Палац мастацтва запрашае на сумесны праект з галерэяй FARBA «1 элемент. Вада». Гэта першая выстаўка ў серыі, прысвечанай прыродным стыхіям. Праект захоўвае фірменны стыль FARBA — спалучэнне традыцыйнага мастацтва і сучасных тэхналогій з элементамі інтэрактыву і адукацыйнага кантэнту.
Сумесныя праекты галерэі FARBA і Палаца мастацтва папулярныя сярод наведвальнікаў дзякуючы маштабу і разнастайнасці работ. Акрамя класічнай прэзентацыі твораў арганізатары выкарыстоўваюць прастору цалкам, што стварае эфект поўнага паглыблення ў атмасферу выстаўкі. Галоўная тэма праекта «1 элемент. Вада» адлюстравана ў назве: творцам было прапанавана раскрыць самыя розныя грані вады — ад яе зачаравальнай прыгажосці і лекавых уласцівасцей да эвалюцыі марскіх насельнікаў і экалагічных праблем.
У экспазіцыі прадстаўлены работы сучасных беларускіх майстроў, выкананыя ў розных стылях і тэхніках. Тут можна ўбачыць класічныя жывапіс і скульптуру, тэкстыльныя кампазіцыі і вырабы з тонкага шкла, выцінанкі, інтэрактыўныя фотазоны (для тых, хто любіць яркія запамінальныя здымкі), арт-аб’екты, прысвечаныя ахове навакольнага асяроддзя, і чароўныя інсталяцыі, якія вяртаюць у дзяцінства і аб’ядноўваюць наведвальнікаў у адзіным памкненні наблізіцца да мары.

Дзмітрый Траяновіч «Срэбра акіяна», 2017 г.
Унікальны фотапраект Анастасіі Сегранёвай, які складаецца з фатаграфій і дзённікавых запісаў аўтара, даследуе зменлівую і шматгранную прыроду вады — не проста стыхіі, але і метафары разнастайных планаў і паняццяў, а таксама хісткасці гэтага ўспрымання. Творца выбрала цікавую форму для захавання ўспамінаў. Фотаздымкі і дзённікавыя запісы Анастасія размясціла на кропельніцах — як сімвале кропкавага ўздзеяння і паступовага вылячэння. Яна падкрэслівае як тэрапеўтычнасць дзённікавых запісаў, так і гаючую сілу самой вады.
Інсталяцыя Паліны Трускоўскай «Плынь» таксама прапануе паглыбіцца ў свой унутраны свет і прасачыць вобразы розных плыняў: светлых, уражальных і чыстых, кожная з якіх адлюстроўвае памкненні душы, а яе рухі — думкі і станы. Плямы на тканіне паказваюць знешні ўплыў — словы, падзеі, позіркі, здольныя пакідаць адбіткі.
У душы, як і ў вадзе — ўсё адгукаецца, і нават лёгкі дотык можа змяніць плынь.
Маштабны праект «Мара» — застылыя хвалі, пакрытыя мігатлівымі дыскамі, становіцца матэрылізаванай памяццю — адлюстраваннем імгненняў, упаяных у ход часу. Галоўны парадокс інсталяцыі ў тым, што ў межах выстаўкі хвалі застылі, аднак, як вядома, вада — моцная сіла, якая не ведае перашкод. Гэтая метафара адлюстроўвае супярэчлівасць чалавечага ўспрымання, бо мы ведаем пра бязмежнасць магчымасцей, аднак працягваем існаваць у зададзеных межах.
Побач размясцілася работа Людмілы Каюковай, пры першым поглядзе на якую адразу ўзнікае думка пра знакамітага кіта, чый спеў быў недасягальны для іншых насельнікаў акіяна, і ён быў асуджаны на бясконцае адзіноцтва.
Аднак праект «Адкуль растуць ногі ў кіта?» зусім не пра гэта, таму сентыментальныя гледачы могуць выдыхнуць і паглыбіцца ў перыпетыі эвалюцыі. Творца прапануе прасачыць доўгі шлях жывёл да сушы і адказаць на пытанне: чаму кіты вярнуліся ў акіян?

Kate Shi «46–54»
Да стварэння светабудовы звяртаюцца Аляксандр Трускоўскі і Васіль Васільеў. У творы першага майстра «Лівень патопу» выкарыстана шкло, якое імітуе струмені дажджу. Кожны струмень дасягае ў вышыню 6 метраў. У шкле ёсць бурбалкі паветра, як сімвал жыцця, якое зараджаецца на фоне стыхіі смерці. Дыяметр адной кроплі ў струмені — каля 20 см, што кажа пра гіпербалізаванасць ліўня, які транслюе наша імкненне жыць у ілюзіі. «Каўчэг» Васіля Васільева, заснавы на вядомым біблейскім сюжэце, уяўляе сабой імправізаваны драўляны каркас з размешчанымі на ім ветразямі. На кожным з іх аўтар адлюстраваў знакаміты біблейскі выраз: «...і ад кожнай плоці па пары, каб яны засталіся з табой жывыя...»
Наведвальнікі таксама могуць стаць удзельнікамі выстаўкі. Для гэтага неабходна напісаць на паперы, што самае каштоўнае вы б узялі з сабой на каўчэг. Ліст трэба скласці ў караблік і пакласці ў бутэльку — ён стане часткай арт-капсулы, якая будзе закансервавана пасля праекта.
Напрыканцы экспазіцыі, калі ўсе фотазоны і інтэрактыўныя пляцоўкі пройдзены, наведвальнікі могуць азнаёміцца з традыцыйным для галерэі FARBA імерсіўным фільмам. Дынамічны відэарад расказвае пра жыццё і творчасць Айвазоўскага, які не па чутках ведаў, што такое вада. Пасля прагляду можна загадаць жаданне, якое абавязкова здзейсніцца з дапамогай Магічнага фантана еднасці.
Праект працуе да 24 жніўня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара