Top.Mail.Ru

Трэ было слухаць жонку

Некалі раней гаспадаром у хаце лічыўся муж, мужчына. Ён зарабляў грошы, ён жа іх размяркоўваў. Жонка, жанчына займалася выхаваннем дзяцей, даглядала гаспадарку, шыла, прала, ткала... Да грошай, можна сказаць, не датыкалася.


Зусім іншыя парадкі цяпер: мусіць, у нямногіх сем’ях даходы-расходы плануюцца разам. У многіх — гаспадыня робіць гэта сама.
Так было ў Сцяпана, так і ў яго сябрука, суседа Антося.

Абодва яны працавалі механізатарамі ў мясцовым саўгасе, абодва марылі хутчэй «дацягнуць» да пенсіі. «Ты чым тады будзеш займацца?» — спытаў неяк Антось. «Ды хацелася б трохі паездзіць, свет паглядзець», — уголас памарыў Сцяпан. — «А мне дык і дома нядрэнна будзе, — падміргнуў Антось. — Бо я ж рыхтуюся... І даўно. Я цішком ад жонкі грошы адкладваю... У надзейным месцы трымаю. На „дзембель“ выйду і ўжо тады...»

Сусед так смачна расказваў, як потым зажыве, як у вольную часіну пад настрой будзе браць бутэлечку, што на тое ж падбіў Антося.

...Ён, трохі старэйшы, на пенсію выйшаў першым. Сцяпан — пазней, але «свет глядзець» не паехаў — жонка не пусціла: усё жыццё адна, можна сказаць, цягнула гаспадарку, а тут вольныя плечы з’явіліся…

Муж, вядома, іх падстаўляў, дапамагаў сваёй Юлі. Праўда, калі цвярозы, бо выпіць яму часцяком здаралася — найперш з сябруком, з Антосем. «І адкуль толькі грошы бяруць?» — не разумеюць часам іх жонкі. А ў мужоў — гатовы адказ:

— У спортлато гуляем. І выйграём!

Жанчыны таксама паспрабавалі: купілі па адным білеціку, па другім, па трэцім... Пуста: не шанцуе. Значыць, хлусяць мужы?

...Крыніца даходаў адкрылася позна ўвосень і зусім нечакана.

Юля ці не 22 разы казала свайму, каб сабачую будку ўцяпліў, а мужу то некалі, то рана яшчэ, то патрэбных цвікоў няма…

Якраз па іх у той дзень і паехаў — у мястэчка, у краму.

Юля ў гэты час вырашыла «ўцяпляльнік» падрыхтаваць: зайшла ў паветку, узяла там старую ватоўку (гады са тры на сцяне правісела), накінула зверху на будку — добрым бокам, благім... Згледзела, што ў адным рукаве падкладка парваная і штосьці тырчыць... Усунула руку — грошы?!

Лічачы іх — дробныя, шмат, — не ведала смяяцца ці злаваць.

А тут і муж «намаляваўся», прычым вясёлы-вясёлы (кульнуў з некім чарку!).

— Што — зноў у латарэйку выйграў? — смехам спытала жонка.

Сцяпан з той радасці:

— А як жа! Мне часцяком шанцуе!

— Але ж, ты казаў, па драбязе... А я сёння во колькі грошай выйграла! — пахвалілася Юля, паказаўшы скрутак…

Сцяпан, — каб не лаўка пры ганку — мусіць, на зямлю абсеў бы... Расстроіўся — страшна!.. Але сварыцца з жонкай не стаў, бо сам жа ва ўсім вінаваты: яшчэ месяц назад мог уцяпліць тую будку. І Бобіку добра было б, і сам бы ўсю зімку грэўся.

Н. КАНДРАШОНАК

г. Петрыкаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю