Top.Mail.Ru

Ці хопіць на ўсіх дроў і па якой цане іх прадаюць насельніцтву?

Зімой будзе цёпла

Лес сякуць, трэскі ляцяць. У печ

Мы завіталі ў Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас, які забяспечвае мясцовымі відамі паліва насельніцтва трох раёнаў Мінскай вобласці. Да «цёплай» тэмы мы яшчэ абавязкова вернемся, але спачатку больш падрабязна раскажам аб іншых кірунках дзейнасці гэтай нетыповай лясной гаспадаркі. Яе галоўная задача — даць магчымасць студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта сумясціць тэорыю і практыку ў рэальных умовах. 

З верасня па кастрычнік, а затым з надыходам вясны будучыя лясныя спецыялісты тут жывуць, вучацца і асвойваюць прафесійныя навыкі.

Як і ў звычайным лінейным лясгасе, у вучэбна-доследным займаюцца прамысловай вытворчасцю, нарыхтоўкамі, іншымі работамі. Адметна, што 50 % прадукцыі негарэльскай гаспадаркі (у асноўным піламатэрыялы) адпраўляецца на экспарт. Дапамагае яна вырашаць і задачы па цеплазабеспячэнню.

— Наша прадпрыемства знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, — гаворыць дырэктар Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса Казімір КАЖУШКА. — Таму і для нас на сённяшні дзень асноўнай задачай з’яўляецца забеспячэнне цяплом уласных памяшканняў, а плошча іх немалая — 

каля 5 тысяч квадратных метраў. Актыўна выкарыстоўваюцца адходы дрэваапрацоўкі — шчапа. Яе ў нас назапашана столькі, што хопіць не на адзін год.

Шчапа паступае ў цалкам аўтаматызаваную кацельню, якая забяспечвае цяплом адміністрацыйны корпус, музей, вытворчыя і вучэбныя памяшканні.

— Для нас галоўнае, што студэнты БДТУ ў верасні заязджаюць на вучобу ва ўжо ацепленыя памяшканні інтэрната і навучальнага корпуса. Да таго ж яны бесперабойна забяспечваюцца гарачай вадой. Інакш кажучы — камфортна і цёпла, толькі вучыся! — канстатуе кіраўнік лясгаса. — Мы незалежныя ў плане энергетыкі, і гэта дае шмат плюсаў.

І захоўваюць, і дапамагаюць

У параўнанні з лінейнымі гаспадаркамі, у вядзенні якіх 100 і больш тысяч гектараў лесу, плошчы Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса невялікія — усяго 17 тысяч гектараў. Аднак з такой невялікай плошчы штогод нарыхтоўваецца каля 30-35 тысяч кубаметраў дроў. Як сцвярджае Казімір Вікенцьевіч, гэта вельмі добры вынік, які дазваляе забяспечыць мясцовымі відамі паліва не толькі жыхароў Дзяржынскага раёна, але і двух суседніх:

— Попыт на дровы ёсць заўсёды. На тэрыторыі нашага невялікага лясгаса 32 дачныя кааператывы, што эквівалентна насельніцтву невялікага раённага цэнтра. Цяпер многія, асабліва пажылыя людзі, затрымліваюцца на дачных участках да маразоў, а некаторыя і на зіму застаюцца. Менавіта яны і, безумоўна, мясцовае насельніцтва з’яўляюцца нашымі самымі актыўнымі заказчыкамі. Акрамя таго, на мясцовых відах паліва працуюць некаторыя сталічныя прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў раёне МКАД, — ім мы таксама пастаўляем дровы. А яшчэ забяспечваем сыравінай для ацяплення замежнае прадпрыемства ў Гродзенскай вобласці.

Тым не менш пры ўсёй вытворчай актыўнасці галоўным прызначэннем Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса, як і ўсіх астатніх, з’яўляецца ахова лесу. Адкуль тады бяруцца такія аб’ёмы для нарыхтоўкі дроў?

— На жаль, захаванасць нашых лясоў не заўсёды наўпрост залежыць ад чалавека, — тлумачыць Казімір Кажушка. — Здараюцца такія ўраганы, за якімі мы потым «прыбіраем» не адзін дзень. Акрамя таго, з прычыны паніжэння ўзроўню грунтавых вод ідзе ўсыханне хвойных насаджэнняў — сасны і елкі. Такім чынам пад высечку трапляюць засохлыя і паваленыя дрэвы. Як і ліставыя або хвойныя дрэвы, якія трапілі пад санітарную высечку. Гэта працэс, калі тэрыторыя лесу вызваляецца ад інфіцыраваных, заражаных грыбком ці заселеных казуркамі-шкоднікамі дрэў, каб абараніць здаровы лес.

Што пачым?

— Бяроза ці, напрыклад, дуб — рэдкія і дарагія пароды, і мы стараемся іх не высякаць, а ахоўваць, — падкрэслівае Казімір Вікенцьевіч. — Насельніцтву ў асноўным прапаноўваем сасну і елку, якія, дарэчы, хутка распальваюцца і даюць добры жар.

Да таго ж дровы з хвойных парод значна больш танныя, чым з ліставых, — у сярэднім па краіне іх кубаметр у круглым выглядзе складае ад 14 рублёў без ПДВ, у колатым — ад 55 рублёў у залежнасці ад пароды, розных выдаткаў, але без уліку дастаўкі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю