Top.Mail.Ru

Для праходжання ЦТ 5 чэрвеня зарэгістраваліся амаль 30,9 тысячы абітурыентаў

5 чэрвеня прайшло тэсціраванне па другім профільным прадмеце. Яго ўдзельнікі здавалі гісторыю Беларусі, грамадазнаўства, хімію і фізіку — прадметы, якія неабходны для паступлення на такія спецыяльнасці, як юрыспрудэнцыя, паліталогія, журналістыка, сацыялогія, культуралогія і педагогіка. Хімія і фізіка — для тых, хто паступае на тэхнічныя, прыродазнаўчанавуковыя і медыцынскія спецыяльнасці.


На пляцоўцы ўніверсітэцкага гарадка БДУ, што на Ленінградскай, 8, апошнія тыдні шматлюдна. Выпускнікі гэтага і мінулых гадоў, абітурыенты, якія спрабуюць сябе паўторна, тоўпяцца ў асноўным каля вывешаных спісаў: у якім корпусе і якой аўдыторыі будзе праходзіць тэсціраванне па тым ці іншым прадмеце?

Экзаменаваных прымалі тры корпусы ўніверсітэта, у якіх размяшчаюцца юрыдычны, хімічны і фізічны факультэты. Абітурыенты хвалююцца, што могуць заблытацца, не знайсці патрэбны будынак. Але ім дапамагае валанцёр — студэнтка першага курса эканамічнага факультэта БДУ Арына. Разрульваць патокі ўсхваляванай моладзі ў яе атрымліваецца спрытна: адно пытанне, адзін адказ, і абітурыент ужо спяшаецца па зададзеным напрамку.

— Я хоць і заканчваю першы курс, але ўспаміны, як усё гэта праходзіла ў мяне, яшчэ жывыя, — дзеліцца дзяўчына. — Хваляванне і разгубленасць не лепшыя памочнікі на тэсціраванні. Таму ім патрэбна вось такая — хоць і невялікая, але дзейсная дапамога.

— У групе дзяжурных па забеспячэнні прапускнога рэжыму ў нас адпрацавалі 72 валанцёры, — расказвае прарэктар БДУ намеснік старшыні арганізацыйнай камісіі па правядзенні ЦЭ і ЦТ ва ўніверсітэце Віктар Кочын. — Агульная колькасць арганізатараў склала 796 чалавек, сярод іх — 120 настаўнікаў.

Арганізацыю працэсу ЦТ прарэктар БДУ ацэньвае станоўча.

— Усё, што датычыцца патрабаванняў па правядзенні тэсціравання, ужо адладжана і выконваецца: гэта і пітны рэжым, і рассадка, арганізацыя ўваходу і здачы рэчаў і многае іншае — для нас усё гэта ўжо стандартныя, адпрацаваныя маніпуляцыі, — кажа Віктар Кочын.

Што да парушэнняў падчас ЦЭ і ЦТ, то іх, па словах намесніка старшыні аргкамісіі, сёлета зафіксавана значна менш, чым у 2024-м.

— Парушэнняў не проста стала менш, — адзначае суразмоўца. — Яны адзінкавыя. Таму разглядаць іх як нейкую сістэмную рэч сёння не мае сэнсу. Парушаюць часам з-за няпамятлівасці, няўважлівасці. За два ЦЭ і адзін ЦТ у нас быў усяго адзін выпадак, калі мы выдалілі абітурыента за спісванне.

Пляцоўка каля карпусоў юрыдычнага і хімічнага факультэтаў БДУ паступова апусцела, да іспытаў заставалася дзесяць з невялікім хвілін, і моладзь праводзіла час да пачатку ЦТ ужо ў сваіх аўдыторыях. Заўважаем хлопца, які спяшаўся да пункта здачы. На хаду цікавімся: «Як настрой, якія планы?»

— Настрой баявы: не спазніўся — ужо добра, — гэтак жа на хаду адказвае ён. — А планы? Здаць на ўсе сто!

Мы ж нагадваем, што ўдзельнік ЦТ, які не з’явіўся на іспыт або вызвалены па ўважлівых прычынах, праходзіць яго ў рэзервовыя дні і (або) іншыя тэрміны. Рэзервовымі днямі для ЦТ вызначаны 19, 21, 23 чэрвеня. Зарэгістравацца на іх можна будзе з 9 да 12 чэрвеня.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю