Тут рыхтуюць кадры для хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, лясной гаспадаркі, дрэваапрацоўкі і выдавецка-паліграфічнай дзейнасці
У цяперашнюю прыёмную кампанію Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прапануе абітурыентам 30 спецыяльнасцяў бакалаўрыяту агульнай вышэйшай адукацыі і 5 — спецыяльнай вышэйшай адукацыі. Універсітэт плануе залічыць 1100 студэнтаў на бюджэтныя месцы — гэта плюс 20 да мінулай уступнай кампаніі.
Для ключавых галін
БДТУ — універсітэт з багатай гісторыяй, традыцыямі і сучасным адукацыйным працэсам. ВНУ, якая некалькі дзясяткаў гадоў таму рыхтавала спецыялістаў у асноўным для ляснога комплексу, сёння ператварылася ў шматпрофільны навукова-адукацыйны хаб, дзе рыхтуюць спецыялістаў для больш чым дзесяці ключавых галін эканомікі: ад хіміі, нафтахіміі, фармацыі і ІT да паліграфіі, будаўнічых матэрыялаў, інжынернай эканомікі і сертыфікацыі.
— Так, сапраўды, сённяшні дзень універсітэта — гэта 40 навукова-даследчых лабараторый, цесная інтэграцыя з прадпрыемствамі і, што самае важнае, высокакваліфікаваныя выкладчыкі, больш за 65 % якіх маюць вучоныя ступені, — расказвае рэктар БДТУ Сяргей КАСПЯРОВІЧ. — Такога асяродку выкладчыкаў з навуковымі ступенямі няма больш ні ў адной ВНУ краіны!
Па словах рэктара, работа над навучальнымі праграмамі ў частцы іх актуалізацыі вядзецца пастаянна. Яшчэ адзін вельмі важны момант — цесны кантакт з галіновымі міністэрствамі і прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў: кожны год у навучальныя планы ўносяцца карэктывы, з’яўляюцца новыя дысцыпліны па лічбавых двайніках, рабатызаваных комплексах у лесанарыхтоўцы, «зялёнай» хіміі, адытыўных тэхналогіях у паліграфіі. Як вынік — больш за 40 % дыпломных праектаў выконваюцца па рэальных заказах прадпрыемстваў.
Эксклюзіўныя спецыялісты
Толькі ў тэхналагічным універсітэце рыхтуюць інжынераў-тэхнолагаў для цэлюлозна-папяровай прамысловасці, спецыялістаў па хімічнай перапрацоўцы драўніны, тэхнолагаў па вытворчасці лакаў і фарбаў, інжынераў у галіне вогнеаховы матэрыялаў.
— Мы таксама рыхтуем прамысловых эколагаў, аўдытараў у галіне энергазберажэння, ІT-спецыялістаў па інтэграваным камп’ютарным тэхналогіям для аўтаматызаванага праектавання і вытворчасці вырабаў, — пералічвае рэктар. — Летась ва ўніверсітэце быў адкрыты набор на дзве новыя спецыяльнасці — «Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў і вырабаў» і «Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў».
Сяргей Антонавіч падзяліўся, што сваю першую сесію студэнты, якія навучаюцца па гэтых спецыяльнасцях, здалі паспяхова — значыць, справа пойдзе! Ён таксама падкрэсліў, што ў цяперашнюю ўступную кампанію адкрыццё новых спецыяльнасцяў не прадугледжана, але будуць новыя спецыялізацыі — «Біяфармацэўтычныя тэхналогіі», «Вытворчасць упаковачна-этыкетнай прадукцыі», «Тэхналогія скуры і футра».
Матывацыя, падтрымка і дуальнае навучанне
Найбольш запатрабаваныя сёння — гэта спецыялісты лясной гаспадаркі.
— Для моладзі, якая прыходзіць вучыцца па гэтым кірунку, у нас дзейнічае цэлая сістэма матывацыі і падтрымкі, — гаворыць Сяргей Каспяровіч. — Абітурыенты, якія паступаюць на адпаведныя спецыяльнасці па мэтавым накіраванні ад прадпрыемстваў ляснога комплексу, атрымліваюць павышаную стыпендыю — да 120 % ад базавай. Для найлепшых з іх прадугледжаны імянныя стыпендыі ад прадпрыемстваў і галіновага прафсаюза.
Акрамя таго, лясная галіна сёння высокатэхналагічная, і малады спецыяліст прыходзіць на сучасную вытворчасць з «разумнымі» станкамі, сістэмамі аўтаматызаванага праектавання і GPS-навігацыі і гэтак далей. Рэктар універсітэта асобна спыніўся на Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе і назваў яго не проста палігонам для практык, а сучаснай адукацыйнай базай, дзе ў перспектыве можна стварыць рэгіянальны экалагічны цэнтр.
Не вучобай адзінай
Акрамя якаснага навучання, для тых, каму пашчасціла стаць студэнтам БДТУ, ёсць мноства магчымасцяў займацца навукай, творчасцю, спортам, грамадскім жыццём — тут для гэтага створаны ўсе ўмовы. Зусім нядаўна па вуліцы Беларуская, недалёка ад спартыўнага стадыёна і інтэрнатаў БДТУ, быў здадзены ў эксплуатацыю сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам на шэсць 25-метровых дарожак, дзвюма саўнамі, а таксама заламі для бокса і сілавых трэніровак. Безбар’ерная архітэктура комплексу дазваляе займацца спортам усім жадаючым.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Ксеніі ЛІННІК