Кожны метр — пад кантролем
Стан дарог, прычым не важна якіх — рэспубліканскіх, мясцовых або вулічнай сеткі, — гэта вельмі важны аспект жыццядзейнасці нашага грамадства. Гэта бяспека, камфорт і магчымасць без праблем дабрацца да аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. І самае важнае — гэта ў літаральным сэнсе шлях да развіцця інфраструктуры гарадоў і сельскіх населеных пунктаў. У нашай краіне адзначаецца інтэнсіўнае дарожнае будаўніцтва, на кантролі на вышэйшым узроўні — бягучы рамонт рэспубліканскіх магістраляў і мясцовай сеткі. І ўсё роўна якасць і рамонт дарог застаюцца тымі пытаннямі, якія часцей за ўсё абмяркоўваюцца ў грамадстве.

Гарачая лінія — «гарачыя» пытанні
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю за работай галін сферы матэрыяльнай вытворчасці Камітэта дзяржаўнага кантролю Алег КУНДЗЕЛЕЎ расказаў, што за адзін дзень, 12 мая, у Камітэт дзяржкантролю паступіла больш за 220 зваротаў, трэць з іх датычылася дарожнай тэматыкі — рамонту і ліквідацыі дэфектаў на рэспубліканскіх і мясцовых дарогах.
— Больш за ўсё пытанняў было па мясцовых дарогах у Мінскай вобласці, нараканні на стан рэспубліканскіх трас аказаліся адзінкавымі — іх фактычна можна пералічыць па пальцах, — удакладніў ён. — Адначасова сур’ёзную заклапочанасць у грамадзян выклікае стан асобных участкаў вулічна-дарожнай сеткі ў буйных гарадах. Да нас звярнуліся некалькі жыхароў Гомеля, Магілёва, Мазыра, Барысава і іншых населеных пунктаў. І ўсе з адной праблемай — нездавальняючы стан гарадскіх вуліц — такіх зваротаў было 80.
Нямала нараканняў выказваюць грамадзяне і з нагоды ўтрымання неасфальтаваных дарог у сельскай мясцовасці.
— Скардзіліся на несвоечасовае правядзенне прафілявання, на тое, што доўгі час не ўстараняліся такія нязначныя дэфекты, як ямы і выбоіны на пэўных участках дарог і вуліц. Некалькі зваротаў было наконт утрымання дваровых тэрыторый, — прывёў прыклады Алег Кундзелеў.
Уся паступаючая ад грамадзян інфармацыя сістэматызуецца камітэтам па тэматыках і рэгіёнах і накіроўваецца ў мясцовыя органы ўлады для вывучэння довадаў і вырашэння праблем.

30–50 % недахопаў ўстараняецца, як правіла, на працягу месяца, падзяліўся добрай навіной прадстаўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю. Аднак фінансавыя рэсурсы дарожнікаў досыць абмежаваныя, а гадавы фінансавы план уключае канкрэтныя аб’екты для рамонту, якія вызначаюцца ў першую чаргу зыходзячы з інтэнсіўнасці выкарыстання і ступені зносу. І калі на нейкай дарозе запланавалі змяніць від дарожнага пакрыцця, то трэба разумець, што гэты працэс не такі хуткі, якім яго звычайна ўяўляюць.
— За месяц тут не ўправіцца адназначна, — рэзюмуе Алег Кундзелеў.
Камітэт неаднаразова звяртаў увагу органаў дзяржаўнага кіравання на неабходнасць своечасовага рамонту маставых збудаванняў. Алег Мікалаевіч падкрэсліў, што гэта аб’екты павышанай небяспекі, і наяўнасць дэфектаў у іх могуць справакаваць аварыйныя сітуацыі:
— Такія выпадкі даволі рэдкія, але ўсё ж мелі месца ў Полацкім раёне на Віцебшчыне і ў Гомельскай вобласці.
Дапамагаюць эканоміць
Камітэтам дзяржкантролю фіксуюцца не толькі негатыўныя моманты, але і станоўчыя. У прыватнасці, гэта штогадовае нарошчванне аб’ёмаў рамонту і будаўніцтва дарог і мастоў, выкарыстанне палепшаных цэментабетонных тэхналогій, рэканструкцыя найважнейшых транзітных трас, а таксама ўдасканаленне дарожнага пакрыцця ў аграгарадках. Акрамя таго, Дзяржкантроль ініцыяваў некаторыя рашэнні, якія дапамагаюць у эканоміі сродкаў дарожнай гаспадаркі краіны.
— Па нашай прапанове былі скарэкціраваны і павялічаны планы па рамонце мастоў, — паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення. — Уведзена ведамаснае рэгуляванне арэнды дарожнай тэхнікі ў прыватных арганізацый, якое прадугледжвае ў тым ліку ўзгадненне, абгрунтаванне кошту і мэтазгоднасць прыцягнення гэтай тэхнікі. Спрошчана працэдура спагнання Транспартнай інспекцыяй даўгоў з парушальнікаў, якія не заплацілі ў бюджэт плату за праезд цяжкавагавага транспарту па аўтадарогах агульнага карыстання. Таксама ўкаранёны дэталёвы парадак прымянення рэгуляваных цэн у дарожным будаўніцтве на будматэрыялы, канструкцыі і іншыя неабходныя кампаненты.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА