Top.Mail.Ru

Тэатралізаваны мітынг, кінапаказы, выставы, канцэрты...

Святочная праграма, прысвечаная Дню Незалежнасці і 85-годдзю гераічнай абароны Магілёва, абяцае магіляўчанам шмат прыемных хвілін і цікавых уражанняў


Асноўнай пляцоўкай свята, дзе пройдзе тэатралізаваны мітынг і адбудзецца святочны феерверк, на гэты раз стане лакацыя каля музея Славы Магілёўшчыны ў Буйнічах. Музей існуе год, але ўжо стаў месцам знакавых падзей. 3 ліпеня тут будзе арганізаваны паказ тэматычных экспазіцый, пройдуць кінапаказы ваенных фільмаў, а вечарам на пляцоўцы каля музея гараджане і госці горада збяруцца на святочны канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасці, фіналам якога стане ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Праспяваем гімн разам» і маляўнічы феерверк. Улічваючы аддаленасць аб’екта ад горада, будзе арганізаваны дадатковы рух грамадскага транспарту. Ад плошчы Арджанікідзэ ў Буйнічы будуць курсіраваць аўтобусы 3к, а пасля феерверку народ зможа скарыстацца транспартам, які адправіцца з Буйніч па трох напрамках на Саломенку, у Казіміраўку і Любуж.

Шмат розных мерапрыемстваў запланавана непасрэдна ў горадзе. На плошчы Адзінства 3 ліпеня будзе працаваць выстава-кірмаш рамеснікаў «Скарбніца талентаў», тут жа з 12.00 да 13.00 выступіць ансамбль «Злато-Серебро» з Пензінскай вобласці. У розных канцах горада будуць працаваць спартыўныя і культурна-забаўляльныя пляцоўкі, а ў кінатэатрах адбудуцца святочныя кінапаказы фільмаў на тэму Вялікай Айчыннай вайны. 

А 5 ліпеня на пляцоўцы каля музея Славы Магілёўшчыны ў рамках святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і з нагоды першай гадавіны з дня адкрыцця музея, будзе арганізавана выстава ўзораў унікальнай рарытэтнай ваеннай тэхнікі з Расійскай Федэрацыі. З'явіцца магчымасць убачыць цэлую серыю савецкіх танкаў — Т-26, сярэдні і цяжкі танкі міжваеннага перыяду Т-28 і Т-35, лёгкі колава-гусенічны танк БТ-5, колава-гусенічны танк БТ-7.

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю