Вопыт мінулай зімы паказаў, што падрыхтоўка да эксплуатацыі тэхнікі і дарог да працы ў складаных умовах нашай зімы паўтонаў не прымае. Як і не варта разлічваць на мяккае маласнежнае надвор’е, якое нас песціла не адзін год запар. Аднак не абыходзілася і без метэаралагічных іспытаў. Менавіта дзякуючы таму, што дарожная і спецыяльная тэхніка, неабходныя матэрыялы знаходзіліся ў поўнай «баявой» гатоўнасці, наступствы стыхіі ад цыклону Уіллі ўдалося звесці да мінімуму. Як падрыхтаваліся нашы транспартныя прадпрыемствы і дарожныя службы да новых іспытаў, мы даведаліся ў намесніка начальніка ўпраўлення навукова-тэхнічнай палітыкі і інфарматызацыі Міністэрства транспарту і камунікацый Паўла БРЭЧКІ.
Рыхтуем сані летам
Устойлівае функцыянаванне транспарту ў асенне-зімовы перыяд — гэта тое пытанне, якое стаіць на пастаянным кантролі нашага ведамства, канстатаваў Павел Іванавіч:
— Мы не чакаем стыхію, мы яе папярэджваем. Таму падрыхтоўка тэхнікі і матэрыялаў да гэтага перыяду ў нас пачынаецца ў самы разгар лета.
Па словах прадстаўніка Мінтранса, сезоннае абслугоўванне транспарту, падрыхтоўка спецтэхнікі, нарыхтоўка процігалалёдных матэрыялаў, набыццё рэагентаў, правядзенне адпаведных інструктажаў вадзіцеляў і іншых спецыялістаў — усё гэта ўспрымаецца і робіцца ў звычайным рабочым працэсе.
У Мінтрансе не забываюць і пра тое, што людзям, якім даводзіцца працаваць у экстрэмальных зімовых умовах, неабходна забяспечыць камфорт і бяспеку на іх працоўных месцах. Таму не менш пільная ўвага ўдзяляецца стану кацельняў і цеплавых сетак, іх магчымасці паўнавартасна функцыянаваць у халодную пару года, а таксама дахам будынкаў арганізацый ведамства. Правяраецца, ці дастатковыя запасы топачнага мазуту, кантралюецца падрыхтоўка кабельных ліній электраперадачы і іншае.
— На сённяшні дзень зарэгістравана сто працэнтаў пашпартоў гатоўнасці па забеспячэнні цяплом. Адрамантавана 4,4 тысячы пагонных метраў цеплавых сетак — таксама сто працэнтаў, — праінфармаваў Павел Брэчка.
Бяспеку функцыянавання транспарту зімой шмат у чым вызначае стан дарог. Практыка паказвае, што на ўвесь зімовы перыяд, які часта суправаджае галалёдзіца, неабходна 252,6 тысячы тон пясчана-салянай сумесі і тэхнічнай солі. Усе неабходныя аб’ёмы будуць забяспечаны.
— Акрамя таго, у хуткім часе будуць завершаны работы па стварэнні неабходных запасаў матэрыялаў для выканання ямачнага рамонту дарожных пакрыццяў у зімовых умовах. Да канца кастрычніка мы цалкам падрыхтуем неабходную тэхніку для ўтрымання дарог у зімовы перыяд.

Ад шыны да гумы
Не менш дбайнаму кантролю падвяргаецца і падрыхтоўка да работы ў асенне-зімовы перыяд транспарту, асабліва пасажырскага. Пільная ўвага, па словах прадстаўніка Мінтранса, удзяляецца тэхнічнаму стану аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў:
— Правяраецца ўсё — ад гумовых ушчыльняльнікаў на дзвярах і вокнах да сістэм ацяплення і кліматычнага абсталявання. Усё, што забяспечвае бяспеку пасажыраў пры перавозцы, — рухавікі, тармазныя сістэмы, электраабсталяванне — павінна быць у поўным парадку. Адзін з важных аспектаў — праверка і абслугоўванне сістэмы ацяплення. Восенню яе ўключаюць у салонах пры тэмпературы плюс 5 градусаў вышэй за нуль.
Разумны памочнік
Інструктаж вадзіцеляў — адна з найважнейшых частак падрыхтоўчай работы. Для іх зіма — напружаная праца ва ўмовах цемры і часта дрэннай бачнасці. Як правіла, перавозку людзей давяраюць дасведчаным вадзіцелям. Сёння ім у дапамогу прыходзяць новыя тэхналогіі.
— Інавацыі ўкараняюцца ў транспартную галіну, і мы іх горача вітаем, — дзеліцца Павел Іванавіч. — Сярод іх — усё больш сістэм, якія не толькі дапамагаюць вадзіцелю працаваць, але і забяспечваюць бяспеку перавозак.
Намеснік начальніка ўпраўлення расказаў пра некаторыя з іх, у прыватнасці, пра сістэму, якая сочыць за тым, каб вадзіцель не заснуў за рулём падчас руху, не з’ехаў у кювет:
— Галіновы інстытут «Транстэхніка» распрацаваў і сістэму папярэджання вадзіцеля пра выхад жывёл на дарогу. Работа ў гэтым кірунку працягнецца.

Цяжка ў вучэнні — лёгка ў дарозе
Наяўнасць рэсурсаў — толькі адзін са складнікаў гатоўнасці транспартнага комплексу да работы ў зімовых умовах. Не менш важна праверыць, наколькі зладжана службы змогуць дзейнічаць пры ўзнікненні аварыйных сітуацый.
— Да 1 лістапада пройдуць трэніроўкі па праверцы гатоўнасці службовых асоб, сіл і сродкаў да няштатных сітуацый, характэрных для асенне-зімовага перыяду, — паведаміў прадстаўнік транспартнага ведамства. — Акрамя таго, у лістападзе наша міністэрства сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам кіравання і рэагавання па надзвычайных сітуацыях МНС правядзе асобную трэніроўку. Будзем «ліквідаваць» наступствы надзвычайных сітуацый, якія раней ужо здараліся на транспартнай інфраструктуры. Напрыклад, будуць адпрацоўвацца дзеянні пры падзенні дрэў, абрывах ліній электраперадачы і іншых здарэннях, здольных парушыць работу транспартнай сістэмы. У трэніроўках будуць задзейнічаны дзяжурна-дыспетчарскія службы арганізацый, цэнтральныя апараты Мінтранса і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Што цікава, дадаў Павел Брэчка, удзельнікам загадзя не паведамяць змест спецыяльных уводных — яны будуць вядомыя толькі штабу:
— Гэта дазволіць праверыць увесь алгарытм рэагавання — ад атрымання інфармацыі пра здарэнне да вызначэння неабходных сіл і сродкаў і ліквідацыі наступстваў.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фото Лізаветы ГОЛАД