курортамі ў турэцкай Анталіі. А з 22 лістапада беларускі перавозчык пачаў выконваць чартарныя рэйсы ў Шарм-эль-Шэйх. На сёння абслужана звыш 12 тысяч пасажыраў, — расказвае Уладзімір Чараухін.
Ён таксама адзначыў, што Аршанскі аэрадром, які спецыялізуецца на грузавых авіязносінах, разглядаецца сёння як перспектыўная платформа для развіцця мультымадальных лагістычных рашэнняў «паветраны транспарт — чыгунка — аўтамабільны транспарт» для грузавых аператараў, якія працуюць з дружалюбнымі краінамі.
— Работа па развіцці авіязносін у/з Рэспублікі Беларусь вядзецца пастаянна, — падкрэсліў генеральны дырэктар. — Такім чынам мы робім свой унёсак ва ўмацаванне транспартнай інфраструктуры краіны і пашырэнне знешнеэканамічных сувязяў з дружалюбнымі дзяржавамі.
Па стандартах якасці
Нацыянальны аэрапорт Мінск называюць паветранымі варотамі краіны. Менавіта адсюль госці Беларусі пачынаюць сваё знаёмства з краінай, тут яны атрымліваюць першыя ўражанні. Не трэба быць экспертам, каб прызнаць, што і знаёмства, і ўражанні ад аэравакзальнага комплексу аэрапорта — найлепшыя. І гэтыя адчуванні толькі замацоўваюць экспертнае меркаванне аб тым, што аэрапорт адпавядае ўсім патрабаванням сэрвісу і бяспекі. За прывабным знешнім выглядам — бесперапынная карпатлівая праца калектыву працаўнікоў па абслугоўванні авіяперавозчыкаў, пасажыраў і грузаў у адпаведнасці з усталяванымі стандартамі якасці.
— Работа прадпрыемства арыентавана на дасягненне максімальнай аперацыйнай эфектыўнасці і рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, — расказвае генеральны дырэктар. — Эканамічная дзейнасць структуравана вакол трох ключавых кірункаў, якія і фарміруюць аснову ўстойлівай аперацыйнай мадэлі прадпрыемства. Гэта комплекснае абслугоўванне паветраных суднаў, якое ўключае поўныя цыклы абслугоўвання пры прылёце і падрыхтоўкі да вылету на пероне. У пералік уваходзіць таксама апрацоўка грузаў, якая забяспечвае іх прыём, адпраўку і захоўванне. А абслугоўванне пасажыраў прадугледжвае ўвесь спектр паслуг, у тым ліку і неавіяцыйнага характару, напрыклад, выдзяленне парковачных месцаў, работу гандлёвых аб’ектаў, арганізацый грамадскага харчавання і іншае.
На прадпрыемстве функцыянуе поўны комплекс аэрапортавай інфраструктуры, тут сучасная тэхніка і абсталяванне. Усё гэта дазваляе мінімізаваць эксплуатацыйныя выдаткі, а ўсе віды абслугоўвання выконваць аператыўна і якасна.
Пасажырскі тэрмінал і новы грузавы комплекс
Якасць — паняцце не статычнае. Патрабаванні да яго змяняюцца разам з часам, новымі тэхналогіямі, пажаданнямі пасажыраў. Рухаецца наперад у гэтым кірунку і Нацыянальны аэрапорт. У прыярытэце — некалькі праектаў, адзін з якіх — рэканструкцыя перона і аэравакзальнага комплексу з узвядзеннем міжнароднага пасажырскага тэрмінала. Гаворка аб стварэнні трансфернай зоны для пасажыраў міжнародных напрамкаў, дзе плануецца падзяліць патокі пасажыраў з краін СНД і іншых міжнародных рэйсаў, пашырыць назапашвальнікі для пасажыраў і такім чынам аптымізаваць працу спецыялістаў аэрапорта.
Новы перон дазволіць павялічыць колькасць абслугоўваных шырокафюзеляжных самалётаў з выкарыстаннем тэлескапічных трапаў.
— Гэты праект арыентаваны на буйныя сусветныя кампаніі, якія выконваюць далёкамагістральныя рэйсы, — дзеліцца Уладзімір Чараухін. — Яго рэалізацыя павысіць іх зацікаўленасць у пашырэнні маршрутаў праз Мінск.
Яшчэ адзін праект Нацыянальнага аэрапорта — узвядзенне грузавога комплексу для апрацоўкі грузаў.
— Існуючыя магутнасці складоў ужо недастатковыя для таго аб’ёму грузаў, які апрацоўвае аэрапорт. А аб’ём пастаянна расце, — кажа кіраўнік прадпрыемства. — Увод у эксплуатацыю новых памяшканняў дазволіць апрацоўваць значна больш грузаў, захоўваць і апрацоўваць кантэйнеры, палеты і, такім чынам, павышаць якасць нашых паслуг авіякампаніям.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД