Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, Таццяна Кананчук працавала ў сістэме адукацыі Слаўгарадскага раёна і стала непасрэдным сведкам падзей, што адбываліся ў гэтым рэгіёне. Яна добра ведае, як рэалізоўваліся і што рэальна далі дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў аварыі. Гэты вопыт спатрэбіўся ёй пазней, калі стала парламентарыем. Таццяна Пятроўна дакладна адчувала, што яшчэ патрэбна людзям, якія працягвалі жыць у пацярпелых раёнах.
Шлях да адраджэння
З 1990 года на тэрыторыі Беларусі было рэалізавана шэсць праграм, накіраваных на адраджэнне жыцця на забруджаных тэрыторыях. І калі ў першых рабіўся акцэнт на ахоўныя мерапрыемствы і перасяленне людзей, то, пачынаючы з 1996-га, праводзілася адаптацыя да зменлівых умоў з акцэнтам на рэабілітацыю. Паступова ўвага змяшчалася на сацыяльную абарону, спецыялізаваную дыспансерызацыю і аздараўленне, ў першую чаргу дзяцей.
— Мы выязджалі ў санаторыі цэлымі школамі, — ўспамінае Таццяна Кананчук. — Спачатку яны не былі прыстасаваны да такой вялікай колькасці вучняў. Для правядзення ўрокаў выкарыстоўвалі холы і іншыя памяшканні. Настаўнікі падтрымлівалі дзяцей, дапамагаючы ім адаптавацца. Паступова сістэма па аздараўленні ўдасканальвалася, санаторыі абсталёўвалі памяшканні для заняткаў, набывалі ўсё неабходнае для вучэбнага працэсу, ствараліся дзіцячыя рэспубліканскія аздараўленчыя цэнтры. З часам мы зразумелі, наколькі апраўданы быў гэты крок. Дзяржава своечасова праявіла клопат аб будучым здароўі нацыі.
Дзяржпраграмы інтэграваліся з ініцыятывамі, якія рэалізоўваліся ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Упор рабіўся на развіццё медыцынскіх тэхналогій, радыяцыйнай абароны, сістэмы маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі. Праводзіліся дэзакцывацыя тэрыторый, радыяцыйны кантроль і маніторынг сельскагаспадарчых зямель, паветра, паверхневых вод, прадукцыі асабістых падсобных гаспадарак, пітной вады і гэтак далей.
У рамках праграм па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва рабіліся выплаты, уводзіліся льготы, павышаўся ўзровень медыцынскага абслугоўвання, праводзіўся маніторынг стану здароўя насельніцтва, прадугледжвалася санаторна-курортнае лячэнне пацярпелых, ва ўстановах адукацыі арганізавалі бясплатнае харчаванне дзяцей.
Народная абранніца
З 2012 года Таццяна Кананчук дапамагала вырашаць пытанні рэабілітацыі, у тым ліку і сваёй малой радзімы на Слаўгарадчыне, у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У парламенце яна была намеснікам, а потым і старшынёй Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай аварыі. Адзіная з магілёўскіх дэпутатаў працавала адразу па чатырох «чарнобыльскіх» раёнах — Слаўгарадскім, Быхаўскім, Краснапольскім і Касцюковіцкім. Усе яны знаходзяцца на значнай адлегласці адзін ад аднаго, і як яна зараз жартуе, увесь час была ў дарозе.
Аднойчы я назірала, як Таццяна Пятроўна працавала ў Краснаполлі ў пачатку студзеня 2016 года. Размаўлялі ўрыўкамі паміж сустрэчамі з грамадскасцю і дзіцячымі карагодамі вакол ёлкі. Людзі ведалі яе, дзякавалі, ахвотна дзяліліся запаветным. Яна ж удакладняла, як ідуць справы па ініцыятывах, якія ёсць праблемы, чым можна дапамагчы.
Адзін з праектаў па самазанятасці насельніцтва ахопліваў тры раёны — Слаўгарадскі, Быхаўскі і Краснапольскі. Ён датычыўся вырошчвання садоў і забеспячэння насельніцтва вітаміннай прадукцыяй, на якой можна было яшчэ і зарабіць. Тады ж у Слаўгарадскім раёне была раскручана ініцыятыва па адраджэнні традыцый дамашняга сыраварэння. Жыхары, якія ўключыліся ў гэтую ініцыятыву, дагэтуль жывуць сырным промыслам. У раёне нават з’явіўся фестываль «Гаспадарчы сыр».
У інтарэсах грамадзян
Задача дэпутата — абараняць інтарэсы выбаршчыкаў. Падчас аднаго з Усебеларускіх народных сходаў Таццяна Кананчук звярнулася да кіраўніка дзяржавы з просьбай ліквідаваць прабел у нарматыўным дакуменце наконт прыватызацыі жылля, пабудаванага па чарнобыльскіх праграмах:
— Там існавала разыходжанне, адтуль выпалі спецыялісты сферы культуры і сілавых структур. Яны не маглі гэта жыллё прыватызаваць, нягледзячы на тое, што там жылі. Не вырашыўшы пытання на іншых узроўнях, я звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі. Гэтае пытанне было ўрэгулявана нашай камісіяй сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі пасля таго, як выйшаў указ Прэзідэнта і дадзена адпаведнае даручэнне. У выніку грамадзяне змаглі прыватызаваць жыллё, пабудаванае за кошт чарнобыльскіх праграм.
Штогод у пацярпелыя раёны Магілёўшчыны накіроўваліся сродкі на інфраструктурныя праекты — будаўніцтва дарог і інжынерных сетак, газіфікацыю жыллёвага фонду. Станоўча адбілася на Слаўгарадскім і іншых «чарнобыльскіх» раёнах прыняцце Прэзідэнтам Указа № 235. Гэта і будаўніцтва жылля пад 1 %, і разнастайныя прэферэнцыі для інвестараў.
Унікальны вопыт
За 40 постчарнобыльскіх гадоў шмат чаго зроблена. У 1986-м чвэрць тэрыторыі Беларусі апынулася ў зоне радыеактыўнага забруджвання. Цяпер гэтая лічба скарацілася да 12 %.
— Для таго каб адрадзіць пацярпелыя раёны, выкананы вялікі аб’ём абаронных мер у сельскай гаспадарцы, будуюцца новыя малочна-таварныя комплексы, узводзяцца важныя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, — звяртае ўвагу Таццяна Пятроўна. — У тым жа Слаўгарадзе вырас цэлы мікрараён «Маладзёжны», пабудаваны дзіцячы садок на 75 месцаў, праведзена рэканструкцыя дзвюх школ і раённай бальніцы, пабудаваны басейн. Адкрылася сучаснае прадпрыемства «Чырвоны харчавік-Слаўгарад», зроблены пуцеправод праз раку Сож, пабудаваны свінагадоўчы комплекс каля вёскі Перагон. Гэта была важная для эканамічнага развіцця раёна падзея. Безумоўна, цалкам закрываць «радыяцыйную» тэму ранавата. Наперадзе яшчэ шмат работы. Застаюцца нязменнымі прыярытэты дзяржпалітыкі па забеспячэнні насельніцтва сацыяльнай абаронай, медыцынскай дапамогай і санаторна-куротным лячэннем, па садзейнічанні сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёнаў.
На думку Таццяны Кананчук, разам з дзяржаўнай дапамогай у адраджэнне зямель і захаванне традыцый унеслі вялікі ўклад і жыхары пацярпелых раёнаў. А вопыт, атрыманы нашай краінай, можна лічыць унікальным. Ён высока ацэнены на міжнародным узроўні. І як неаднаразова падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка: «Час паказаў, што мы дзейнічалі абсалютна дакладна і правільна. Калі б гэтай праблемай не займаліся, то і Беларусі не існавала б».
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва гераіні