Магілёўская пенсіянерка звярнулася ў міліцыю, каб вярнуць грошы за тавар, які яна купіла з рук, як высветлілася пазней, па завышанай цане.
Па словах афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Ірыны Рачкоўскай, 71-гадовая жанчына сустрэла на вуліцы двух незнаёмцаў, якія прапанавалі ёй набыць тавары па «прывабнай» цане. Яна запрасіла іх да сябе ў кватэру, каб бліжэй азнаёміцца з асартыментам, і спыніла свой выбар на тэрапеўтычнай падушцы і коўдры. За камплект аддала 1500 рублёў. Але пасля пераасэнсавала сваё рашэнне і звярнулася ў міліцыю, каб вярнуць грошы.
— Для ўстанаўлення кошту прададзеных вырабаў была праведзена судовая таваразнаўчая экспертыза, — растлумачыла Ірына Рачкоўская. — Зыходзячы з аналізу рознічнага кошту аналагічных вырабаў, эксперт прыйшоў да высновы, што жанчына пераплаціла за тавар болей чым у 6 разоў.
Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі асобы прадаўцоў — 29-і і 32-гадовага мужчын, якія вымушаны былі вярнуць магіляўчанцы грошы.
На жаль, не ўсе падобныя гісторыі заканчваюцца станоўча. Грамадзянам не трэба забываць, што яны вельмі рызыкуюць, набываючы тавары з рук. Яны могуць аказацца не толькі завышанымі па цане, але і небяспечнымі для здароўя.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці