Top.Mail.Ru

«Трэба зацікавіць чалавека быць тваім памочнікам»

Год якасці стаў прадвеснікам пяцігодкі якасці. Сёлета акцэнт робіцца на добраўпарадкаванні — тэме, добра вядомай усім дэпутатам. Яны, як сувязнае звяно паміж народам і ўладай, маюць шмат цікавых напрацовак у такім кірунку. Старшыня Магілёўскага аблсавета, член Савета Рэспублікі Аляксандр Гарошкін ахвотна падзяліўся думкамі на гэты конт.


— Аляксандр Рыгоравіч, на апошняй сесіі мінулага года аблсавет зацвердзіў праект бюджэту Магілёўскай вобласці на 2025 год. У ім шмат увагі ўдзяляецца развіццю сацыяльных праектаў, у тым ліку накіраваных на паляпшэнне жыцця сельскіх жыхароў. Гэта невыпадкова?

— Аналізуючы работу дэпутатаў усіх узроўняў за мінулы год, мы зрабілі зрэз пытанняў, з якімі насельніцтва да нас звярталася. Асноўныя праблемы датычыліся добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, рамонту пешаходных пераходаў, дарог, якасці пітной вады асабліва ў невялікіх населеных пунктах... Мы ўсе гэтыя пытанні акумулявалі і звярнуліся да выканаўчай улады. Нас пачулі і губернатар, і яго намеснікі. У бюджэт 2025 года якраз закладзены фінансавыя рэсурсы, якія пры планамерным удумлівым іх выдаткаванні дапамогуць нам зняць шматлікія пытанні. Прадугледжаны сродкі на рамонт дарог і прыдамавых тэрыторый. Выдзелены грошы і на рамонт калодзежаў, паколькі ў вёсках людзі па-ранейшаму імі карыстаюцца. Ёсць упэўненасць, што ЖКГ, выкарыстоўваючы гэтыя сродкі, палепшыць стан важных для насельніцтва аб’ектаў. А дэпутацкі корпус пракантралюе, каб грошы былі зрасходаваны па прызначэнні і рацыянальна. У бюджэце ёсць артыкул і на добраўпарадкаванне грамадскіх могілак. Леташняя стыхія нанесла шмат шкоды, у тым ліку і на месцах пахавання. Усё гэта — у полі зроку дэпутацкага корпуса. Будзем наводзіць парадак.

— Мінулы год стаў першым у рабоце дэпутатаў 29-га склікання. Былі выпрацаваны новыя метады і формы работы з насельніцтвам. Калі ласка, раскажыце пра іх.

— Як кажа наш Прэзідэнт, мы не павінны чакаць міласці ад прыроды, мы павінны самі ўсё ствараць і больш актыўна ўцягваць у гэта наша насельніцтва. Добраўпарадкаванне і стварэнне камфортных умоў жыцця павінны быць не толькі задачай улады, але і шчырым жаданнем людзей. Апошнім часам мы сталі актыўна развіваць грамадзянскія ініцыятывы, у рэалізацыі якіх людзі будуць прымаць непасрэдны ўдзел. Фінансаванне праекта часткова бярэ на сябе дзяржава. Такім чынам мы будуем дзіцячыя пляцоўкі, уладкоўваем прыдамавыя тэрыторыі, крыніцы — робім тое, што людзям сапраўды неабходна. Практыка паказвае, калі жыхары самі ўдзельнічаюць у справе, зробленае больш шануецца і захоўваецца.

— Добры водгук у насельніцтва атрымала такая форма работы, як адзіны дзень Саветаў

— Так. Яна вельмі эфектыўная. У адзін дзень на тэрыторыі раёна праводзяць прыёмы старшыні сельскіх, раённых, абласных Саветаў, сенатары і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Прыёмы адбываюцца ў розных месцах. Пасля мы збіраемся ў райцэнтры і абмяркоўваем тыя праблемы, з якімі да нас звярталіся. І адразу ж бачна праблема раёна. Напрыклад, высвятляецца, што не ўсё ў парадку з гандлёвым абслугоўваннем. Значыць, гэта вузкае месца і мы працуем над ім. Такі прыём грамадзян дазваляе зрабіць аб’ектыўны зрэз тых праблем, якія існуюць.

— Апошнім часам народ часта звяртаецца ў мас-медыя, каб падзякаваць дэпутатам за тое, што з іх дапамогай праблемы хутчэй вырашаюцца. У чым асаблівасць работы?

— Для мяне дэпутацкая дзейнасць пачалася менш чым год таму. Але 38-гадовы вопыт маёй армейскай службы дазволіў зрабіць выснову: мы павінны не толькі паставіць нейкую задачу, мы павінны пракантраляваць яе выкананне. Толькі тады, калі праблема бярэцца на кантроль, усё выконваецца. Мая пазіцыя: самы галоўны скаржнік у раёне павінен быць сябрам дэпутата. Што я маю на ўвазе? Трэба зацікавіць чалавека быць тваім памочнікам. Каб да яго ішлі людзі, а ён будзе ставіць гэтыя пытанні перад мясцовай уладай і дапамагаць іх вырашаць. Правіла нумар два — дэпутат павінен быць сумленным. Нельга хлусіць, абяцаць тое, што не зробіш. Я, напрыклад, заўсёды пытаюся ў выканаўцаў, колькі ім спатрэбіцца часу на закрыццё праблемы. І абавязкова прыеду ў той дзень асабіста, каб паглядзець, ці ўсё выканана.

Чым больш адказна мы, кожны з нас, будзем рабіць сваю работу, тым больш гарантый таго, што краіна будзе незалежнай. Пра гэта пастаянна гаворыць Прэзідэнт, заклікаючы кожнага добра і якасна рабіць сваю справу. Мы ўсе павінны працаваць сумленна.

Фота з архіва Магілёўскага аблвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю