Збіраюся ў невялікае падарожжа на малую радзіму. Сумкі цяжкія, таму, каб дабрацца да Цэнтральнага аўтавакзала ў Мінску, вырашаю скарыстацца паслугамі таксі. Аформіла заказ анлайн. Машына прыбыла практычна хвіліна ў хвіліну. Вадзіцель прапанаваў паставіць сумкі ў багажнік, каб мне было камфортней ехаць. Села на задняе сядзенне. «Прышпіліцеся, калі ласка, — папрасіў таксіст. — Так трэба». Паездка прайшла спакойна, без музыкі і размоў — усяго таго, што адцягвае ўвагу таксіста ад кіравання. Калі папрасіла спыніцца ў пэўным месцы, малады чалавек адказаў: «На жаль, тут спыненне забаронена, пад’едзем да найбліжэйшага прыпынка». Патрабаванні кіроўцы я выконвала беспярэчна, таму што яны былі законнымі — і да пасажыра, і да самой перавозкі — камфортнай і бяспечнай. Яшчэ што заўважна — паездкі ў аўтамабілях-таксі сталі таннейшымі.
Пра тое, што яшчэ змянілася ў сферы нерэгулярных перавозак пасажыраў з увядзеннем рэестра, расказвае намеснік начальніка Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Дзмітрый КУЛІКОЎСКІ.
— Як вядома, у адпаведнасці з указам Прэзідэнта і пастановай Савета Міністраў, унутрырэспубліканскія перавозкі пасажыраў у нерэгулярных зносінах, уключаючы таксі, сёння ажыццяўляюцца толькі пры наяўнасці інфармацыі аб дыспетчарах, перавозчыках, транспартных сродках і кіроўцах у рэестры аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. Парушэнне гэтых правіл можа прывесці да прыпынення знаходжання ў рэестры і, адпаведна, ускладніць дзейнасць перавозчыкаў, — нагадаў ён.
— Зыходзячы з таго, што кіроўцаў у рэестры прыкметна дадалося, колькасць таксістаў, гатовых рызыкаваць, таксама зменшылася?
— Па стане на 21 мая ў рэестр уключаны 143 дыспетчары, 34 391 кіроўца, 24 842 аўтамабілі таксі і 5300 перавозчыкаў. Пра што кажуць гэтыя лічбы? Пасля ўвядзення рэестра асноўная маса аўтамабільных перавозчыкаў выйшла з ценю. Адпаведна скарацілася колькасць парушэнняў. Таму ўжо сёння можна сказаць, што існаванне рэестра даказала сваю абгрунтаванасць, — канстатуе суразмоўца.
Рынак таксі стаў празрыстым. Створаны роўныя ўмовы вядзення бізнесу для ўсіх яго ўдзельнікаў.
І гэты факт пацвярджае бізнес-супольнасць. Паводле слоў намесніка начальніка Транспартнай інспекцыі, колькасць перададзеных дыспетчарамі заказаў на перавозку пасажыраў значна вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам двух папярэдніх гадоў.
— Адзначаецца рост выручкі перавозчыкаў і, як вынік, паступленняў у бюджэт, — падсумоўвае Дзмітрый Кулікоўскі.
Даныя з рэестра дазваляюць дыспетчарам у рэжыме анлайн пераканацца ў адпаведнасці паслугі, што аказваецца, патрабаванням бяспекі і не перадаваць заказы перавозчыкам і кіроўцам, якія парушаюць заканадаўства.
— Што датычыцца кошту паездак — ён практычна дасягнуў дарэестравага ўзроўню. Сёння ў цэлым цэнавую сітуацыю на рынку аўтаперавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах можна характарызаваць як стабільную, — каментуе прадстаўнік Транспартнай інспекцыі.
— Як рэестр змяніў работу таксістаў?
— Мы ўжо не раз казалі пра тое, што ўвядзенне рэестравай сістэмы не прадугледжвае дадатковых патрабаванняў да кіроўцаў: каб быць уключаным туды, дастаткова выконваць нормы заканадаўства, якія дзейнічалі раней. Так яно і атрымалася. Новаўвядзенні былі неабходныя, каб зрабіць гэты рынак не толькі празрыстым, але і бяспечным. Дыспетчар, які перадае заказы на выкананне перавозак, з уступленнем у сілу Указа № 32, можа вызначаць, наколькі перавозчык у асобе канкрэтнага суб’екта гаспадарання, яго транспартны сродак і кіроўца адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, ці змогуць яны выканаць перавозку без парушэнняў, — адзначыў суразмоўца.
— У нашай краіне дзейнічае Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», згодна з якім любая паслуга павінна адпавядаць патрабаванням бяспекі. Раней такой магчымасці ў дыспетчарскіх службаў не было, — дадае Дзмітрый Кулікоўскі. — Сёння ж
дыспетчар, маючы інфармацыю аб перавозчыку і кіроўцу, можа спрагназаваць, наколькі якасна будзе аказана паслуга. Кожны пасажыр таксама можа знайсці для сябе пэўныя звесткі ў рэестры (ці ёсць там кіроўца і канкрэтны транспартны сродак) і самастойна вызначыць, наколькі бяспечную паслугу яму аказваюць. Акрамя таго, знаходжанне ў рэестры — гарантыя, што аўтамабіль прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд, у прадпрыемства ёсць дагавор страхавання грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі, у кіроўцы — адпаведная кваліфікацыя. А таксама тое, што на працу ён выязджае здаровым і на спраўным аўтамабілі.
— А што кажуць пасажыры?
— Аналіз зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб — наша пастаянная работа, — падкрэслівае Дзмітрый Кулікоўскі. — І ён сведчыць, што праблемных пытанняў, звязаных з недахопам аўтамабіляў таксі і іх кіроўцаў, няма. Наадварот, мы назіраем станоўчую дынаміку напаўнення рэестра. А гэта сведчыць пра тое, што ўсе прароцтвы аднаго вядомага перавозчыка пра тое, што кіроўцы з увядзеннем рэестра будуць масава сыходзіць з гэтага рынку, на самай справе нічога агульнага з рэчаіснасцю не маюць.